«Магчымасцяў тут адназначна болей». Беларускія падлеткі — пра жыццё ў Польшчы

Многія палітэмігранты вымушана пакінулі Беларусь разам з дзецьмі. Асабліва складана разрыў сувязей перажываюць падлеткі — на радзіме ў іх звычайна ўжо склалася сяброўства. Выданне MOST паразмаўляла з беларускімі падлеткамі ў эміграцыі пра адаптацыю, адносіны з аднагодкамі і інтарэсы.

1848924099_0_257_2730_1793_1920x0_80_0_0_d69d8a62d1699f71d058f3e05a2fd6f6.jpg

«Ад калекцыі не засталося амаль нічога»

Ягор (тут і далей імёны змененыя) пераехаў у Польшчу амаль два гады таму. Хлопец расказвае, што эміграцыя для яго не была вельмі моцным стрэсам. Шмат сяброў таксама цяпер у Польшчы, а падобныя зацікаўленасці дапамагаюць не страціць кантакт.

— Сярод палякаў шукаць сяброў не асабліва імкнуўся, бо быў вельмі не ўпэўнены ў сваім узроўні мовы. Аднак апошнім часам адчуваю, што ён дастатковы для таго, каб спакойна і не напружваючыся весці гутарку. Таму паціхеньку нейкія не сябры, але прыяцелі з’яўляюцца.

Збольшага кантактую з сябрамі, з якімі знаёмы яшчэ з Беларусі. Адзінае, што, каб пабачыцца, трэба на цягнік траціць грошы.

Адным з маіх найважнейшых хобі да прыезду ў Польшчу было ўтрыманне макрыц і іншых членістаногіх у хатніх умовах. У мяне была пэўная калекцыя відаў і морфаў (замацаваная генетычна нестандартная афарбоўка; можна лічыць нечым падобным да парод у катоў і сабак). Пасля пачатку эміграцыі хобі развівалася, бо ў новай краіне крыху іншая біяразнастайнасць. А пазней паціхеньку згасала, і на актуальны момант ад калекцыі не засталося амаль нічога.

«Можна набыць тое, пра што ў Беларусі я мог толькі марыць»

Другое захапленне Ягора — гістарычная рэканструкцыя, звязаная з грамадзянскай вайной у ЗША. Хлопец расказаў, што зацікаўленасць у ёй значна ўзрасла з эміграцыяй.

— Значны плюс у тым, што ў Еўропе ёсць доступ да поўнапамерных рэалістычных рэплік зброі таго часу — канешне, такіх, каб 100% не выстраліла, ды і порах я туды не кладу. У Беларусі такія або не прадаюцца, або каштуюць у два разы даражэй.

Магчымасцяў для мяне ў Польшчы адназначна болей. Тут рынак беспазваночных і рэчаў для рэканструкцыі куды шырэйшы. Набыць можна тое, пра што ў Беларусі я мог толькі марыць. Тут ужо ўзнікае пытанне не магчымасцяў, а жадання.

Мерапрыемствы я наведваю збольшага адукацыйныя. Хаджу на адкрытыя лекцыі ў бліжэйшы ўніверсітэт або езджу на арганізаваныя дыяспарай. Часам наведваю культурныя мерапрыемствы накшталт гукання вясны.

Ягор адзначае, што эміграцыя ў гэтым плане нічога не змяніла: лекцыі замянілі курсы і заняткі, а ў культурных мерапрыемствах недахопу не адчувалася і ў Беларусі.


Глядзіце таксама

«Тут лягчэй і прыемней вучыцца»

Ганна ў Польшчы два гады, за гэты час паспела пажыць у двух гарадах. Дзяўчына дзеліцца, што падчас адаптацыі бывала цяжка. Надзеі і натхнёнасць змяняліся расчараваннем і смуткам, рукі апускаліся, падымалася трывога.

— Мае інтарэсы [ў эміграцыі] асабліва не змяніліся, хутчэй пачалі раскрывацца і развівацца. Зразумела, што вельмі люблю гісторыю, філасофію і культуру. Мяне супакойвае музыка і сачыненне песень. Мае песні не раз дапамагалі мне ісці далей і нагадвалі пра тое, хто я і што мне рабіць. Граю ў школьным тэатры, што дапамагае мне раскрыцца ў польскім асяроддзі. Шчыра люблю размаўляць з незнаёмымі людзьмі і вучыцца на сваім гуманітарным профілі.

Ганна адзначае, што ў Польшчы адчувае нашмат больш магчымасцяў — тут шмат цікавых мерапрыемстваў у ліцэі, а на беларускіх пляцоўках можна арганізоўваць свае выступы.

— Тут лягчэй і прыемней вучыцца. Больш часу на самастойную працу, напрыклад на вывучэнне моў. Адсюль лягчэй будзе паступаць за мяжу і ўдзельнічаць у розных праграмах.

«Прагаманілі з польскімі жанчынамі цэлую гадзіну, разам рагаталі з польскіх цягнікоў»

Дзяўчына расказала, што адносіны з аднагодкамі ў яе цудоўныя. Сярод сяброў як беларусы і ўкраінцы, так і палякі.

— Вядома, было дастаткова боязна заводзіць знаёмствы, але я працягваю рабіць малыя крокі, каб знайсці сваіх людзей і адчуваць сябе добра.

Ганна ўспамінае адно падарожжа польскай чыгункай:

— Наш цягнік спазняўся на дзве гадзіны, і мы ўскочылі ў іншы. У ім апынулася шмат людзей у такім жа становішчы. Сярод іх — тры цудоўныя дарослыя жанчыны, з якімі мы прагаманілі цэлую гадзіну — на польскай мове, — стоячы проста ў тамбуры. Гэта было вельмі блізка, адкрыта і родна, быццам мы сапраўды былі знаёмыя. Абмеркавалі нават іх дзяцей і ўнукаў. Часам да размовы далучаліся іншыя людзі, і мы ўсе разам рагаталі з польскіх цягнікоў і іх спазненняў.


Глядзіце таксама

«Не стасуюся з палякамі ўвогуле»

Мацей жыве ў Польшчы амаль два гады, да гэтага год жыў ва Украіне.

— Перажываў [пераезд у Польшчу] адносна добра, у тым плане, што для мяне змянілася не так шмат і да пераездаў я ўжо звык. Галоўнае было — свой пакой.

Паглыбіцца ўва штосьці і забыць пра рэальнае жыццё з яго праблемамі вельмі дапамагаюць хобі. Мае хобі часта змяняюцца. Звычайна максімум некалькі месяцаў магу ў штосьці паглыбляцца. Зараз гэта ролевыя настольныя гульні (D&D, GURPS). Да іх трэба шмат рыхтавацца, але ў выніку атрымліваецца як кіно, што крута. Адзін час шмат гуляў у шахматы. Да гэтага яшчэ больш проста ў камп’ютар. Актыўна чытаю, зараз перачытваю Гары Потара.

Я заўсёды падстройваюся пад сітуацыю, таму не магу сказаць, што нейкая краіна дае больш магчымасцяў. Хаця тут ёсць беларускі хаб, дзе арганізоўваецца шмат цікавостак, пра якія б дома нават не думаў. А тут вось ёсць магчымасць у іх паўдзельнічаць.

Хлопец расказаў, што сярод мерапрыемстваў, якія ён наведвае, у асноўным працяглыя ініцыятывы, напрыклад гістарычны курс з Уладзімірам Арловым і падлеткавы клуб.

— Кожная ініцыятыва прысвечаная сваёй тэме, што файна, але ўсе яны пабудаваныя на кантэксце эміграцыі. У Беларусі наведваў некаторыя падобныя (напрыклад гістарычны курс), але не больш. Не было нейкай базы для цікавых сустрэч, ды і мне было не да таго. Зараз, з часам, жадання наведваць нешта ўсё менш — не ведаю, ці гэта звязана з адаптацыяй (маўляў, з часам трэба менш менавіта беларускіх ініцыятыў), ці проста са зменай прыярытэтаў.

Стасункі з палякамі Мацей пакуль не пабудаваў.

— Не стасуюся з палякамі ўвогуле, бо вучуся анлайн. Але я знайшоў вельмі шмат знаёмых сярод беларусаў, чаму вельмі рады. Усе яны вучацца ў польскіх школах, але мы сустракаемся на базе розных ініцыятыў (падлеткавы клуб, D&D-клуб) і там вельмі добра бавім час.