Дракахруст: У Тэгерена з Мінскам ідэалагічная блізкасць, а таваразварот істотна зменшыўся
«Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам гучныя падзеі апошніх дзён.
— У новым расследаванні BelPol Лукашэнку называюць «зброевым баронам». Ці згодныя вы з такой фармулёўкай? І наколькі для яго небяспечныя такія факты, якія яшчэ раз пацвярджаюць ангажаванасць ягонага рэжыма ў ваенную дапамогу Расіі?
— Мне падаецца, што гэтая сітуацыя выглядае груканнем у адчыненыя дзверы. Справа ў тым, што Беларусь з’яўляецца вайскова-палітычным саюзнікам Расіі. І да вайны такой была, і падчас вайны.
Ні да якіх санкцый Беларусь не далучалася, яна сама пад імі знаходзіцца. І менавіта за тое, што падтрымлівае Расію ў тых, ці іншых формах.
Даволі шмат фактаў і раней было пра вайсковае супрацоўніцтва. Тое, што з Беларусі пастаўляліся ў Расію ўзбраенні, напрыклад. Расследаванне BelPol больш падрабязна дае інфармацыю пра гэтае супрацоўніцтва, больш дакладна. Але чагосьці кардынальна новага я ў гэтым не бачу.
— А ці будзе мець наступствы публікацыя гэтых новых фактаў, хоць бы на ўзроўні заяваў, рыторыкі?
— Тут магчымыя нават і дзеянні. Магчымае накладанне дадатковых санкцый на Беларусь за гэтую больш канкрэтна вызначаную супрацу. Бо агулам гэта было вядома. Магчыма, не было вядома цэнтрам прыняцця рашэнняў у Еўразвязе і ЗША пра больш дакладныя дэталі гэтага супрацоўнітва, у якіх маштабах яно адбываецца. За гэта могуць быць накладзеныя дадатковыя санкцыі на канкрэтныя прадпрыемствы. Хоць мне здаецца, што ўсе гэтыя прадпрыемствы, пералічаныя ў справаздачы, прынамсі беларускія, і так знаходзяцца пад санкцыямі.
Што тычыцца міжнародных пасярэднікаў, калі гэтая супраца адбывалася і адбываецца праз нейкіх суб’ектаў гаспадарання трэціх краінаў, калі гэта краіны Еўразвязу, то іх чакаюць санкцыі. Тым больш, што нядаўна ЕС прыняў законапалажэнне пра пераслед за парушэнне санкцый. Іншыя краіны таксама могуць быць пакараныя.
Я думаю, што тут рыторыкай могуць і не абмежавацца. Тым больш, што рыторыка тут не зусім дарэчная, бо, паўтаруся, гэта сакрэт полішынэля. Беларусь ніколі не хавала той факт, што яна супрацоўнічае з Расіяй, у тым ліку і ў ваенна-тэхнічнай сферы.
Пра гэта Лукашэнка публічна гаворыць падчас сваіх выступаў, у часе сустрэч з Пуціным. То наконт чаго тут можа быць рыторыка?
— Лукашэнка назваў загінулага іранскага прэзідэнта Раісі «сапраўдным сябрам Беларусі». Як вы лічыце, чым для яго стала гэтая смерць, якія высновы для сябе ён можа зрабіць з гэтай гісторыі?
— Пакуль высновы рабіць цяжка. У тым сэнсе, што мы не ведаем пакуль, што там дакладна было. Калі гэта катастрофа, то выснова з гэтага: усе ў руцэ Алаха па-сутнасці.
Калі гэта нейкі тэракт, то мне, па-шчырасці, цяжка сказаць, якія б тут для сябе мог зрабіць высновы Лукашэнка. Бо наўрад ці ён мог стаць наступнай мішэнню тэракту каго б там ні было. Хаця, зразумела, у гэтым выпадку мы маем пэўнае папярэджанне, што і вось такое бывае.
Што тычыцца словаў пра сяброўства, то мне падаецца, гэта проста форма ветлівасці. У гэтым сэнсе Раісі не так даўно стаў прэзідэнтам, дарэчы. Тры гады таму. Так, Лукашэнка двойчы з ім сустракаўся. На сесіі ШАС, а таксама ў мінулым годзе ў Іране. Іранскага прэзідэнта чакалі ў Беларусі з візітам у адказ.
Але выглядае, што рашэнні ў Іране прымае або лідар Алі Хаменеі, альбо нейкае калектыўнае кіраўніцтва. І ў гэтым сэнсе нельга сказаць, што Раісі быў іранскім Лукашэнкам. Калі кагосьці так і можна было назваць, то гэта быў бы Хаменеі, які жывы і здаровы.
Гэта была важная фігура, якая праводзіла жосткую лінію. Зрэшты, цяперашні часовы прэзідэнт Махамед Махбер, які летась прылятаў у Мінск і сустракаўся з Лукашэнкам, рабіў тады даволі рэзкія заявы, прапановы і па вайсковым супрацоўніцтве, і па абыходзе санкцыяў. Як, дарэчы, і Раісі, які ў сакавіку мінулага года пасля сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што іранцы могуць перадаць беларусам досвед па абыходе санкцый.
Але я паўтаруся: Раісі не быў іранскім Лукашэнкам. Так, гэта была важная фігура. І калі гэта тэракт, то гэта драматычны прэцэдэнт, назавём гэта так. Але я не думаю, што ягоны сыход неяк істотна зменіць пазіцыю Ірана.
Хаця, некаторыя эксперты мяркуюць, што гібель Раісі можа выклікаць сур’ёзныя сваркі ў кіраўніцтве Ірана. Справа ў тым, што там даволі складаная палітычная сітуацыя — з аднаго боку, у самой краіне, мы памятаем нядаўнія пратэсты, іх задушэнне, якое суправаджалася смяротнымі пакараннямі. Таму гэтая гібель можа выклікаць масавыя забурэнні.
З іншага боку, там на сёння не вельмі просты расклад ва ўладнай эліце. І сыход адной з важных персон можа выклікаць пэўныя ўнутраныя канфлікты.
Складана сказаць, ці паўплывае гэта на знешнюю палітыку. Што тычыцца ўзаемаадносінаў з Беларуссю, то, як мы памятаем, адзін час у гэтых адносінах быў мядовы месяц. Гэта было пры прэзідэнце Ахмадзінеджадзе.
Але што тычыць менавіта адносінаў у апошнія гады, то так, Лукашэнка з’ездзіў у Тэгеран, быў леташні візіт віцэ-прэзідэнта Ірана ў Мінск, але калі браць той жа таваразварот паміж краінамі, то ён істотна зменшыўся за апошнія гады. Зараз у Беларусі сярод асноўных гандлёвых партнёраў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, у якіх, дарэчы, вельмі няпростыя адносіны з Іранам.
Тут хутчэй гаворка пра ідэалагічную блізкасць з
Тэгеранам на антызаходняй глебе, чым пра практычную. Практычная раней была, а
зараз з гэтым не вельмі.