Адным дэфолтам больш, адным менш — якая розніца?
Плацяжы па знешнім доўгу ў 2023 годзе могуць скласці 4,521 млрд USD у эквіваленце.
Пагашэнне асноўнага доўгу па крэдытах міжнародных фінансавых арганізацый у будучым годзе абыдзецца ў 530,2 млн USD у эквіваленце, пагашэнне асноўнага доўгу па крэдытах замежных дзяржаў і іншых замежных крэдытораў — у 2,072 млрд USD, пагашэнне асноўнага доўгу па дзяржаўных каштоўных паперах — 800 млн USD, паведамляюць banki24.
А вось абслугоўванне знешняга дзярждоўгу можа абысціся краіне 1,119 млрд USD у эквіваленце.
Разам узятыя плацяжы па асноўным абавязацельстве і адсотках па суверэнным абавязацельстве ў наступным годзе могуць скласці 4,521 млрд USD у эквіваленце.
Як плаціць будзем па даўгах, большасць з якіх намінавана ў свабодна канвертаванай валюце?
Запыталіся ў беларускіх эканамістаў.
— Ёсць два варыянты, — кажа эканаміст Леў Марголін. — Або ісці курсам, выбраным сёлета: адкрываць рублёвыя рахункі ўсім, каму мы вінныя. Сёлета такая практыка найбольш звязана з еўрааблігацыямі, значнай часткай якіх — праз пасрэднікаў — валодаюць беларускія юрыдычныя асобы. Хоць еўрааблігацыі па форме і заходнія, размешчаныя і гарантаваныя заходнімі банкамі, але валодаюць імі беларускія юрасобы. Як вы разумееце, беларускаму бізнесу немагчыма не пагадзіцца на такую схему.
Аднак большая частка даўгоў прыпадае на Расію: афіцыйны Мінск будзе спрабаваць атрымліваць адтэрміноўкі і растэрміноўкі па расійскіх крэдытах.
А вось што датычыць заходніх крэдытаў, то ў гэтым выпадку, відаць, давядзецца задзейнічаць рэзервы ў валюце. Але для гэтага неабходна палітычнае рашэнне.
Эканаміст лічыць, што ўсе магчымыя наступствы з-за неплацяжоў па знешнім доўгу беларуская эканоміка ўжо панесла:
— Аб’явяць Беларусі дэфолт, а ў Мінску заявяць, што не прызнаюць яго, як у гэтым годзе. Ведаеце, адным дэфолтам больш, адным менш — якая розніца? Беларускую эканоміку цяжка крануть чым-небудзь яшчэ: усё, што можна было зачапіць, ужо зачапілі. У Мінску скажуць: хлопцы, вы ж самі ўвялі санкцыі, адрэзалі нас ад усіх аперацый у валюце — здымайце санкцыі, будзем плаціць, як належыць.
Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка кажа, што існуюць тры верагодныя сцэнары разлікаў па знешнім доўгу.
— Беларускія ўлады пойдуць на пралангацыю доўгу перад Расіяй, і гэта магчыма. Пралангуюць на 10-15 гадоў выплаты па расійскіх крэдытах — хай дзеці нашы плацяць. Як колісь у калоніях.
Варыянт другі — заплаціць усе пазыкі.
А трэці варыянт, відаць, самы неверагодны — афіцыйны Мінск пойдзе на саступкі, прычым саступкі як эканамічнага, так і палітычнага характару.
У любым выпадку, як мяркуе эканаміст, у 2023 годзе сітуацыя ў эканоміцы пагоршыцца.