Добрыя справы робяцца ціха — але ўсё яшчэ робяцца

Нягледзячы на тое, што дзяржава душыць любыя праявы салідарнасці, беларусы працягваюць дапамагаць адно аднаму. І гэта тое, што нас трымае.

Не толькі кепскае здараецца з беларусамі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Не толькі кепскае здараецца з беларусамі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

На фоне штодзённых навін пра затрыманні, прысуды, небяспечныя рассылкі і вайну здаецца, што вакол не адбываецца нічога добрага. Але гэта не так. «Медыязона» спытала ў беларусаў з розных куткоў краіны, якія добрыя падзеі здарыліся ў іх жыцці за апошні час — там знайшлося месца і салідарнасці.

Імёны герояў змененыя.

Дар'я, Магілёўская вобласць

Збіраюся ехаць у Польшчу да сяброўкі, якая ўжо пару гадоў як у эміграцыі вымушана. Закупляюся беларускімі прысмакамі. У фірмовай краме «Красного пищевика» накупіла ўсяго, яна папрасіла навінак. Увогуле даволі вялікі пакет сабраўся. Дзяўчаты на касе пытаюцца: «А вам куды столькі?» Я расказваю, што сяброўцы ў эміграцыі вязу прысмакі з радзімы. Прадавачкі сталі распытваць, што як, Грузія ці Польшча, і ў выніку перадалі самі яшчэ пакет нейкіх новых мармеладак — проста так, з салідарнасці, ад сябе.

Святлана, Мінск

Зайшла зімой у краму ў гандлёвым цэнтры, прымяраю шапку. Мне мала што падыходзіць звычайна, я шапкі амаль не нашу, а тут вось проста як на мяне яна. Вельмі захацелася купіць. А ў мяне толькі картка, наяўных амаль не нашу. Палезла ў кашалёк — рубля не хапае. У гэты момант мне тэлефануе сястра. Ну я ёй і кажу: «Вось, шапку класную знайшла, але купіць не магу, не хапае рубля». І ўжо збіраюся выходзіць з крамы, як мяне спыняе нейкая пакупніца і дае мне рубель: «Вось, вазьміце, гэта дробязь, зрабіце сабе прыемна». Я ёй, вядома, дзякую, а яна мне адказвае: «Беларусы адно аднаму з 2020 года яшчэ і не так дапамагаюць». Мне, канешне, аж на душы лягчэй стала.


Глядзіце таксама

Алена, Мінск

Мне давялося з'язджаць з краіны. Калі без падрабязнасцей, то быццам бы не гарэла, але прыйсці маглі ў любы момант. Давялося ў экстраным парадку прадаваць і раздаваць усё тое, што было нашым у здымнай кватэры. А там была і мэбля, і халадзільнік высокі, і пральная машына — хапала рознага барахла.

Адзін мой сябар працуе ў краме бытавой тэхнікі, у іх там ёсць і машына, і грузчыкі. Дамовілася з ім, што мне дапаможа, а я і яму, і хлопцам-грузчыкам заплачу. І вось яны мне развезлі мэблю па сябрах, тэхніку — бацькам, прыстойна так паездзілі па горадзе. Цяжкі халадзільнік на пяты паверх цягнулі, сталы нейкія. Я напрыканцы паездкі пытаюся ,што я ім вінная. Ён адказвае: «Я табе потым скажу, нам палічыць трэба». Ну, думаю, ок, там жа ў іх тарыфы, у залежнасці ад паверху, на які рэчы падымалі, і гэтак далей. Тэлефаную яму праз дзень, а ён кажа: «Мы з хлопцамі параіліся і вырашылі, што, з улікам абставінаў, нічога ты нам не вінная, гэта бясплатна ўсё было». Я, шчыра кажучы, нават расплакалася.

Максім, Магілёў

Да таго затрымання ў 2022 годзе я дапамагаў аднаму хлопчыку з цяжкім захворваннем сабраць грошы на лекі і рэабілітацыю. Дзяцей з такім дыягназам вельмі мала ў Беларусі, і пасля 2020 года так выйшла, што ўвага да такіх дзяцей згасла. Не тое, што пра іх усе забыліся, але, напэўна, ім стала менш дапамогі паступаць, таму што ў краіне з'явіліся і палітвязні, і пацярпелыя. Я вельмі быў уключаны ў яго гісторыю, хоць гэта было цяжка, таму што там праўда няпроста гэтаму малому, ён цяжка хворы. Калі я выйшаў, аказалася, што патрэбная сума сабраная, дзіця з бацькамі атрымала рэабілітацыю ў іншай краіне і цяпер яго стан нават стабілізаваўся. Ён мне нават малюнак намаляваў у падзяку за ўдзел у яго зборах. Пакуль толькі — па зразумелых прычынах — не можам сустрэцца.


Глядзіце таксама

Кацярына, Мінск

У мяне было сумоўе ў анлайн-гіпермаркет, дзяўчына-менеджарка размаўляла па-беларуску. Не падбіраючы словы, вельмі так чыста, добра. Прыемна было пачуць беларускую мову ў Беларусі. Здаецца, цяпер яна часцей гучыць за мяжой, а ў Беларусі размаўляць на ёй — практычна пікет.

Дзмітрый, Магілёўская вобласць

Уладальнікі адной з мясцовых кавярняў арганізавалі ў сябе выставу тутэйшых мастакоў. Вось ужо трэцяя экспазіцыя нядаўна адкрылася. Быў на адкрыцці — клас! Народу шмат, жывая музыка, размовы, людзі танчаць. І гэта без грама алкаголю на сталах. А кажуць, у Беларусі ўсё заглухла. Для нашага мястэчка, між іншым, вялікая падзея. Можна бясплатна прыйсці, паглядзець карціны і кавы выпіць. Гаспадыня кавярні ўжо ў мясцовым жывапісе разбіраецца, можа расказаць усё пра карціны.

На адной карціне быццам як жаданні загадваюць. Пытаюся: «А як? Яе ж не пацярэш». А яна адказвае: «А вы з ёю пагаварыце».

Цалкам пачытаць гісторыі салідарнасці можна тут.