Фрыдман: Візіт Лукашэнкі ў Азербайджан — чарговая спроба сарваць куш
У Азербайджане заўсёды можна было атрымаць больш, чым у Арменіі. Гэта адна з рэдкіх дзяржаў, дзе за страсанне паветра можна прыдбаць дывідэнды. Лукашэнка наведаў гэтую краіну з дзяржаўным візітам.
У дзень прылёту, 15 траўня, беларускага кіраўніка сустракала не надта высокая дэлегацыя: першы віцэ-прэм'ер Азербайджана Ягуб Эюбаў, намеснік кіраўніка МЗС Эльнур Мамедаў, надзвычайны і паўнамоцны пасол Азербайджана ў Беларусі Магеррам Аліеў.
16 траўня Лукашэнка правёў перамовы з кіраўніком Азербайджана Ільхамам Аліевым. Пра што гаварылі? Лукашэнка прапанаваў Азербайджану садзейнічанне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый: «Якраз надышоў той цяжкі час, калі трэба адраджаць гэтыя землі, трэба вяртаць людзей (а яны ўжо, некаторыя, нарадзіліся ў горадзе — праблема, напэўна, будзе)».
Без дыпламатычнай прэлюдыі Лукашэнка прапанаваў свае паслугі: «Калі мы ў чымсьці можам дапамагчы, удзельнічаць у гэтым... Памочнікаў у вас тут зараз хапае, але калі мы можам на сяброўскіх пачатках удзельнічаць у гэтым... Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналогіі (вашы спецыялісты, міністры добра ведаюць гэтыя тэхналогіі) — калі яны падыходзяць, калі наша тэхніка можа тут прысутнічаць і працаваць... Я на перамовах адзін на адзін Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма — нейкае месца для Беларусі, — вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаровіч такі падыход падтрымаў».
Або: «Мы дамовіліся аб сумеснай вытворчасці комплексных мінеральных угнаенняў. Чаго тут марудзіць?»
Ці вось яшчэ: «Мы абмеркавалі ўсе пытанні, закрытых тэм не было. Гэта не толькі тэхніка МТЗ — сумесная вытворчасць, але і сумесная вытворчасць мазаўскай тэхнікі, пажарнай тэхнікі. Вытворчасць ліфтавага абсталявання (старыя ліфты ў савецкіх дамах трэба мяняць) — мы захавалі гэтую вытворчасць і гатовыя тут з нашымі азербайджанскімі сябрамі вырабляць гэтую тэхніку».
17 траўня Аліеў з Лукашэнкам прысвяцілі агляду «вернутых зямель» — адваяваных у Арменіі тэрыторый.
Пра прычыны візіту беларускага кіраўніка і таемныя задумы bgmedia.site пагаварылаз гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Вядома, Лукашэнка далёка не самы важны госць у Азербайджане, але ён сябар. Ён заўсёды паводзіў сябе па-сяброўску ў адносінах да Азербайджана: адназначна заняў азербайджанскі бок у вайне за Нагорны Карабах. Не думаю, што ў Азербайджане так яму і не радыя.
Іншая справа, што раз Лукашэнка паехаў туды, значыць, ён шукае сваю эканамічную выгаду. Таму і прасоўваў падчас перамоў з Ільхамам Аліевым двухбаковыя пагадненні, прапановы аб сумесных прадпрыемствах. Азербайджан прадстаўляе для яго цікавы рынак. А акрамя таго, ён спадзяецца матэрыялізаваць сваю проазербайджанскую пазіцыю. Уласна кажучы, за гэтым ён і паехаў у Азербайджан. На парадку стаіць аднаўленне Карабаха —таксама прынадны кавалачак, у раздзелцы якога ён хацеў бы паўдзельнічаць.
— Значыць, манетызацыя праоазербайджанскай пазіцыі — галоўная мэта паездкі?
— Не так шмат дзяржаў, гатовых прымаць яго, дзе яму радыя, з якімі ён падтрымлівае сяброўскія адносіны. Лукашэнка едзе, куды можа, але выбар у яго вельмі абмежаваны. А вось з Азербайджанам у яго трывалыя сувязі. Дзве аўтакратыі, адна з якіх больш багатая, з іншымі магчымасцямі. Нічога незвычайнага і выключнага ў цяперашняй паездцы ў Азербайджан я не бачу, гэта чарговая спроба сарваць куш. На гэты раз ён спрабуе сарваць азербайджанскі куш.
— На расійскім кірунку больш не фарціць?
— Расійскі кірунак — магістральны, ключавы. А Азербайджан — дадатковы кірунак. Гэта адна з рэдкіх дзяржаў, дзе за скалынанне паветра можна атрымаць дывідэнды. Праўда, у дадзеным выпадку не толькі за страсанне паветра: знаходзячыся ў інтэграцыйных утварэннях з Расіяй, увесь гэты час ён працягваў падтрымліваць Азербайджан, займаючы антыармянскую пазіцыю. З прагматычных меркаванняў: у Азербайджане заўсёды можна было атрымаць больш, чым у Арменіі.
— Спроба набіцца на аднаўленне Нагорнага Карабаха ці не паставіць крыж на зыбкіх беларуска-армянскіх стасунках?
— Стасункі паміж Мінскам і Ерэванам і так знаходзяцца на даволі нізкім узроўні. Лукашэнка асабліва няма чаго губляць: удзел Арменіі ў інтэграцыйных праектах пад расійскай эгідай не звязаны з Лукашэнкам і з яго пазіцыяй. У Ерэване Лукашэнка непрыемны, але там разумеюць, што ён дробны гулец, гулец, які нічога не вызначае — гэта ж не Расія. Паміж Мінскам і Ерэванам асаблівых адносін не назіралася і да гэтага, адпаведна, і губляць асабліва няма чаго.
Лукашэнка вядомы сваім цынічным прагматызмам: што
больш выгадна, тое і робіцца. Азербайджан больш выгадны, чым Арменія. Да таго ж
Азербайджан значна бліжэй па духу Лукашэнку: у
Арменіі лідары мяняліся, а ў Азербайджане ён мае справу толькі з кланам Аліевых
— спачатку з бацькам, а цяпер і з сынам. Сённяшні Азербайджан — яго Азербайджан: з імі ён лёгка і проста знаходзіць
агульную мову.