Не жылі багата — няма чаго і пачынаць!
Шырока вядомая показка пра тое, яе праўнучка дзекабрыста, пабачыўшы рэвалюцыю ў 1917-м, усхвалявана пацікавілася, чаго хочуць рэвалюцыянеры. І ёй адказалі: «Каб не было багатых». «Эх — расчаравалася яна, — мой прадзед хацеў, каб не было бедных». Кіраўнік Беларусі — сапраўдны выхадзец з СССР, і таму ён таксама расчараваў бы тую праўнучку.
Лукашэнка дагэтуль лічыць, што для вясёлых моладзевых святаў дастаткова аднаго гармоніка. Падчас наведвання Касцюковіч яму задалі пытанне, як ён ставіцца да выпускных, якія «ператвараюцца ў шоу на лімузінах і з наведваннем забаўляльных устаноў».
«Да таго, пра што вы сказалі, стаўлюся вельмі негатыўна. Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — кампаніяй, калектывам. Патанчаць, сустрэнуць світанак. Гэта вельмі важна», — сказаў ён і ў кантэксце выпускных згадаў, што нельга «дапускаць расслаення».
«А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна», — заявіў ён і канешне ж, даручыў узяць «на жорсткі кантроль» правядзенне выпускных. Займацца гэтым будуць члены ўрада і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
Па-першае, ва ўсім свеце бацькі будуць толькі задаволеныя, калі іх дзеці, скончыўшы школу, будуць не швэндацца па вуліцы, узяўшыся за ручкі, а паедуць у спецыяльна прызначанае завядзенне, каб адзначыць заканчэнне школы. Там больш бяспечна, прынамсі. Па-другое, калі нам «нельга падтрымліваць» імкненне людзей да лепшага жыцця — то што нам яшчэ падтрымліваць? І гэта, канешне, не пра лімузіны для школьнікаў, аднак жыць лепш, чым жылі іх бацькі — гэта натуральнае жаданне маладых людзей. І не дзіўна, што цяпер найбольш таленавітыя і перспектыўныя з іх імкнуцца навучацца за мяжой. Бо, «дзякуючы» нашаму правадыру шмат беларусаў аказаліся за мяжою. І выявілася, што атрымаць еўрапейскую адукацыю не так ужо і цяжка, і не так дорага каштуе ў параўнанні з тымі ж айчыннымі вну.
Ну а тое, што чальцы ўраду і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта будуць персанальна назіраць за правядзеннем выпускных… А што ім яшчэ рабіць?
Можна было б адправіць іх на вырашэнне праблемы дэфіцыту знешняга гандлю? Бо імпарт тавараў працягвае расці апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з экспартам. Экспарт у першым квартале вырас на 1,05% да 9,825 млрд долараў. Імпарт пры гэтым павялічыўся на 2,75% да 10,76 млрд долараў. То-бок, дэфіцыт замежнага гандлю склаў 934 млн долараў, што на 24,8% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Але кіраўнік дзяржавы лічыць, што на вырашэнне сур’ёзных праблем у яго падначаленых мазгоў не хопіць. Іх узровень — выпускныя. Менавіта так трэба разумець ягоныя словы.
Рэйтынгавае агенцтва Moody's правяло паўторную ацэнку прымальнасці крэдытных рэйтынгаў Беларусі. Па яе выніках бягучыя рэйтынгі былі пацверджаны на ўзроўні «С».
Moody's па-ранейшаму разглядае выплаты па еўрааблігацыях у нацыянальнай валюце ў якасці дэфолту. Таксама ў справаздачы гаворыцца, што гэты рэйтынг «адлюстроўвае абмежаваную здольнасць Беларусі абслугоўваць свой абавязак ва ўмовах узмацнення жорсткасці санкцый у адказ на падтрымку ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну. Moody's чакае, што санкцыі нанясуць доўгатэрміновы ўрон эканоміцы і дзяржаўным фінансах, бо падтрымка з боку Расіі толькі часткова кампенсуе іх уздзеянне, што прывядзе да вельмі высокай рызыкі дэфолту па бягучых і будучых выпусках даўгавых абавязацельстваў, у той час як гандлёвая і фінансавая залежнасць Беларусі ад Расіі мае намер працягнуць рост».
Агенцтва мяркуе, што рост ВУП у 2024 годзе замарудзіцца да 1,5%. Паводле ацэнак Moody's, дзяржаўны доўг Беларусі ў 2023 годзе складаў каля 45% ВУП і, верагодна, застанецца прыкладна на гэтым узроўні ў гэтым годзе.
«Стабільны прагноз паказвае на тое, што крэдытны профіль Беларусі наўрад ці істотна палепшыцца, калі санкцыі не будуць знятыя, чаго мы не чакаем у сярэднетэрміновай перспектыве.
«C» з'яўляецца самым нізкім рэйтынгам па рэйтынгавай шкале Moody's, і малаверагодна, што рэйтынг Беларусі падымецца з бягучага становішча, калі санкцыі не будуць знятыя, што стане ключавой умовай для аднаўлення выплат па знешнім доўгу ў замежнай валюце. Нават у выпадку адмены санкцый пазіцыя Беларусі па ліквіднасці, верагодна, застанецца вельмі слабой, што абмяжоўвае яе здольнасць абслугоўваць суверэнную запазычанасць», — адзначылі ў Moody's.
Такім чынам, па меркаванні экспертаў сусветнага крэдытнага агенцтва, урон эканоміцы Беларусі, нанесены санкцыямі, мае доўгатэрміновы характар, і паляпшэння гэтай сітуацыі адмыслоўцы не бачаць нават у сярэднетэрміновай перспектыве. З гэтай высновы самы час згадаць, за што на нашую краіну былі накладзеныя санкцыі, і хто з’яўляецца гэтаму першапрычынай. Узгадаць гэта карысна.
І, варта зазначыць, што справаздача Moody's з такімі несуцяшальнымі высновамі — гэта яшчэ аптымістычная і пазітыўная падзея. Таму што два іншыя крэдытныя агенцтвы «вялікай тройкі» — Fitch і S&P — увогуле адмовіліся ад публікацыі рэйтынгаў Беларусі. То-бок, Fitch і S&P не бачаць у РБ ніякай перспектывы, а вось Moody's яшчэ трымаецца.
І з гэтым чальцы ўрада і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта таксама, падаецца, зрабіць нічога не могуць.
І ў чарговы раз парадаваў нас Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных. Ён заявіў, што навучанне на платформе ZOOM супярэчыць беларускаму заканадаўству, у прыватнасці, указу «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт». Па меркаванні НЦАПД, пры аказанні адукацыйных паслуг праз відэаканферэнцыі ZOOM «мае месца трансгранічная перадача персанальных даных (у тым ліку ў краіны з неналежным узроўнем іх абароны)».
У якасці альтэрнатывы НЦАПД рэкамендуе ўжываць для навучання «інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента Інтэрнэту, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку».
Хто ў Беларусі прыдумаў альтэрнатыву ZOOM і Google Meet, не паведамляецца. Таксама не паведамляецца, ці быў у РБ скасаваны закон, па якім Следчы камітэт можа атрымліваць даныя з інфармацыйных сістэм, якія ўтрымліваюць персанальныя даныя грамадзян, без іх згоды.
Фактычна, НЦАПД просіць грамадзян карыстацца платформамі (ёсць яны ці не — невядома), які ў любы момант даступныя сілавікам. І гэты цэнтр «абараняе» персанальныя даныя?
Ну, а пасля таго, як «Кіберпартызаны» выкачалі 40 тысяч зваротаў у КДБ, узламаўшы іх сайт, пра якую «абарону персанальных даных» у Беларусі можа ісці гаворка?
І, што цікава, за гэты правал ніхто не быў пакараны. Хаця ведамстваў, якія ў нас абараняюць гэтыя даныя — ад НЦАПД і ААЦ да Міністэрства інфармацыі. У сямі нянек дзіцё крывое, але нехта ж павінен быў за гэта адказаць?
Цікава, што там яшчэ ў «Кіберпартызанаў» у кубышцы?