Праваабаронца Алена Маслюкова: «Буду далей працягваць сваю працу»
Супраць светлагорскай праваабаронцы Алены Маслюковай распачалі спецвытворчасць — яе збіраюцца судзіць завочна. Ёй інкрымінаваныя ч. 1, ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Светлагорскі раённы аддзел Следчага камітэта 23 траўня распачаў супраць Маслюковай спецыяльную вытворчасць нібыта за садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Праваабаронцу Алену Маслюкову запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне следчага камітэту па Гомельскай вобласці.
Каментуючы дзеянні следчых, Алена Маслюкова адзначыла «Вясне», што інфармацыяй пра сутнасць абвінавачання яна не валодае.
“Сёння я даведалася аб тым, што ў адносінах да мяне распачалі так званую спецыяльную вытворчасць. Скажу, што ніякіх паведамленняў, што ўзбуджаная крымінальная справа я не атрымлівала. Быў ліст, дзе напісалі, што была прыпыненае папярэдняе следства, а потым, у красавіку, што следства адноўленае зноў. Ніякай інфармацыі больш не паступала. А сёння вось дведалася пра ўзбуджэнне спецыяльнай вытворчасці.
Ну як на гэта рэагаваць? Калі ў краіне не да законаў, то можна рабіць усё, што заўгодна, але гэта не азначае, што яны мяне зламаюць, ці прымусяць рабіць не тое, чым я займалася. Я працавала ў праваабароне і буду далей працягваць сваю працу”.
У гэтыя дні Алена Маслюкова прымае ўдзел у Кангрэсе па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause, які адбываецца ў Празе.