Адзін з кандыдатаў у КР напісаў данос на Аўтуховіча?

Адзін з кандыдатаў у Каардынацыйную раду засвяціўся ў  злітай  базе КДБ у якасці даносчыка. Аднак атрыманая інфармацыя патрабуе больш дасканалага азнакамлення», заявілі ў партыі «Народная грамада».

_kdb___khb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Сябра партыі «Народная грамада» і кандыдат у Каардынацыйную раду трэцяга склікання Павел Бялюцін у 2017 годзе напісаў данос у КДБ на Мікалая Аўтуховіча. Пра гэта паведамілі ў Выканаўчым камітэце партыі, дзе правялі верыфікацыю інфармацыі: "Каб пазбегнуць спекуляцый і правакацый на адрас нашай парты, з мэтай абароны актывістаў і сябраў партыі Народная Грамада, лічым патрэбным зрабіць кейс публічным", — гаворыцца ў тэлеграм-канале партыі.

Сяброўства Бялюціна ў партыі прыпыненае, ён таксама выключаны са спісу кандыдатаў у КР.

Адміністратарамі кіберпартызанаў "інфармацыя была верыфіцыравана" і факт прысутнасці імя Бялюціна "ў базах пацьверджаны". 

У базе даносаў КДБ, якую злілі ў сетку «Кіберпартызаны», утрымліваецца зварот чалавека, запісанага як Павел Бялюцін, з указаннем адраса, тэлефона і электроннай пошты. Ён датаваны 31 студзеня 2017 года,  піша  «Люстэрка».

«У мяне ёсць некаторыя падставы меркаваць, што грамадзянін РБ Аўтуховіч Мікалай Мікалаевіч прадумвае і пачынае ажыццяўляць падрыхтоўку да спробы ўзброенага захопу ўлады ў нашай рэспубліцы. Пра спробу даведаўся са слоў гр. Аўтуховіча М. М.», — гаворыцца ў даносе.

Глядзіце таксама

У выканаўчым камітэце партыі «Народная грамада» верыфікавалі інфармацыю і пацвердзілі, што аўтар ліста — актывіст партыі Павел Бялюцін. Ён таксама вылучаўся ў новы склад Каардынацыйнай Рады ад «Народнай грамады» і БХД.

У сувязі з гэтай сітуацыяй прынятая пастанова прыпыніць сяброўства Бялюціна ў партыі «Народная грамада». Ён таксама выключаецца са спісу кандыдатаў у каардынацыйную раду трэцяга склікання ад аб'яднання партый «Народная грамада» і Беларуская хрысціянская дэмакратыя «Салідарнасць».

«Звяртаем увагу, што на этапе першаснай апрацоўкі інфармацыі па актывісту, якая магла б сведчыць аб наўмысным нанясенні шкоды іншым актывістам, альбо партыі выяўлена не было. Атрыманая інфармацыя патрабуе больш дасканалага азнакамлення», —  дадалі ў выканкаме «Народнай грамады».

Глядзіце таксама

Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча,  ветэрана афганскай кампаніі, прадпрымальніка і беларускага грамадскага актывіста, затрымалі ў снежні 2020 года. Улады абвясцілі яго арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Працэс па «Справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня 2022 года — разам з ім судзілі 11 чалавек. Судовы працэс доўжыўся пяць месяцаў. Удзельнікі «групы Аўтуховіча » абвінавачваліся па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса і былі ўключаныя ў «Тэрарыстычны спіс» КДБ. 


Глядзіце таксама

Разам з Аўтуховічам былі асуджаныя святар Сяргей Рэзановіч, ягоная жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава. Усе фігуранты ўтрымліваюцца за кратамі 22 месяцы.

17 кастрычніка 2022 года Аўтуховічу, абвінавачанаму па 12 артыкулах, у ліку якіх «здрада Радзіме» і «акт тэрарызму», прысудзілі 25 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры тысячы базавых велічыняў (32 000 рублёў). Вядома, што Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі. Сваякі загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі на Раство, але бандэроль так і не дайшла: «Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда».