Бяспройгрышная латарэя беларускіх спецслужбаў

Пасля скандалу са «злівам» «Кіберпартызанамі» базы даных КДБ справа суддзі Шмыта — сапраўдны падарунак для рэжыму.

Шпіёнскія гульні рэжыму нагадваюць часы «халоднай вайны». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Шпіёнскія гульні рэжыму нагадваюць часы «халоднай вайны». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Польскі суддзя Томаш Шмыт стаў знаходкай для дзяржаўнай прапаганды, яго выпадак — поспех беларускіх спецслужбаў, мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман.

6 траўня імя суддзі 2-га аддзялення Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаша Шмыта (Tomasz Szmydt) прагрымела ў СМІ. У гэты дзень у дзяржагенцтве «БелТА» ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, на якой суддзя паведаміў пра сваю адстаўку, пазітыўна адазваўся пра рэжым Лукашэнкі і заявіў пра свой намер прасіць палітычнага прытулку ў Беларусі. З вуснаў Шмыта прагучалі традыцыйныя наратывы беларускай дзяржаўнай прапаганды пра адсутнасць свабоды слова ў Польшчы, пра падкопы «калектыўнага Захаду», у першую чаргу — ЗША, якія нібыта распальваюць антырасійскую і антыбеларускую істэрыю ў Польшчы і ўсімі сіламі імкнуцца ўцягнуць Варшаву ў вайну супраць Мінска і Масквы, піша Фрыдман на «Deutsche Welle».

З'яўленне Шмыта ў беларускай сталіцы стала скандалам у Польшчы, але не з'яўляецца першым падобным выпадкам. У эпоху Лукашэнкі ў Беларусі рэгулярна знаходзілі прытулак «заходнія замежнікі» з сумнеўнай рэпутацыяй: напрыканцы 1990-х у Беларусь бег швейцарскі адмаўленец Халакосту Юрген Граф, прысуджаны на радзіме да турэмнага тэрміну і штрафу. У Брэсце з верасня 2021 года жыве амерыканец Эван Ньюмэн, актыўны ўдзельнік штурму Капітолія ў студзені таго ж года. Апошнімі гадамі ў Беларусь перабіраюцца прыхільнікі «рускага свету» з краін Балтыі, а ў снежні 2021 года мяжу Польшчы і Беларусі нелегальна перайшоў польскі вайсковец Эміль Чэчка

Калі «беларускі след» у біяграфіі Графа (ён хутка пераехаў у Маскву, а ў 2018 годзе і зусім вярнуўся ў Швейцарыю) у Мінску з прычыны адыёзнасці фігуры лічылі за лепшае не афішаваць, то Ньюмэну і балтыйскім прыхільнікам «рускага свету» дзяржаўныя СМІ надалі пэўную ўвагу. Чэчка са сваімі бяздоказнымі і, відавочна, выдуманымі гісторыямі пра масавыя расстрэлы мігрантаў на польскім баку мяжы і зусім стаў на кароткі час улюбёнцам прапаганды. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны яго адкрыцці страцілі сваю актуальнасць, а ў сярэдзіне сакавіка 2022 ён быў знойдзены павешаным.


Глядзіце таксама

У адрозненне ад авантурыстаў Ньюмэна і Чэчкі, варшаўскі суддзя Шмыт з'яўляўся ў Польшчы важнай персонай, узначальваў юрыдычны аддзел у Нацыянальнай радзе суддзяў і, як аператыўна высветлілі польскія СМІ, меў доступ да сакрэтнай інфармацыі. Для беларускай і расійскай прапаганды ён стаў знаходкай. А што азначае казус Шмыта для беларускіх спецслужбаў?

Замежнікі на службе прапаганды

У эпоху «халоднай вайны» перабежчыкаў выкарыстоўвалі ў прапагандысцкай вайне паміж Усходам і Захадам. Яны служылі наглядным доказам перавагі аднаго з бакоў канфлікту. Заходнія дзяржавы мелі відавочную перавагу: недахопу жадаючых перабрацца (нават пад пагрозай рэпрэсій і смерці ў выпадку няўдачы) з «сацыялістычнага барака» ў «свабодны свет» не назіралася.

Савецкі бок, у сваю чаргу, імкнуўся максімальна выкарыстоўваць рэдкія выпадкі перабежчыкаў з Еўропы і ЗША. Адной з самых вядомых падобных гісторый стала справа амерыканскіх біёлагаў, камуністычных актывістаў Арнольда і Ларэн Локшын, якія прыбылі ў 1986 годзе ў СССР. Як і ў выпадку Томаша Шмыта, эпапея сям'і Локшын фактычна пачалася з афіцыйнага паведамлення агенцтва ТАСС і вялікай прэс-канферэнцыі ў Маскве 10 кастрычніка 1986. 


Глядзіце таксама

На гэтай прэс-канферэнцыі Арнольд Локшын раскрытыкаваў палітыку адміністрацыі Рональда Рэйгана, падкрэсліў пагрозу вайны, падрабязна спыніўся на дыскрымінацыі за палітычныя погляды і пераследзе з боку ФБР, а таксама выказаў надзею на «вольнае» жыццё ў СССР. Пра свае кантакты з савецкім пасольствам у Вашынгтоне, які падрыхтаваў пераезд сям'і з Х'юстана ў Маскву, Локшын палічыў за лепшае змаўчаць.

Значэнне «праекта Локшын» пацвердзіла сустрэча амерыканцаў са старшынёй Вярхоўнага Савета СССР Андрэем Грамыкам. У СССР біёлаг Локшын сапраўды змог працягнуць сваю навуковую кар'еру, яго сям'я карысталася адмысловымі прывілеямі, а самі Арнольд і Ларэн сталі заўважнымі ўдзельнікамі савецкіх антыамерыканскіх прапагандысцкіх акцый, але пры гэтым адпрэчвалі абвінавачанні ў супрацоўніцтве з КДБ.

Па слядах савецкіх папярэднікаў

У выпадку Чэчкі і Шмыта афіцыйны Мінск ідзе па слядах сваіх савецкіх папярэднікаў. Пытанне працаўладкавання суддзі пакуль на парадку дня не стаіць, А да публічных сустрэч з кіраўніцтвам краіны справа яшчэ не дайшла. Але калі Чэчка ўспрымаўся як «малазначная фігура», то Шмыт у будучыні цалкам можа ўдастоіцца аўдыенцыі ў міністра замежных спраў Сяргея Алейніка, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і нават у самога Аляксандра Лукашэнкі, які з задавальненнем назваў уцёкі Шміта «ўдарам пад дых уладам Польшчы». 


Глядзіце таксама

Пра Чэчку пісалі і ў Расіі, але яго гісторыя так і засталася беларускім прапагандысцкім праектам. А ў кампаніі вакол Шмыта ўжо актыўна ўдзельнічае Масква: 7 траўня інтэрв'ю з суддзёй апублікавала расійскае дзяржаўнае РІА «Новости», а топ-прапагандыст Уладзімір Салаўёў нават запрасіў перабежчыка ў свой эфір. Менавіта ў перадачы Салаўёва Шмыт назваў ЗША і Вялікабрытанію «ворагамі славянскіх народаў» і адхрысціўся ад абвінавачанняў у шматгадовай працы на беларускія спецслужбы. 

Хто вы, пан Шмыт?

Абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Беларусі, а таксама здагадкі пра сувязі Шмыта з Расіяй гучаць ад высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў і палітыкаў і ў польскай прэсе. Алею ў агонь падліў і сам Шмыт, які намякнуў у інтэрв'ю з беларускім прапагандыстам Ігарам Турам на сакрэтныя дакументы, што з яго дапамогай могуць трапіць у рукі беларускага КДБ, і які з'явіўся ў эфіры прапагандысцкага канала з георгіеўскай стужачкай — адным з сімвалаў расійскай вайны супраць Украіны.

Польскім следчым яшчэ трэба будзе ўстанавіць сапраўдныя матывы дзеянняў суддзі, за якім у Польшчы цягнецца шлейф скандалаў. Калі пара Локшын мела камуністычны светапогляд і шчыра сімпатызавала СССР, то ў мінулым блізкага да правакансерватыўнай і адкрыта антырасійскай партыі «PiS» Шмыта складана западозрыць у ідэалізме, а яго цяперашні радыкальны антыамерыканізм беларускага разліву выглядае вельмі найграна. У гэтай сітуацыі «шпіёнскую версію» не варта скідаць з рахункаў, а вось развагі пра «маскоўскі след» пакуль хутчэй адлюстроўваюць распаўсюджаныя ў Польшчы ўяўленні пра рэжым Лукашэнкі як пра «марыянетку» і «вернага васала» Крамля.


Глядзіце таксама

Наступствы ўцёкаў Шмыта і маштаб шкоды для бяспекі Польшчы пакуль складана ацаніць, але ўжо сёння можна сказаць пра правал польскіх спецслужбаў, якія дазволілі такому чалавеку заняць такую важную пасаду. КДБ Беларусі гэты казус прыйшоўся, наадварот, як нельга дарэчы. Пасля скандалаў з уцечкай базы даных супрацоўнікаў і зваротаў грамадзян, якія трапілі ў распараджэнне «Кіберпартызан», беларуская дзяржбяспека мае патрэбу ў пазітыўных навінах. Да апошняга часу яна магла пахваліцца толькі сваімі крыніцамі ў шэрагах апанентаў рэжыму і пэўнымі поспехамі па раскладанні дэмакратычных сіл. Цяпер жа ёй прыпісваецца ўкараненне свайго агента на важную пазіцыю ў адной з ключавых краін NATO і яго своечасовая эвакуацыя ў Беларусь. 

Справа Томаша Шмыта для беларускіх уладаў стала бяспройгрышным латарэйным білетам.