Злівы даных ад «Кіберпартызанаў» — наколькі гэта правамерна і апраўдана?
Калі дзяржава не можа абараніць сваіх грамадзян, грамадзяне вымушаныя абараняцца самі. Але якімі могуць быць доўгатэрміновыя наступствы такой сітуацыі?
Узлом баз даных і адказнасць. Неправавыя метады як вымушаны інструмент і прававая рамка. Абнародаванне персанальных даных і грамадскі інтарэс. Як выкарыстоўваць прававыя прынцыпы неабходнасці і суразмернасці ў журналісцкай практыцы. «Media IQ» пагаварылі з кандыдатам юрыдычных навук, эксперткай «Беларускага хельсінскага камітэта» Кацярынай Дэйкала.
— «Кіберпартызаны»выклалі запампаваную базу зваротаў на сайце КДБ. Яе адразу назвалі «базай даносаў». Але там шмат сапраўды зваротаў, да прыкладу, аб пошуку інфармацыі пра сваякоў. Наколькі правамернае апублічванне такіх даных?
— З пункту гледжання агульнай прававой рамкі такія дзеянні парушаюць права на павагу прыватнага жыцця, могуць закранаць і іншыя правы. Усе звароты людзей павінны быць абароненыя, і іх персанальныя даныя не павінны быць апублікаваныя. Так, у Еўрасаюзе дзейнічае «Агульны рэгламент па абароне даных» (GDPR — General Data Protection Regulation). У Беларусі таксама прыняты закон аб абароне персанальных даных, напісаны шмат у чым на аснове еўрапейскага рэгламенту, але зразумела, што ў цяперашніх умовах ён працуе вельмі выбарачна. Але наогул агульнапрыняты прававы стандарт абыходжання з персанальнымі данымі на сёння прадугледжвае згоду чалавека на апрацоўку персанальных даных, пэўныя ўмовы іх захоўвання і абыходжання з імі і адказнасць таго, хто імі аперуе, за невыкананне ўсяго гэтага.
Таму, паводле агульнага правіла, любы ўзлом базы, атрыманне чужых персанальных даных і іх апублічванне — гэта неправамернае дзеянне, што парушае правы людзей, чые даныя апублічаныя.
Гэта зыходная лінія, першы базавы тэзіс, які важна разумець.
Але, на жаль, бываюць сітуацыі, якія выводзяць нас па-за межы прававой рамкі. Часам з-за сукупнасці фактараў, у тым ліку, калі чалавек пазбаўлены самой дзяржавай усіх сродкаў прававой абароны, даводзіцца здзяйсняць неправамерныя дзеянні.
Нашы абставіны выглядаюць так, што людзі не могуць дамагчыся справядлівасці іншым спосабам па віне самой дзяржавы. Дзяржава пазбавіла нас права ўдзельнічаць у дзяржаўных справах, уплываць на палітыку ў сваёй краіне і карыстацца прававымі інструментамі для абароны сваіх інтарэсаў. І, больш за тое, не проста пазбавіла, але жорстка пераследуе і рэпрэсуе за спробы гэта зрабіць. Дзяржава не выконвае свае абавязацельствы па прыцягненні да адказнасці вінаватых за здзяйсненне грубых і масавых парушэнняў правоў чалавека, тым самым таксама парушаючы нашы правы. У такой сітуацыі ў людзей узнікае натуральнае жаданне абараніцца і дамагчыся хоць нейкай справядлівасці, бо дзяржава не выконвае сваю функцыю.
Для пазаправавых дзеянняў у такіх выпадках з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт часта выкарыстоўваецца спецыяльны тэрмін — «лічбавы вігілантызм».
Наогул гэта тычыцца не толькі такой сітуацыі як наша, гэтая з'ява ёсць і ў нармальных прававых дзяржавах, калі людзі лічаць, скажам, што афіцыйнае правасуддзе неэфектыўнае. Калі коратка і вельмі папулярна, вігілантызм, у прынцыпе, гэта сучасная форма свайго кшталту сумесі з вендэты і дзеянняў Робін Гуда. У нашай канкрэтнай сітуацыі, калі казаць юрыдычнай мовай, такія дзеянні часткова з'яўляюцца крайняй неабходнасцю. Кажу «часткова» — таму што не ўсё ў рамках гэтых дзеянняў.
«Мы павінны старацца мінімізаваць шкоду для людзей»
— Як працаваць з базамі, асабістай і адчувальнай інфармацыяй у рамках прававога поля ў такіх сітуацыях, як наша?
— Другі базавы тэзіс: нават калі мы вымушаныя дзейнічаць неправавымі метадамі па віне дзяржавы, гэта не значыць, што ў нас развязаныя рукі цалкам і мы можам рабіць усё, калі гаворка ідзе пра патэнцыйную шкоду для людзей.
Наогул і ў нармальных умовах у выпадку правамерных дзеянняў у тым жа GDPR прапісаны мэты, дзеля якіх можна ў той ці іншай меры адступіць ад агульных правілаў апрацоўкі персанальных даных: у тым ліку публічны інтарэс, мэты журналісцкай дзейнасці, Што часта звязана паміж сабой.
У выпадку з дзеяннямі, якія выходзяць за прававое поле, сапраўды таксама павінна прысутнічаць рамка, якая будзе стрымліваць. Наогул у праве ў многіх выпадках, калі прадугледжаны адыход ад агульнага правіла, выкарыстоўваюцца крытэрыі (або прынцыпы) неабходнасці і суразмернасці. Умоўная «неабходная самаабарона» — неабходная, а не любая; «крайняя неабходнасць» — крайняя, а не любая. Логіка любых выключэнняў у сітуацыях, якія могуць закранаць правы чалавека, заснавана на гэтых прынцыпах, выключэннях GDPR у тым ліку. Таму што гэтыя крытэрыі дазваляюць вымераць неабходнасць і разумна растлумачыць мэту — навошта і чаму нам трэба адысці ад агульнага правіла. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе балансаваць правы некалькіх суб'ектаў, калі яны сутыкаюцца.
Калі мы вымушаныя дзейнічаць неправавым чынам, то мы тым больш павінны старацца мінімізаваць шкоду, у якой не было неабходнасці, і імкнуцца максімальна пазбегнуць любой шкоды для людзей, якія не вінаватыя і не датычныя. Важна сувымяраць мэту і сродкі.
Безумоўна, гэта не заўсёды атрымліваецца, але гэта важна трымаць у галаве і імкнуцца пазбягаць неапраўданай шкоды для чалавека.
Напрыклад, публічны інтарэс — гэта тое, што важна для грамадства і для яго дабрабыту (well-being). Захаванне правоў чалавека, вядома, сюды ўваходзіць, але і справядлівасць, і пакаранне за злачынствы — таксама.
У сувязі з гэтым зразумелая неабходнасць раскрываць і апублічваць інфармацыю пра тое, што зрабілі сілавікі, і пра іх саміх. Мы, груба кажучы, прыцягваем іх да адказнасці і такім чынам уключаем механізмы самарэгулявання, таму што дзяржава адмаўляецца гэта рабіць.
Але ці так неабходна раскрываць, напрыклад, персанальныя даныя іх сем'яў, жонак/мужоў і дзяцей? Для чаго? Яны прычым да катаванняў, якія ён/яна здзяйснялі?
Зразумела, што з пункту гледжання грамадства гэта можа ўспрымацца як частка аднаўлення справядлівасці і публічнай цікавасці — неабходнасць іх публічнага грамадскага асуджэння. Каб гэтым людзям стала некамфортна. Але тут тым больш важны баланс, тут усё такое — «на тоненькага». Яны ў любым выпадку не могуць адказваць за тое, што здзейснілі іх сужэнцы ці бацькі. Зноў жа, ці варта публікаваць адрасы ўласнасці, нумары і маркі машын, нумары тэлефона? Гэта ўсё вядзе да непатрэбнай радыкалізацыі і ўзмацнення градусу супрацьстаяння.
Калі ёсць чалавек, у яго сітуацыі не можа быць ніякіх абагульненняў.
Як гаворыцца, д'ябал у дэталях, заўсёды ёсць нюансы. І калі мы перастаем разбірацца ў нюансах: ён катаваў, а яго жонка павінна вісець у гэтай базе, таму што ў яе такі муж..., то рана ці позна можа здарыцца сітуацыя, што хтосьці не разбярэцца ў дэталях у дачыненні да нас.
Гэтае правіла працуе безадмоўна.
Тое самае і з «базай даносаў» КДБ: неабходнасць даведацца, хто даносіць у сітуацыі, калі любое траплянне да сілавікоў (нават на ўмоўныя адны суткі) можа скончыцца катаваннямі і жорсткім абыходжаннем з чалавекам, шкодай здароўю і жыццю — можна растлумачыць грамадскай цікавасцю. Але вось апублічванне ўсяго астатняга — дакладна не.
Часта можна пачуць аргумент, што «мы на вайне» і «на вайне ўсе сродкі добрыя». Але на вайне таксама ёсць правілы. Мы ж заклікаем не расстрэльваць ваеннапалонных, не бамбіць грамадзянскія аб'екты. Тое, што бакі сёння часта не выконваюць гэтыя правілы, не азначае, што іх няма. Гэта азначае, што па іх мераюць паводзіны, проціпраўнасць і будуць даваць прававую ацэнку, калі ўзнікне такая неабходнасць.
Логіка, па якой людзі лічаць, што яны не звязаныя ніякай рамкай наогул і змагаюцца з крывавым рэжымам Лукашэнкі любой цаной, не бачачы чалавека, блізкая да бальшавіцкай.
Нельга не думаць пра пабочныя эфекты для недатычных людзей: каму можа быць нанесена шкода ў выніку тых ці іншых дзеянняў.
Відавочна, што немагчыма наогул пазбегнуць непатрэбнай і «лішняй» шкоды. На жаль. І хтосьці ўсё роўна будзе «выпадковымі» ахвярамі гэтай барацьбы, але задача ў тым, каб імкнуцца максімальна мінімізаваць такія сітуацыі.
«Мы павінны думаць пра доўгатэрміновыя наступствы гэтых дзеянняў»
— У чым небяспека для будучыні Беларусі, пабудовы прававой дзяржавы з'яўленне такога кшталту інфармацыі ў адкрытым доступе?
— Важна выконваць баланс. З аднаго боку, мы маем неправамернае дзеянне, якое можам растлумачыць неабходнасцю і публічнай цікавасцю. З іншага боку, мы заўсёды павінны думаць стратэгічна — пра доўгатэрміновыя наступствы такіх дзеянняў.
Людзі, якія выкладваюць даныя ў сеціва, могуць не думаць пра такія наступствы, але ёсць людзі, якія ў грамадстве адыгрываюць іншую ролю — юрысты, праваабаронцы, — якія павінны ўтрымліваць у грамадстве гэты баланс. Я б сказала, гэта іх абавязак. Калі мы гаворым пра правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці, калі мы будуем прававую дзяржаву і сыходзім ад аўтарытарызму, хочам нейкай трансфармацыі грамадства, то мы не можам не гаварыць пра шкоду, якая наносіцца людзям у сувязі з публікаваннем запампаваных баз даных. Інакш дзіўна заяўляць пра еўрапейскую нацыю, дэмакратычную Беларусь, пра імкненне да дэмакратыі, гаварыць пра вяршэнства права і ўсё іншае, што рэгулярна дэкларуюць людзі з дэмсупольнасці. Гэтыя ўсе дэкларацыі прадугледжваюць не толькі свабоду, але і адказнасць перад грамадствам, якое мы хочам пабудаваць.
Важна дакладна аддаваць сабе справаздачу ў тым, да якіх доўгатэрміновых наступстваў можа прывесці непатрэбная радыкалізацыя і ўзмацненне супрацьстаяння ў грамадстве, правакацыя гвалту, здзяйсненне дзеянняў, якія спрыяюць самасуду (а публікацыя усялякіх адрасоў і іншага да гэтага таксама адносіцца).
Гэта толькі адпусці — і потым не збярэш. Дзяржава і так ужо адпусціла гэтую планку дашчэнту. Калі дадасца з іншага боку тое самае — грамадству можа быць нанесена яшчэ большая шкода. Чым даўжэй працягваецца радыкалізацыя і чым вышэй верагоднасць прымянення гвалту, тым больш верагоднасць адкрыцця скрыні Пандоры, адгалоскі якога дададуцца да ўсёй «спадчыны 2020», і разграбаць гэта потым будзе вельмі цяжка.
Нават калі мы адыдзем ад гвалту і радыкалізацыі. У пабліках няма размоў пра доўгатэрміновыя наступствы такіх дзеянняў вось у якім аспекце: базы ўзломваюцца, але там жа не толькі звесткі сілавікоў і чыноўнікаў — «вінаватых».
Узламаная база «Пашпарт». Там даныя ўсіх нас. І ўзнікае простае пытанне: хто мае доступ да гэтых даных, у якіх умовах яны захоўваюцца, як гэта спыніцца? Нават калі, умоўна, людзі, якія гэта робяць, скажуць нам, што, як толькі прыйдзе да ўлады дэмакратычны ўрад, мы спыняем сваю дзейнасць, мы больш нічога не ўзломваем, нават знішчым усе даныя, якія выцяклі, ці ёсць нейкая гарантыя? Хто яе дасць? І цяпер людзі жывуць з тым, што інфармацыя пра іх знаходзіцца невядома дзе: у Інтэрнэце, у чыімсьці камп'ютары. Колькі людзей маюць доступ да нашых пашпартных даных? Хто гарантуе бяспеку нашых даных, запампаваных падчас барацьбы з рэжымам?
Гэта хаця б павінна дэкларавацца, прагаворвацца з боку тых, хто гэтым займаецца.
Не бачыла, каб хоць адно медыя, хоць адзін журналіст_ка задавалі гэтыя пытанні. Гэта таксама сфера публічнай цікавасці і адказнасці. Яшчэ якая. Пра гэта трэба гаварыць, каб людзі чулі і трымалі ў галаве ўсе гэтыя нязручныя пытанні.
Цалкам інтэрв'ю з Кацярынай Дэйкаламожна прачытаць тут.