Рэкет у пагонах. Супрацоўнік крымінальнага вышуку кіраваў бандай, якая рабавала дальнабойшчыкаў
КДБ затрымаў супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС і ўдзельніка палітычных рэпрэсій капітана Міхаіла Згірскага. Міліцыянера абвінавачваюць у кіраўніцтве бандай налётчыкаў, пра затрыманне якой на днях адрапартавалі сілавікі, піша «Наша Ніва».
У справаздачы Міністэрства ўнутраных спраў ад 20 мая 2024 года расказваецца пра затрыманне пяці жыхароў Оршы. Яны абкрадалі фуры на стаянках па ўсёй Беларусі.
Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзломвалі замок грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам — ад тэхнікі да харчавання, — і з'язджалі з месца злачынства. Скрадзенае потым прадавалі ў Расіі або карысталіся ім самі.
Гаворыцца пра шэсць эпізодаў, а таксама згадваецца выкарыстанне рацый і балаклаў.
Але гэта няпоўная інфармацыя, якая прыхоўвае тонкі момант.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», схопленыя аршанскія ўдзельнікі банды пасля затрымання выдалі асобу іншага саўдзельніка, які і зрабіў схему магчымай — праз свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі.
Як выявілася, кіраўнік банды налётчыкаў — 27-гадовы капітан Докшыцкага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Згірскі не толькі даводзіў ўдзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.
У кватэры Згірскага знайшлі іншую, адрозную ад табельнай, зброю, якая фігуравала ў заявах пацярпелых. А таксама адзенне з арыенціровак і балаклаву.
Сам Згірскі родам з блізкага да Оршы Талачына і нібыта даўно знаходзіўся ў адносінах з крыміналізаванымі землякамі.
Крымінальная справа знаходзіцца на асаблівым кантролі у кіраўнікоў МУС, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхілены ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да крыміналу.
Адразу пасля затрымання Згірскага ў раёне нават замянілі міліцэйскае начальства.
Варта таксама адзначыць, што Згірскі прымаў удзел у палітычных рэпрэсіях, затрымліваючы невінаватых грамадзян за ўдзел у акцыях пратэсту і выказванне нязгоды з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.