Прэзідэнт Ірана загінуў пры крушэнні верталёта. Ён вынес тысячы смяротных прысудаў

У 1988 годзе Ібрагім Раісі быў удзельнікам «смяротнай камісіі». Яны выконвалі распараджэнне аяталы Хамейні па забойстве некалькіх тысяч праціўнікаў рэжыму. Спачуванні ў сувязі з гібеллю Раісі выказалі прэм'ер-міністр Ірака, групоўка ХАМАС, МЗС Беларусі. 

Ібрагім Раісі. Фота trthaber.com

Ібрагім Раісі. Фота trthaber.com

Прэзідэнт Ірана Ібрагім Раісі загінуў у авіякатастрофе. Верталёт, у якім ляцеў Раісі і высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі, разбіўся 19 мая ў правінцыі Усходні Азербайджан, на паўночным захадзе Ірана.

Пры крушэнні загінулі ўсе пасажыры, у тым ліку, як паведамляе агенцтва Mehr, кіраўнік МЗС Ірана Хасейн Амір Абдалахіян, губернатар правінцыі Усходні Азербайджан Ірана Малік Рахмаці і аятала Махамед АліАле-Хашам. Усяго на борце знаходзіліся восем чалавек, у тым ліку супрацоўнікі прэзідэнцкай службы бяспекі і члены экіпажа. Аб тым, што Раісі загінуў, заявіў віцэ-прэзідэнт Ірана Мохсэн Мансуры. Адпаведная заява таксама з'явілася ў акаўнце Раісі ў сацсетцы X (былым твітары).

Авіякатастрофа адбылася, калі Раісі і чыноўнікі, якія яго суправаджалі, вярталіся з перамоваў з Азербайджана. Абгарэлыя абломкі верталёта Bell 212 амерыканскай вытворчасці знайшлі раніцай 20 траўня пасля начных пошукаў, якія праходзілі ва ўмовах снежнай буры, піша Reuters.

Паводле інфармацыі дзяржаўнага іранскага тэлебачання, верталёт урэзаўся ў горны пік. Кіраўнік Чырвонага Паўмесяца Ірана Пірхасейн Каліванд паведаміў, што, калі ратавальнікі дабраліся да месца крушэння, «не было выяўлена ніякіх прыкмет жыцця сярод пасажыраў верталёта». У раёне пошукаў знаходзяцца 73 выратавальныя атрады. Два з трох верталётаў з картэжа прэзідэнта Ірана змаглі прызямліцца ва ўмовах туману.

Крушэнне верталёта. Скрыншот з відэа

Крушэнне верталёта. Скрыншот з відэа

Спачуванні ў сувязі з гібеллю Раісі выказалі прэм'ер-міністр Ірака Мухамед ас-Судані, прэм'ер Індыі Нарэндра Модзі, прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура, тэрарыстычная групоўка ХАМАС, МЗС Беларусі

«Мы з вялікім болем успрынялі апошнія навіны з Ірана. Гэта незаменная страта не толькі для іранскага грамадства. З жыцця пайшлі сапраўдныя сябры Беларусі. Шчырыя спачуванні родным і блізкім загінулых, стойкасці і мужнасці ўсяму народу Ірана», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Ібрагім Раісі нарадзіўся ў 1960 годзе ў горадзе Мешхед —другім па колькасці пасля Тэгерана. Яго бацька быў ісламскім багасловам, тую ж сферу дзейнасці абраў для сябе Раісі. Пасля рэвалюцыі 1979 года, калі багасловы аказаліся цесна ўцягнутыя ў выпрацоўку новай прававой сістэмы, Раісі зрабіў імклівую юрыдычную кар'еру. Ва ўзросце 21 года ён быў пракурорам адразу двух буйных гарадоў, якія знаходзяцца прыкладна за 300 кіламетраў адзін ад аднаго, прычым навучаннем Раісі і яго калег займаўся сам лідэр ісламскай рэвалюцыі аятала Хамейні.

Калі Раісі было 25 гадоў, ён заняў пасаду намесніка пракурора Тэгерана.

Магчыма, галоўная падзея ў жыцці Раісі да абрання прэзідэнтам здарылася праз тры гады, калі ён, як лічыцца, апынуўся сярод чатырох суддзяў, якія засядалі ў так званай «смяротнай камісіі». Яны выконвалі распараджэнне Хамейні па забойстве некалькіх тысяч супернікаў рэжыму. 

Дакладная колькасць ахвяр масавых пакаранняў невядомая, але арганізацыя Amnesty International называе лічбу ў 2,8-3,8 тысячы чалавек, хоць некаторыя ацэнкі перавышаюць гэтую ў некалькі разоў. Сярод павешаных было мноства жанчын.

63-гадовы Раісі стаў прэзідэнтам Ірана ў 2021 годзе. Пасля абрання ён запатрабаваў узмацніць жорсткасць законаў аб маральнасці, кіраваў здушэннем антыўрадавых пратэстаў і актыўна ўдзельнічаў у ядзерных перамовах з сусветнымі дзяржавамі.

Часовым прэзідэнтам Ірана пасля гібелі Раісі стане першы віцэ-прэзідэнт краіны Махамад Мохбер, піша Reuters.

Ён блізкі да Алі Хаменеі. Мохбер уваходзіў у групу іранскіх чыноўнікаў, якія ў кастрычніку 2023 года наведалі Маскву і дамовіліся аб пастаўках ракет і беспілотнікаў для расійскіх вайскоўцаў, паведамілі крыніцы Reuters.