Ігар Ільяш: Вызваленне палітвязняў адбудзецца з падзеннем рэжыму Лукашэнкі
Цяпер здымаецца поўнаметражная карціна, прысвечаная лёсу Кацярыны Андрэевай. Ці ведае сама журналістка за кратамі, што яна ўжо не толькі ўганаравана ордэнам, але і з’яўляецца гераіняй стужкі?
21-га траўня ў Варшаве, у гадавіну смерці Вітольда Ашурка, Медаль ордэна Пагоні ад Рады БНР уручалі не толькі брату Ашурка, але і сваякам ды сябрам іншых асуджаных у Беларусі па палітычных матывах. Сярод лаўрэатаў — палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева, якая плануе атрымаць узнагароду ў рукі адразу пасля вызвалення.
З мужам палітзняволенай Кацярыны Андрэевай, журналістам Ігарам Ільяшам «Р*дыё Р*цыя» пагутарыла пра тое, чаму важна, каб Кацярына атрымала ордэн асабіста ў рукі, чаму сваякам не варта асцерагацца надання статусу палітзняволенага праваабарончымі арганізацыямі і на якім этапе існавання рэжыму Лукашэнкі мажлівы перамены, у тым ліку поўнае вызваленне палітвязняў.
— 15-га траўня было 2,5 гады з моманту арышту і зняволення Кацярыны Андрэевай. Але ўжо 21-га траўня ў Варшаве ўручалі ордэн «Пагоні» Беларускай Народнай Рэспублікі. Сярод лаўрэатаў была Кацярына Андрэева, вы не змаглі быць. Якое ў вас адчуванне ў сувязі з гэтым уганараваннем?
— Са мной звязваліся наконт гэтай узнагароды, пыталіся, ці змагу я або хтосьці са сваякоў Кацярыны прыехаць на гэту імпрэзу. Я не мог, бо я невыязны, сваякі таксама па розных прычынах не маглі выехаць. Я папрасіў, каб узнагарода пакуль захоўвалася ў арганізатараў.
Я, канешне, хацеў бы, каб гэту вельмі ганаровую ўзнагароду Каця забрала асабіста праз пэўны час. У прынцыпе, я па той жа логіцы не забіраю некаторых узнагарод, бо я хачу, каб гэта ўсё ж адчула сама Каця, калі ёй уручаюць гэта ўсё, а не проста перадалі сваякі.
Пагадзіцеся, што гэта зусім іншае ўражанне для чалавека, я хачу, каб гэта захавалася для Каці. Што тычыцца самой узнагароды, то мы даведаліся пра гэта яшчэ на Дзень Волі, нам было абвешчана 25-га сакавіка. Канешне, гэта вялікі гонар для сям’і Каці і для самой Каці. Яна даведалася вельмі хутка пра гэту ўзнагароду, дзякавала, безумоўна. Для яе гэтае прызнанне вельмі важнае.
— Таксама, наколькі я ведаю, пра Кацярыну Андрэеву і Дашу Чульцову быў зняты фільм «У жывым эфіры». Стужка нават стала найлепшай на польска-чэшскім «ZOOM – ZBLIŻENIA». ЦІ бачылі вы ўжо гэты фільм? Ці ведае Кацярына, што яна ўжо не толькі ўганаравана ордэнам, але і з’яўляецца гераіняй стужкі?
— Фільм выйшаў, калі я не памыляюся, яшчэ восенню мінулага года. Сапраўды, ён быў адзначаны на некалькіх кінафестывалях. Я глядзеў, і сям’я Каці глядзела гэту стужку. У мяне вельмі прыемныя ўражанні, мне спадабалася. Безумоўна, і рэжысёрка гэта падкрэслівае, трэба ўсім разумець, што гэта не дакументальная рэканструкцыя тых падзей.
Я, хоць і прысутнічаў падчас тых падзей, падчас стрыму з «Плошчы Перамен», у адрозненне ад Дар’і Чульцовай, не магу сказаць, што там не адпавядала праўдзе, я ведаю праз расказы Каці, што некаторыя рэчы выглядалі не так. Але гэта той выпадак, калі мастацкае асэнсаванне можа быць больш удалым для разумення персанажа, для разумення Каці, чым дакументальная рэканструкцыя.
У некаторых момантах мне спадабалася, што за кошт мастацкага асэнсавання больш раскрылі асобу Каці, чым гэта было б, калі б усё адпавядала таму, як гэта выглядала падчас стрыму. Таму ў мяне вельмі добрыя ўражанні ад гэтай стужкі, і Каця, безумоўна, ведала. Яна ведала яшчэ на этапе падрыхтоўкі, напісання сцэнара, ёй усё пра гэта распавядалі. Яна ведала, хто выконвае ролю яе прататыпа ў кіно.
Апроч таго, Мара Тамковіч зараз здымае і поўнаметражны фільм. Кароткаметражны фільм быў прысвечаны менавіта гэтаму стрыму з «Плошчы Перамен». Поўнаметражная карціна будзе прысвечана нашаму з Кацяй лёсу, як мы перажывалі гэтыя падзеі.
Зноў жа, гэта будзе мастацкае асэнсаванне, а не дакументальная рэканструкцыя. Гэта будзе стужка, натхнёная нашай гісторыяй. Каця таксама пра гэта ведае, і, канешне, для яе гэта вельмі прыемна і вельмі важна.