«Чаму акцыі беларусаў у эміграцыі павінны быць пра надзею, а не пра слёзы і смутак?»
21 траўня беларусы ва ўсім свеце выйшлі на акцыі салідарнасці з палітвязнямі. У Вільні сабраліся на Кафедральнай плошчы, дзе вядучая мерапрыемства на першых хвілінах абвясціла прысутным «дзень болю, слёз, смутку». Былая супрацоўніца Офіса Святланы Ціханоўскай менеджарка Анастасія Касцюгова таксама была там, а пасля напісала для k*ky.org, чаму танальнасць беларускіх акцый трэба мяняць — са смутку на надзею.
«Побач
стаялі былыя палітвязні — са здзіўленнем на твары»
Думаю, гэты пост закране нейкую колькасць людзей, а я як класічная беларуска, вядома ж, не хачу нікога закранаць, — піша Настасся Касцюгова. — Але чарговы раз нічога не сказаць — ужо таксама не магу. У Вільні была акцыя ў падтрымку палітвязняў. Гэта была сумная акцыя, як і многія такія акцыі. Не, яна была сумная не таму, што падстава сумная. Я зараз раскажу, чаму.
Я тут дазволю
сабе ацаніць гэта чыста як івэнт, адна з задач якога — масавасць. Каб людзі ў
эміграцыі, якія ўжо дэпалітызуюцца або ў працэсе дэпалітызацыі, вярталіся і
ўносілі свой уклад. Каб нас станавілася больш. Каб гэты рух быў чымсьці,
часткай чаго адкрыта хочацца быць.
Для таго, каб гэта
адбывалася, ад нашых дзеянняў павінна зыходзіць энергія, якой можна
падсілкавацца і ў нешта паверыць. На такіх акцыях хочацца бачыць і адчуваць
надзею, а не смутак і безнадзейнасць. Не можа быць энергіі там, дзе некалькі
разоў настойліва далі зразумець, што ўсміхацца нельга, што сёння Дзень слёз, а
не ўсмешак. Не можа быць энергіі там, дзе з драматычнай, фактычна пахавальнай
інтанацыяй кажуць пра тое, якія мы ўсе ахвяры і якія палітвязні таксама
ахвяры. Я не ведаю, адкуль увогуле гэта думка, што ўсе палітвязні, седзячы ў
турме і ўяўляючы акцыі ў іх падтрымку, хочуць бачыць вось такіх асоб і
чуць вось такія інтанацыі. Я думала пра сваю маму (палітзняволеную Валерыю Касцюгову. — «НЧ».), калі б яна гэта ўбачыла, і
мне вельмі лёгка ўявіць яе здзіўленне. Побач стаялі былыя палітвязні з сапраўды
такім жа здзіўленнем на твары.
Людзі, якія
запарыліся, арганізавалі гэтыя акцыі і цалкам выдатную інсталяцыю з торбамі —
гэта выдатныя людзі, дзякуй ім. Напрыклад, я ведаю Волю Гарбунову, якой шчыра
захапляюся, Воля дзіўная жанчына. Я ведаю адну з выступоўцаў, Волю Зазулінскую,
фонд якой дапамог зрабіць жыццё маёй мамы ў турме прасцей. Упэўнена, там былі
і іншыя добрыя людзі, якія ні ў якім разе не павінны чытаць гэта,як прэтэнзію
асабіста да сябе. І гэты тэкст не пра тое, што нам не патрэбны акцыі ў падтрымку
палітвязняў, яны вельмі патрэбны.
Час мяняць
інтанацыю. Вядучая мерапрыемства, якое хацелася б бачыць масавым, не можа
забараняць людзям усміхацца.
Усвядомленая або
неўсвядомленая маніпуляцыя пачуццём віны публікі за тое, што людзі не выйшлі з турмаў
у 2020-м, не прывядуць ні да чаго, акрамя таго, што ў наступны раз прыйдзе
менш людзей.
Месцамі пачынала
здавацца, што некаторыя выступоўцы ўжо шкадуюць нават не палітвязняў, а саміх
сябе. Гэта можа быць крыўдна чытаць. Я не забараняю людзям сумаваць і
смуткаваць, я сама сумую і плачу, гэта цалкам нармальна. Але смутак і сум не могуць быць часткай стратэгіі прыцягнення людзей. Людзі ідуць туды, дзе энергія і
надзея.
«Але людзі ў
турмах паміраюць, які ты хочаш пазітыў, Насця?»
Так, так, я ўжо чую гэты каментар загадзя. Нічога пазітыўнага ў тым, што людзі паміраюць, паверце, я не бачу. Святкаваць з гэтай нагоды не прапаную.
Але давайце ўжо расстанемся з гэтай памылкай, што тэма палітвязняў не можа быць звязана са
станоўчымі эмоцыямі. Гэтыя людзі захапляюць. Гэтыя людзі яшчэ і жартуюць з-за
кратаў. Гэтыя людзі пішуць казкі, апавяданні, малююць. Многія з іх трымаюцца
куды лепш за нас з вамі і куды менш шкадуюць сябе. Гэтыя людзі вераць. І ім
усім нашмат складаней, чым нам, для іх стаяць пад адкрытым небам на плошчы — пакуль
недаступная мара. І яны чакаюць ад нас не трагізму. Яны чакаюць ад нас энергіі,
здольнасці аб'ядноўваць вакол сябе людзей і дзейнічаць. І не, ніхто з іх не
асудзіць вас, калі вы ўсміхняцеся.
Таму: дарагія мае сябры-крэатыўшчыкі, івэнтары,
капірайтары, прадзюсары, арт-дырэктары і іншыя выдатныя творчыя людзі, я ведаю,
вы гэта ўбачыце. Давайце мы зробім нейкую супольнасць, чат ці масонскую
ложу, дзе будзем добрым людзям дапамагаць арганізоўваць грамадска важныя
мерапрыемствы. Дапамагаць ствараць сэнсы, візуал, рэжысуру івэнту і вось гэта
вось усё — мы з вамі ведаем, што гэта скіл. І яго трагічна не хапае. Урэшце,
гэта нам усім самім жа і трэба.