Хронікі рэпрэсій за 24 траўня: За «падрыхтоўку дыверсій» двух мужчын асудзілі да 21 і 23 гадоў
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 42 чалавекі — цяпер у ім 4100 прозвішчаў. Франака Вячорку пачнуць завочна судзіць 31 траўня.
Папаўненне «Спісу экстрэмістаў»
24 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
МУС дадало яшчэ 42 чалавекі. Сярод іншых, у спіс дадалі трыятланістку Валянціну Зелянкевіч, аўтарку лозунгу «Стоп таракан» Людмілу Барэйку, асуджанага за «здраду дзяржаве» Ягора Краўчэню, палітвязня Ігара Чарнавусава, якога асудзілі за стварэнне чату і падтрымку Украіны.
Франака Вячорку пачнуць завочна судзіць 31 траўня
Завочны суд у дачыненні да галоўнага дарадцы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, шматгадовага апазіцыйнага дзеяча Франака Вячоркі пачнецца 31 траўня а 10:30.
Працэс у Мінскім гарадскім судзе будзе весці суддзя Валянціна Зянькевіч, вядомая вынясеннем палітычна матываваных прысудаў, у прыватнасці, у 2023 годзе па «справе tut.by».
35-гадоваму палітыку інкрымінавана дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
За «падрыхтоўку дыверсій» у Гродне да 21 і 23 гадоў асудзілі двух мужчын
У Гродзенскім абласным судзе з 26 лютага ў закрытым рэжыме за «падрыхтоўку дыверсій» судзілі беларуса Вадзіма Пацэнку і грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Аляксея Кулікова. Іх абвінавачвалі агулам па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). 11 красавіка Валер Раманоўскі агучыў прысуд. Вадзіма Пацэнку асудзілі да 21 года калоніі, а Аляксея Кулікова — да 23 гадоў зняволення.
Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску, а Пацэнка заявіў «аб наяўнасці ў яго дзеяннях палітычнай падаплёкі», паведамляюць праўладныя Telegram-каналы, нягледзячы на тое, што суд быў закрыты.
У рэдактара Аляксандра Корнышава зноў правялі ператрус і распытвалі пра «Витебский курьер news»
Рэдактар інтэрнэт-выдання Аляксандр Корнышаў з лістапада 2020 года жыве ў замежжы.
23 траўня сілавікі прыйшлі з ператрусам па месцы яго рэгістрацыі ў Віцебску — у кватэру бацькоў, дзе даўно няма ніякай маёмасці журналіста.
«Сказалі, што будуць шукаць у кватэры «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю», але нічога не знайшлі. Распытвалі, якая ў мяне ёсць маёмасць».
Мінчука арыштавалі за БЧБ-фіранкі па скарзе «неабыякавага грамадзяніна»
Згодна з пастановай суда, апублікаванай на сайце pravo.by, у судзе Першамайскага раёна Мінска 26 красавіка разглядзелі справу Вячаслава С. паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яго абвінавацілі ў пікетаванні бел-чырвона-белымі фіранкамі на акне кватэры. Суд прызначыў яму 3-сутачны арышт.
Вячаслаў абскардзіў пастанову суда, адзначыўшы, што доказы яго віны адсутнічаюць. Таксама на судзе даў паказанні сведка, які патлумачыў, што «расфарбоўка фіранак не ўтрымлівае чырвоных і белых колераў». Акрамя гэтага, паводле матэрыялаў справы, праверка «правапарушэння» пачалася пасля скаргі невядомага чалавека ў міліцыю.
У выніку скаргу Вячаслава пакінулі без задавальнення, а рашэнне суда — без зменаў.
Палітвязню Аляксандру Гашнікаву хочуць узмацніць пакаранне
Аляксандр — супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне.
Яго затрымалі 18 верасня 2021 года па справе «Рабочага руху». Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 года была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых.
У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Аляксандра вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 14 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае свой тэрмін у наваполацкай калоніі № 1.
Стала вядома, што ў судзе Наваполацка 28 траўня разгледзяць справу аб узмацненні палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Віталя Лапко Аляксандра могуць перавесці на турэмны рэжым.
У Беларусі затрымалі «тэрарыстаў», якія спадзяваліся перабрацца ў Германію
У Беларусі затрымалі «тэрарыстаў», якія спадзяваліся перабрацца ў Германію. Цяпер жа іх чакае экстрадыцыя на радзіму — у Таджыкістан, дзе будзе суд, піша Еўрарадыё саа спасылкай на тэлеграм-канал сілавікоў.
Сцвярджаецца, што затрыманыя двое членаў арганізацыі «Джамаат Ансарулох» (яна ўваходзіць у склад тэрырыстычнай «Ісламскай Дзяржавы»), члены якой здзейснілі тэракт у Расіі ў «Крокус Сіці Хол». Затрыманне праводзіў ГУБАЗіК. Пэўны час замежнікаў шукалі ў РБ — інфармацыя пра іх была атрыманая ад спецслужбы Таджыкістана і ФСБ РФ. Разам з тэрарыстамі затрымалі людзей, якія абяцалі дапамагчы ім нелегальна патрапіць у ЕС.
На відэа сілавікоў відаць, што затрыманне адбылося ў кватэры. У ім удзельнічалі байцы САХР.
Пазней стала вядома, што затрыманым па 23 гады. Яны падазраюцца ў падрыхтоўцы да тэрактаў у Таджыкістане. Іх ужо перадалі праваахоўнікам з Таджыкістана.