Яшчэ адна актывістка, што хацела трапіць у КР, адзначылася даносам на Пальчыса

Магіляўчанка, якая цяпер абіраецца ў Каардынацыйную раду, напісала данос на блогера Эдуарда Пальчыса. Яе імя расследавальнікі знайшлі ў злітай базе КДБ.

_kdb___khb___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Вольга Тышкевіч з Магілёва, якая вылучаецца ў каардынацыйную Раду ад «Аб'ядання палітычных партыяў Народная Грамада і Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя «Салідарнасць» у 2018 годзе напісала данос на блогера Эдуарда Пальчыса. Пра гэта паведамляе Альянс расследавальнікаў Беларусі. Такім чынам, гэта ўжо другі дэмакратычны актывіст, ахвочы стаць сябрам КР, што пісаў даносы ў КДБ.

Зварот падпісаны Вольгай Уладзіміраўнай Тышкевіч. Гэтак жа завуць сябру партыі «Народная грамада», яна нават калісьці ўзначальвала магілёўскую філію. 

Расследавальнікі звяртаюць увагу, што аналіз профілю ў сацыяльных сетках пацвярджае дату нараджэння і горад пражывання (Магілёў). Данос на Пальчыса таксама быў напісаны з Магілёва.

Глядзіце таксама

У тэксце даносу гаворыцца пра тое, што ў Магілёве будзе праходзіць «ток шоў з удзелам былога асуджанага Э.Пальчыса», якое накіраванае супраць Саюзнай дзяржавы:

«У Магілёве па вул. Чкалава, 15. 29 лістапада ў 19.00 будзе праходзіць ток-шоу з удзелам былога асуджанага Э. Пальчыса, які быў асуджаны за распальванне міжнацыянальнай варожасці. Шоу накіравана супраць Саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. І носіць недружалюбны характар. Прашу вас прыняць меры. З павагай грамадзянка РБ, Вольга».

Расследавальнікі звязаліся з Вольгай, якая цяпер жыве ў Вільні. Жанчына адказала, што «не пісала нічога на Эдуарда Пальчыса, а яе кампутар быў у суседа, які "ябацька"».

Глядзіце таксама

Адметна, што ў базе зваротаў у КДБ скарга на Пальчыса —  не адзіны допіс, пад якім стаіць імя Вольгі Тышкевіч. Першы быў зроблены ў тым жа годзе, але на пяць месяцаў раней.

Нагадаем, 28 красавіка Кіберпартызаны апублікавалі базу даносаў з сайта КДБ. У базе каля 40 тысяч зваротаў.