Жанчыны, старыя і дзеці: класічны набор ворагаў стабільнасці
У Савецкім Саюзе за кінутую ў «вечны агонь» сурвэтку (і жуйку) не сталі б нават выключаць з піянераў. А ў сённяшняй Беларусі — крымінальная справа.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_dzeci___sport___aktyunasc___momant__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
А вы ведаеце, як выглядае моцная, упэўненая ў сабе стабільнасць, якая перамагла? Вы, напэўна, думаеце, што яна выглядае як сем гадоў пенсіянеру за неасцярожныя лайкі? Ці як шматдзетная маці, якую трэці раз не выпусцілі з турмы, пасля таго, як яна адседзела ўвесь тэрмін? Ці як пустая кватэра экстрэмісцкай прыналежнасці, якую «красаўцы» спачатку завалілі смеццем, а потым апячаталі? Таму што, заваленая смеццем, кватэра адпавядае ўяўленням «красаўцаў» пра прыгожае.
Дык вось не. Гэта раней стабільнасць так выглядала, піша ТГ-канал «Лісты да дачкі». А з тых часоў стабільнасць моцна вырасла ў сваіх вачах. І ўпэўненасці ў заўтрашнім дні ў яе дадалося. Таму цяпер стабільнасць выглядае як два падлеткі 15 гадоў, якіх арыштавалі і якім пагражае па шэсць гадоў турмы за тое, што яны кінулі ў «вечны агонь» сурвэтку. (і жуйку).
Глядзіце таксама
![Як Лукашэнка помсціць палітзняволеным жанчынам, адбіраючы дзяцей «Твая маці цябе кінула». Дзеці як інструмент ціску на палітзняволеных жанчын](/img/v1/images/01000000_c0a8_0242_42cd_08dc3ee9ca61_w2395_n_r0_st_s_d2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1716022585&w=660)
Таму што гэта вы думаеце, што яны кінулі ў «вечны агонь» сурвэтку. (і жуйку). А ў вачах стабільнасці яны здзейснілі «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак ... і адрозніваюцца выключным цынізмам».
І, што характэрна, адразу ж відаць, што пракурор, які выставіў абвінавачанне, нездарма вучыўся на юрфаку. Вось калі б ён дарма вучыўся на юрфаку, то прад'явіў бы абвінавачанне па частцы першай. А гэта звычайнае хуліганства — і да трох гадоў. А ён вучыўся нездарма. Таму ўстанавіў, што свае «наўмысныя дзеянні» дзеці здзейснілі «групай асоб». А гэта ўжо злоснае хуліганства, частка другая. Да шасці.
Вось для ўстанаўлення гэтага факта адны «красаўцы» не паленаваліся правесці аператыўную працу і следчыя дзеянні. А іншыя «красаўцы» потым жа не палянуюцца зладзіць суд.
Хоць у Савецкім Саюзе, які сведкі стабільнасці рэгулярна пераймаюць, за кінутую ў «вечны агонь» сурвэтку (і жуйку) не сталі б нават выключаць з піянераў. У найгоршым выпадку абышлося б размовай з бацькамі ў дырэктара. Хоць пра што гэта я? Адкуль у піянераў у Савецкім Саюзе ўзяліся б сурвэткі і жуйка? А калі б раптам, узяліся, то дурняў няма выкідваць іх у «вечны агонь».
Глядзіце таксама
![Святлана Ціханоўская зладзіла вылазку ў святую прастору беларускага тэлевізара «Нават у тэлевізары беларускія красаўцы ўмеюць ваяваць толькі з уяўным праціўнікам»](/img/v1/images/photo_2024_02_24_16_23_40_logo.jpg_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
А ўсё чаму «красаўцы» цяпер так стараюцца? Таму што жанчыны і старыя для «красаўцаў» — гэта ўжо пройдзены этап. Абараняць стабільнасць ад экстрэмісцкіх лайкаў жанчын і старых «красаўцы» за чатыры гады навучыліся. А вось дзеці пакуль застаюцца малаахопленай барацьбой за стабільнасць катэгорыяй насельніцтва.
Ну, гэта значыць, абараняць стабільнасць ад дзяцей «красаўцы» і раней не саромеліся. У «красаўцаў» няма такой маральнай опцыі, каб саромецца. Але ўсё-ткі раней кінутая дзецьмі ў «вечны агонь» сурвэтка (і жуйка) стабільнасці не пагражала. А цяпер пагражае.
Таму што стабільнасць стабільна рухаецца да новых узроўняў стабільнасці. А, як вы ведаеце, па меры ўмацавання стабільнасці барацьба за стабільнасць будзе толькі абвастрацца.
Таму жанчын і старых для стабільнасці ўжо мала. Стабільнасць дабіралася да дзяцей.
Жанчыны, старыя і дзеці — такі класічны набор ворагаў стабільнасці, якіх змагары за стабільнасць умеюць перамагчы. Звязвацца з крыху больш узброеным супернікам змагарам за стабільнасць было б, вядома, не пажадана. Таму што крыху больш узброены праціўнік можа ж і адказаць. А яно ім трэба?