Прадстаўнік BelPol: «Кіберпартызаны» працягнуць здабываць адчувальную для рэжыму інфармацыю
Беларусы працягваюць іранізаваць над Камітэтам дзяржбяспекі, які настолькі прафесійны, што не можа схаваць уласную інфармацыю ад «Кіберпартызанаў». Нядаўна тыя выклалі ў інтэрнэт «базу даносаў» за дзевяць гадоў, спампаваную наўпрост з грознага сайта ведамства. КДБ дагэтуль ніяк не пракаментаваў уласны правал.
Былы следчы і супрацоўнік BelPol Андрэй Астаповіч падзяліўся меркаваннем на актуальную тэму. Людзей, якія пісалі звароты ў КДБ, ён дзеліць на тры ўмоўныя групы: беларусы ўнутры краіны, за яе межамі (яны даносяць на тых, хто жыве за мяжой) і замежныя грамадзяне, якія даносяць на беларусаў.
— Ёсць даносы і на нашых супрацоўнікаў — у 2020-2021 гадах на іх даносілі суседзі. Ёсць, дарэчы, адзін данос на Лукашэнку. Наогул, ёсць камічныя моманты, а ёсць вельмі сур'ёзныя, — цытуе Астаповіча «Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Свабода Premium».
З апублікаваных 40 тысяч зваротаў не ўсе даносы. У былога следчага пацікавіліся, наколькі этычна публікаваць усю інфармацыю, нават са звесткамі тых, хто пісаў не даносы.
— Гэта вельмі вялікі аб'ём інфармацыі. Здабыць такога роду інфармацыю, перапрацаваць яе і выкладваць, напрыклад, па частках, тут ужо пытанне: мы змагаемся ці не змагаемся? У нас не так шмат дэмакратычных структур, якія паказваюць вынік.
Адвучыць людзей ад такіх даносаў — добры паказчык (апублікавання ўсёй інфармацыі). Людзі будуць разумець, што ў любы момант «Кіберпартызаны» могуць узламаць тую ці іншую базу даных, і будзе паказана, што чалавек пісаў, яго адрас і іншыя звесткі. Гэта сур'ёзны момант, які можа стрымліваць лукашыстаў.
Здабытая «Кіберпартызанамі» інфармацыя, лічыць Астаповіч, для многіх важная.
— Тыя, хто знаходзяцца ў Беларусі, могуць паглядзець, ці даносяць на іх, ці даносчык іх сусед, каб разумець, з кім можна мець зносіны, а з кім — не. Для тых, хто выехаў, таксама важна паглядзець, хто даносіць у іх краіне, і забяспечыць сабе бяспеку. Гэта важна і для бяспекі краін Еўропы: на аснове гэтай базы можна дадаткова забяспечыць бяспеку сваёй краіны.
Таксама важна, што разам з гэтай базай даных, «Кіберпартызаны» зрабілі сістэму распазнання асоб КДБ. Калі за чалавекам хтосьці сочыць, ён можа даслаць фатаграфію ў бот, і яму дадуць адказ, ці супрацоўнік КДБ гэты чалавек.
Яны (супрацоўнікі КДБ) не могуць абараніць сябе: сваю службу і сваіх супрацоўнікаў. Каго яны спрабуюць абараніць у дзяржаве?
Паводле слоў Андрэя Астаповіча, дзейнасць «Кіберпартызан» — вынік таго, як «павёў сябе адсталы ў тэхналогіях рэжым, і што ён пачаў рабіць з айцішнікамі»:
— Душыць, выдвараць з краіны. Людзі адказалі тым, што яны гатовыя аб'ядноўвацца і даваць адпор гэтаму рэжыму ў тых навыках, у якіх яны моцныя.
І замест таго, каб песціць спецыялістаў такога
ўзроўню, яны іх разагналі, знішчылі IT-сектар у Беларусі — і вось вынік. КДБ,
ААЦ не могуць гэтаму процідзейнічаць, і ўцечкі пастаянна адбываюцца. І
здабываць такую інфармацыю будуць і далей.