Хронікі рэпрэсій за 25 траўня
Новыя «экстрэмісцкія фармаванні», папаўненне ў «экстрэмісцкім спісе», правакацыя супраць Марыі Калеснікавай, суды і затрыманні.
У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні» і папаўненне ў «экстрэмісцкім спісе»
Так, сярод новых «экстрэмісцкіх фармаванняў» — «Fundacja «Reka Wielkej Pomocy» і «Кадровый резерв для Новой Беларуси». Яны ўнесеныя ў адпаведны спіс на падставе рашэнняў КДБ.
Да таго ж прызнаная «экстрэмісцкай» суполка «Виктор Бабарико» ў «Аднакласніках». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Барысаўскага раёна 17 траўня. Гэта першая старонка штабу палітыка ў сацсетках, прызнаная «экстрэмісцкай».
Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:
- Telegram чаты і каналы «Дзённік экстрэміста», «Розочка», «Чат канала Инсайдер», «Боевая Организация Анархо-Коммунистов»;
- Суполкі ў «Аднакласніках» «Беларусь политическая», «Радыё Свабода», «Новы час», «Жыве Беларусь», «Светлана Тихановская», «УХОДИ ЛУКАШЕНКО», «Беларускі нацыянальны кангрэс»;
- Youtube-старонка «Татьяна Мартынова»;
- Старонка ў Instagram «cbshelp Цэнтр Беларускай Салідарнасці».
У гомельскай калоніі зладзілі правакацыю супраць Марыі Калеснікавай
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Марыі Калеснікавай, якая вярнулася з медчасткі, хтосьці падсыпаў таблеткі ў яе ёмістасць з кавай. Пасля ў камеры зладзілі ператрус: супрацоўнікі калоніі знайшлі таблеткі і адправілі Марыю ў ШІЗА.
У Маскве затрыманая сямейная пара з Беларусі, якая запусціла ў неба сцяг супраць вайны з Украінай
У Маскве 22 траўня затрымалі сямейную пару з Гомеля, якая запусціла шары са сцягам легіёну “Свабода Расіі». Гэта грамадзянін Беларусі з жонкай.
“Люстэрка” паведамляе, што грамадзянін Беларусі з жонкай «прыехалі да сажалкі ў Паўночным Чартананава на Camry, дасталі з багажніка шары, муж іх запусціў, а жонка здымала на тэлефон. Пасля гэтага пара хутка знікла з месца».
Навучэнцаў аграрнага каледжа ўзялі пад варту на Брэстчыне
У Высокаўскім аграрным каледжы былі паказальна заключаныя пад варту двое навучэнцаў, якіх падазраюць у знявазе дзяржаўных сімвалаў Беларусі (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Санкцыю на затрыманне зачытаў пракурор Камянецкага раёна ў прысутнасці навучэнцаў.
Як паведаміла Генпракуратура, у ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што 18-гадовы жыхар аграгарадка Войская Камянецкага раёна разам з 19-гадовым жыхаром Жабінкі ў начны час з 14 на 15 траўня 2023 года сарвалі тры дзяржаўныя сцягі, устаноўленыя на фасадах установы адукацыі, гандлёвага аб'екта і аддзяленні паштовай сувязі ў Войская. Паведамляецца, што маладзёны былі нібыта ў стане алкагольнага ап’янення. Распачата крымінальная справа.
Праваабаронцам cтала вядома імя аднаго з затрыманых: гэта ўжо асуджаны па палітычнай крымінальнай справе 19-гадовы Елісей Кузняцоў. На момант здзяйснення «злачынства» Елісею было 16 гадоў.
Палітзняволены Уладзімір Гундар аглух у карцары
Уладзімір Гундар стаў дрэнна чуць у апошні дзень 7-дзённага знаходжання ў карцары, паведамляюць праваабаронцы.
Пасля таго, як Гундар выйшаў з карцару, палітвязня стала ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова.
Выкліканы лекар даў яму цытрамон і ібупрафен, абяцаў выклікаць лора. Аднак дагэтуль невядома, ці наведаў палітвязня спецыяліст.
Пакаранне карцарам Гундару было вынесена яшчэ ў першы дзень красавіка за тое, што не так паклаў на шконку падушку. Але на працягу месяца яго туды не адпраўлялі з-за адсутнасці вольнага месца.
Нагадаем, палітзняволены Уладзімір Гундар асуджаны агулам на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па 4 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Разгляд апеляцыйнай скаргі па апошнім прысудзе адбудзецца 6 чэрвеня.
У Мінску затрымалі двух братоў — Дзяніса і Дзмітрыя Петухаў
З'явілася інфармацыя пра затрыманне 26-гадовага Дзяніса Петуха і 31-гадовага Дзмітрыя Петуха. Учора раніцай да іх прыйшлі сілавікі, зрабілі ператрус і забралі тэхніку.
Папярэдне, хлопцы знаходзяцца ў ІЧУ ў чаканні суда.
У Наваполацку сёння затрымалі 10 чалавек
Сярод затрыманых сілавікамі — трое супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Як стала вядома «Позірку», раніцай 23 траўня ў Наваполацку і Полацку затрымалі вядучага выкладчыка кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў ПДУ Алену Храмцову, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі і турызму ПДУ Віктара Чараўко і супрацоўніцу рэпазітарыю Лідзію Зуеву.
«Алену Храмцову абвінавачваюць у падпісцы на тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу». Ёй інкрымінавалі артыкул 19.11 КоАП ("Распаўсюджанне экстрэмісцкай інфармацыі"), акрамя таго, яе аб'явілі сведкам па крымінальнай справе і на гэтай падставе правялі ператрус з адабраннем тэхнікі.
29 і 30 сакавіка прайшлі затрыманні супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, частка з іх адбылі адміністрацыйныя арышты, у тым ліку неаднаразовыя, на 15 і больш сутак.
Арыштаваных у межах адміністрацыйных спраў наваполацкіх медыкаў перавялі ў СІЗА Віцебска
Папярэдне, гаворка не ідзе пра крымінальныя справы. Такія пераводы практыкуюцца, бо «ўмовы ўтрымання ў Віцебску нашмат горшыя».
Раней з'явілася інфармацыя, што хірург Міхаіл Пачкоўскі і уролаг Павел Стальмакоў арыштаваныя на 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі».
Загадчыца аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева была арыштаваная на 10 сутак таксама за «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі», а фельчарка хуткай дапамогі Наталля Первянёнак арыштаваная на 10 сутак за «несанкцыяванае пікетаванне». Вядома, што апошнюю судзілі за ўкраінскі сцяг на аватары ў сацсетцы.
Спецыяліст УГД Ала Стальмакова, у якой двое дзяцей, аштрафаваная на 100 базавых (3700 рублёў) за «несанкцыяванае пікетаванне».
Затрыманні медработнікаў адбыліся пасля ўцечкі інфармацыі пра экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыку, які быў дастаўлены з калоніі ў бальніцу.
Беларуску аштрафавалі на 2590 рублёў за бел-чырвона-белыя навагоднія шары — з канфіскацыяй «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння».
Суддзя Чашніцкага раённага суда аштрафавала мясцовую жыхарку, якая мае двух непаўнагадовых дзяцей, за распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыі» на сваёй старонцы ў «Аднакласніках», а таксама за фотаздымак «навагодніх шароў, афарбаваных у БЧБ сцяг».
Суддзя палічыла гэты фотаздымак «пікетаваннем з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў, без адпаведнага дазволу адміністрацыі раённага выканаўчага камітэта».
Агулам жанчыну асудзілі да 70 базавых (2590 рублёў) з канфіскацыяй «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння».
Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго беларуса, які вырашыў вярнуцца ў краіну
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што адразу пасля праходжання мяжы быў затрыманы мужчына, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь.
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту, а пасля ў адным з тэлеграм-чатаў «абмяркоўваў пытанні правапарадку».
Яшчэ адзін асуджаны за ўдзел у пратэстах 2020 года
Руслана Мяцельскага асудзілі за ўдзел у пратэснай акцыі на два з паловай гады «хатняй хіміі». Такое рашэнне прыняў суд Савецкага раёну Мінска.
30 сакавіка Руслана Мяцельскага асудзілі паводле ч. арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Аляксандр Воўк прызначыў Руслану два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях у Мінску ў 2020 годзе і ў выхадзе на праезную частку. Ён цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.
«Фатаграфаваўся з
палотнішчам бел-чырвона-белага колеру»
У судзе Партызанскага раёну Мінска асудзілі Дзяніса Давыдава па «народным» артыкуле — ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Аляксандр Супічэнка прызначыў Дзянісу тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Мужчыну таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Дзяніса апазналі па фотаздымках у Facebook, якія сілавікі знайшлі ў забраным тэлефоне. На фота ён знаходзіцца на пратэснай акцыі і трымае ў руках беларускі нацыянальны сцяг. Дзяніс ураджэнец Расійскай Федэрацыі, грамадзянін Беларусі, мае вышэйшую адукацыю.