Хронікі рэпрэсій. Ператрус у бацькой Крысціны Ціманоўскай, за «шпіянаж» схапілі грамадзянку Літвы

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 23 траўня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1.png

21 траўня ў Віцебскім абласным судзе вынеслі прысуд Сяргею Высоцкаму. Суддзя Аляксандр Абашын прызнаў яго вінаватым паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і прысудзіў яго да 3,5 гадоў калоніі і 16000 рублёў штрафу.

Мужчыну прызналі вінаватым у «прыгатаўленні ва ўваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці». Астатнія падрабязнасці невядомыя: суд праходзіў у закрытым рэжыме.

У бацькоў лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскайпрайшоў ператрус. Спартсменка балатуецца ў Каардынацыйную раду, супраць усіх кандыдатаў у Беларусі заведзеная крымінальная справа.

«У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сям'і, звычайнай правінцыйнай сям'і, дзе тата ўсё жыццё працаваў пажарнікам, а маці супрацоўнікам банка», — сказала Ціманоўская.

«Калі ў следчага камітэта ёсць пытанні да мяне, то я запрашаю іх у свой новы дом на ператрусы і размовы», — дадала яна.

За шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы Алену Романаўскіене— ураджэнку Беларусі, супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» у Друскеніках.

Судовы працэс над Аленай у закрытым рэжыме пачнецца 3 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе. Жанчыну абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1 КК РБ). Ёй пагражае ад трох да сямі гадоў калоніі.

Кіраўнік вытворчасці Conte затрыманы за «нацысцкую агітацыю» — ён павесіў на працоўным месцы «Нет войне» і «Слава производству! Героям слава!» Паводле звестак «Нашай Нівы», затрыманы — Сяргей Кусонскі.

 

Глядзіце таксама

Сілавікі затрымалі мужа і жонку з Брэста Аляксандра і Кацярыну Сергіевіч, паведамляе «Медыязона». У іх ёсць васьмігадовая дачка.

Маму Кацярыны раней асудзілі за «абразу Лукашэнкі». Пасля яе затрымання жанчына звярнулася па кансультацыю да праваабаронцаў — за гэта ёй ставяць у віну «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Да Аляксандра прыйшлі з-за ўдзелу ў пратэстах.

У судзе Ленінскага раёну Мінска 9 красавіка асудзілі Дзіяну Арлову паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Марына Клімчук прызначыла Дзіяне 3,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») і штраф 200 базавых велічыняў (8000 рублёў).

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна ў некалькіх тэлеграм-чатах і каналах «абразіла» Лукашэнку, былога начальніка ГУБАЗіКа Карпянкова, начальніка ІЧУ на Акрэсціна Кенюха, старшыню Савета Рэспублікі Качанаву, былога міністра МЗС Уладзіміра Макея, старшыню КДБ Івана Церцеля і іншых чыноўнікаў.

За «экстрэмізм» затрыманы Язэп Дулеба, колішні партыец Беларускага Народнага Фронту. У 1990-я ён кіраваў віцебскай гарадской партыйнай структурай, аднак у пачатку 2000-х адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі падтрымліваў Віктара Бабарыку, быў затрыманы падчас пратэстаў у 2020 годзе.

3 траўня яго імя з'явілася ў спісе «экстрэмісцкіх фарміраванняў» — ён нібыта мае дачыненне да праекту «FreeInfoBel». 7 траўня ён быў затрыманы ў Віцебску. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак за «экстрэмісцкія» падпіскі, а потым перавялі ў віцебскі СІЗА.


Глядзіце таксама

Затрымалі мінскага настаўніка гісторыі. На відэа хлопец кажа, што нібыта быў падпісаны на «Люстэрка» ў тэлеграме. Сілавікі сцвярджаюць, што яму таксама прыйшла рассылка ад чат-бота плана «Перамога»  Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што замест адміністрацыйнай адказнасці за «распаўсюд экстрэмізму» настаўніку пагражае крымінальная адказнасць.

У Гомелі знік палітвязень, унесены ў «спіс тэрарыстаў». Пошукава-выратавальны атрад «Сімуран» паведаміў аб пошуку 23-гадовага гамяльчаніна Аляксандра Вітухноўскага. Яго даныя цалкам супадаюць з інцыяламі і ўзростам палітвязня Аляксандра Вітухноўскага.

Аляксандр быў асуджаны мінулай восенню ў Гомельскім абласным судзе паводле трох артыкулаў: арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 130 КК (распальванне варожасці ці варажнечы). Які тэрмін прысудзілі Вітухноўскаму, невядома.

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да заснавальніка клінікі «Новы Зрок» Алега Каўрыгіна — яго збіраюцца судзіць завочна. 55-гадоваму Алегу інкрымінаваныя 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Мінску.

У Мінскім гарадскім судзе 20 траўня распачаўся суд над 38-гадовым аператарам АНТ Антонам Казельскім. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы), а таксама паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).

Былы сукамернік палітвязня, з якім яны разам адбывалі адміністрацыйны арышт на Акрэсціна, распавёў падрабязнасці затрымання Антона: «З таго, што Антон распавядаў: яго ўзялі за каментары з заклікамі выходзіць на вуліцу. Хоць сам ён нікуды не хадзіў, за што з яго асобна смяяліся сілавікі, маўляў, «канапавы герой».


Глядзіце таксама

Палітвязня Юрыя Касцюка збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Юрыя, якога восенню 2022 года таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь, асудзілі да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пяць месяцаў ён утрымліваўся ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускім.

Касцюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі абвінавачвання, Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы ад BYSOL і By_help, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя». Сам Юрый на судзе віну не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.

У Оршы 27 адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Іна Кохава.

Доступ да сайта povestka.оrg абмежаваны па пастанове пракурора Брэсцкай вобласці. Пракуратура піша, што сайт нібыта парушыў закон аб СМІ, а менавіта «на партале публікавалася інфармацыя, якая прапагандуе спосабы ўхілення ад выканання воінскага абавязку».

На самім жа сайце сказана, што яны прапануюць пошук менавіта законных падставаў па вызваленні ад службы ў войску.

У Беларусі 11 новых палітвязняў:Юрый Ваўчкевіч, Дзяніc Нікіта, Сяргей Шэх, Сяргей Мельнікаў, Юрый Томашаў, Павел Макаранка, Канстанцін Біч, Сяргей Кунашэнка, Дзмітрый Першын, Лілія Касценіч, Аляксандр Камлёнак. У спісе «Вясны» цяпер 1402 палітычных зняволеных.

Святар Павел Лемех выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту. Нагадаем, айца Паўла затрымалі разам з іншым святаром — айцом Анджэем Юхневічам, які таксама служыць у Шуміліне. Айцу Анджэю прысудзілі 15 сутак арышту — гэты тэрмін сканчваецца 23 траўня. Акрамя таго, судзілі адну з парафіянак — за падпіску ў сацсетцы на «экстрэмісцкую» старонку, яе пакаралі штрафам.