Агенцтва S&P прыпыніла дзеянне рэйтынгаў Беларусі
Рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings прыпыніла дзеянне суверэнных крэдытных рэйтынгаў Беларусі. Агенцтва патлумачыла гэта недахопам інфармацыі.
«S&P Global Ratings прыпыніла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце “SD/SD” і суверэнны крэдытны рэйтынг у нацыянальнай валюце “CCC/C” праз адсутнасць дастатковай і своечасовай інфармацыі для падтрымання нашых рэйтынгаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе агенцтва.
S&P удакладняе, што гаворка ідзе пра даныя аб выкананні бюджэту ўрада, структуры яго доўгу і графіку пагашэння доўгу.
Агенцтва абяцае аднавіць дзеянне рэйтынгаў, калі будзе атрымліваць неабходную інфармацыю. У адваротным выпадку рэйтынгі будуць адкліканыя.
«Мы адновім назіранне і адновім рэйтынгі, калі даныя, якія цяпер адсутнічаюць, стануць даступныя і мы прыйдзем да высновы, што яны адпавядаюць нашым стандартам па колькасці, своечасовасці і надзейнасці. Калі па заканчэнні разумнага перыяду часу нашы інфармацыйныя патрабаванні для назірання па-ранейшаму не будуць выкананыя, мы адклічам рэйтынгі», — заяўляе S&P.
Нагадаем, летась розныя дзяржаўныя ведамствы перасталі публікаваць даныя аб выкананні бюджэту і стане знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусі – падобная інфармацыя да гэтага размяшчалася Міністэрствам фінансаў, а таксама Белстатам. Кіраўнік Мінфіна Беларусі Юрый Селіверстаў пры гэтым заяўляў, што размяшчэнне інфармацыі спынілася, бо «яна выкарыстоўваецца ў рамках разнастайнага роду інсінуацый».
Рэйтынгі S&P Global Ratings выказваюць меркаванне агенцтва адносна здольнасці і гатоўнасці эмітэнта — напрыклад кампаніі або органа ўлады — своечасова і ў поўным аб'ёме выконваць свае фінансавыя абавязацельствы. Акрамя таго, крэдытныя рэйтынгі дазваляюць вызначыць крэдытную якасць таго ці іншага даўгавога абавязацельства, напрыклад карпаратыўных або муніцыпальных аблігацый, а таксама адносную верагоднасць дэфолту па такіх абавязацельствах.
Адсутнасць такога рэйтынгу, роўна як і яго прыпыненне, аўтаматычна пераводзіць усе беларускія каштоўныя паперы кшталту еўрааблігацый у шэраг «смеццевых».