Візіт развітання: Лукашэнка зэканоміў на квітках ці на адносінах з Іранам?
У цяжкія часы дыктатары аб'ядноўваюцца і падтрымліваюць адно аднаго. Як, напрыклад, Лукашэнка і яго іранскі калега. Але калі калегі не стала, Лукашэнка развітацца не прыехаў. І гэта яшчэ можа яму «аўкнуцца».
Выпуск «Пульса Леніна-19» аналізуе ўзровень замежнага прадстаўніцтва на жалобнай цырымоніі ў Тэгеране ў сувязі з гібеллю прэзідэнта Ірана, каб вызначыць, ці не прамахнуўся афіцыйны Мінск з выбарам свайго прадстаўніка. І падобна, што прамахнуўся.
У цырымоніі развітання з Эбрахімам Раісі і іншымі іранскімі высокапастаўленымі асобамі, якія загінулі ў выніку крушэння верталёта, прынялі ўдзел дэлегацыі з 40 краін. Беларусь прадстаўляў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік. Ад іншых краін у Тэгеран прыехалі чыноўнікі рангам вышэй, а то і нашмат вышэй — кіраўнікі дзяржаў.
Адносіны з Іранам, як вядома, перажываюць чарговы ўздым пасля чарговага спаду, але ўсё да нядаўняга выглядала шматспадзеўна. Сёлета ў Мінску чакалі з візітамі спачатку (у чэрвені) міністра замежных спраў Ірана, а затым і прэзідэнта (у кастрычніку). І гэта пасля нядаўняга прыезду ў Беларусь віцэ-прэзідэнта Ірана і візітаў у Тэгеран спачатку кіраўніка МЗС, затым прэм'ер-міністра, а потым і самога кіраўніка ўсяе Беларусі, якія здарыліся за апошніх паўтара года.
Цяпер усе гэтыя планы пад пытаннем, нягледзячы на запэўніванні іранскага амбасадара, што ўсё застанецца ў сіле. Ім «свеціць», як мінімум, перанос на пазнейшыя тэрміны.
На гэтым фоне тым больш запатрабаваным выглядаў удзел самога Лукашэнкі ў цырымоніі развітання з іранскім калегам, якога ён ведаў асабіста і чакаў у госці з візітам у адказ. Каб падстрахаваць планы і дамоўленасці сваім прыездам.
Загваздка ў тым, што кіраўнік усяе Беларусі такія выезды практыкуе вельмі рэдка: за 30 гадоў ва ўладзе ездзіў на замежныя пахаванні толькі двойчы — у 2007-м у Маскву, каб праводзіць у апошні шлях Барыса Ельцына, і ў 2013-м у Каракас, каб асабіста развітацца з Уга Чавесам. То былі прыклады асаблівых адносінаў і сяброўства.
Ва ўсіх астатніх выпадках, а іх было ўжо нямала, Беларусь на замежных дзяржаўных пахаваннях прадстаўлялі іншыя высокапастаўленыя асобы — часцей за ўсё, па-мойму, спікер парламента, радзей — прэм'ер-міністр або віцэ-прэм'ер і г.д. Залежала ад краіны і ўзроўню адносінаў.
Напрыклад, калі ў траўні 2022-га памёр прэзідэнт ААЭ, з якім Лукашэнка быў таксама добра знаёмы асабіста, у Эміраты ад Беларусі на жалобныя мерапрыемствы адправіліся прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка і прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка. І гэта было цалкам адэкватным узроўнем прадстаўніцтва, пры гэтым далёка не самым вялікім.
ЗША на той жалобнай цырымоніі ў ААЭ прадстаўляла яшчэ больш салідная дэлегацыя з віцэ-прэзідэнтам на чале і дзяржсакратаром, міністрам абароны і дырэктарам ЦРУ ў складзе.
У выпадку з Іранам, калі не Лукашэнка, то таксама напрошваўся ўзровень прэм'ер-міністра, зыходзячы з прыкладна супастаўнага характару адносінаў і інтэнсіўнасці кантактаў.
Тым не менш, Аляксандр Рыгоравіч прыняў рашэнне адправіць у Тэгеран міністра замежных спраў. Магчыма, гэта была прапанова самога міністра, а магчыма «прарыўная» ідэя адміністрацыі. Рашэнне, тым не менш, мае адзін плюс: дазволіла моцна зэканоміць.
Мяркуючы па ўсім, Сяргей Алейнік прыбыў у Іран з Казахстана, дзе напярэдадні прымаў удзел у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін-удзельніц ШАС, перабраніраваўшы зваротныя квіткі на Тэгеран, а ўжо адтуль на Мінск. Але нават калі маршрут міністра быў іншым, для камандзіравання прэм'ера давялося б гнаць у Іран і назад цэлы самалёт, а гэта зусім іншы бюджэт камандзіроўкі.
Ва ўсім астатнім, што тычыцца дэманстрацыі дзяржаўнага смутку, афіцыйны Мінск не эканоміў і не скупіўся, прадэманстраваўшы, што крануты іранскай трагедыяй да глыбіні душы.
Спярша Аляксандр Лукашэнка адправіў аятале Хаменеі спачуванні, у якіх рассыпаўся ў выражэнні спагады іранскаму народу і кампліментах загінуламу прэзідэнту.
Затым рабіць запісы ў жалобнай кнізе, адкрытай у пасольстве Ірана, рынулася ўся вертыкаль і гарызанталь, уключаючы кіраўнікоў абедзвюх палат парламента і выконваючага абавязкі кіраўніка адміністрацыі. Прычым апошні ўпісаў у кнігу спачуванне ад імя самога Лукашэнкі, адзначыўшы, што прыйшоў у амбасаду «не толькі па даручэнні кіраўніка дзяржавы, але і па загадзе сэрца таксама».
Аднак рэакцыя іншых краін, якія прэтэндуюць на асаблівыя адносіны з Іранам, усё ж перасягнула высокую планку дэманстратыўнай спагады Беларусі, хоць, здавалася б, куды вышэй.
Напрыклад, прэзідэнт Кыргызстана асабіста з'явіўся ў пасольства Ірана ў Бішкеку, каб пакінуць там запіс у жалобнай кнізе і не стаў турбаваць сваіх падначаленых. І гэтым, вядома, зрабіў больш эфектную дэманстрацыю павагі да Раісі і ўдзелу ў іранскай жалобе, чым беларускі калега, які сам нічога не пісаў (тэкст спачування рыхтуе МЗС) і нікуды не хадзіў.
Кіраўнікі Таджыкістана і Арменіі — Эмамалі Рахмон і Нікол Пашынян, узяўшы з сабой сваіх міністраў замежных спраў, адправіліся ў Тэгеран на жалобную цырымонію, каб развітацца з загінулым прэзідэнтам Ірана асабіста і завязаць або ўмацаваць кантакт з верагодным пераемнікам.
Турцыя накіравала віцэ-прэзідэнта і кіраўніка МЗС, Азербайджан — прэм'ер-міністра і таксама кіраўніка МЗС, Расія — старшыню Дзярждумы, а гэта чацвёрты чалавек у расійскім табелі аб рангах. Казахстан і Узбекістан паступілі аналагічным чынам, камандзіраваўшы спікераў сваіх парламентаў. Кітай быў прадстаўлены на ўзроўні члена Палітбюро — віцэ-прэм'ера.
У такім салідным прадстаўніцтве ёсць не толькі рытуальны, але і вялікі практычны дзяржаўны сэнс.
Па-першае, узровень дэлегацыі характарызуе ступень зацікаўленасці ў супрацоўніцтве з краінай, і ён, вядома, лічаны і ўлічаны іранскім бокам на будучыню.
Па-другое, удзел дэлегацыі выкарыстоўваецца для прасоўвання інтарэсаў — правядзення сустрэч з іншымі дэлегацыямі, але перш за ўсё з верагодным пераемнікам на пасадзе прэзідэнта. У Іране свая спецыфіка: краінай «руліць» аятала Хаменеі, з якім усё ў парадку, і тым не менш.
Транзіт улады, натуральны ў выпадку смерці кіраўніка дзяржавы, якім бы фармальным ён ні быў, не павінен паўплываць на адносіны, калі толькі ў лепшы бок. Дэлегацыя на пахаванні вырашае менавіта гэтую задачу. Прынамсі, павінна вырашаць, інакш усё гэта — чыста рытуальная місія, якая не вартая грошай на квіткі. Яе можа выканаць пасол.
Працуе даўно вядомая логіка: кароль памёр, няхай жыве кароль! І яна тычыцца не толькі Ірана. На гэты конт ёсць цікавы прыклад з гісторыі ЗША, калі ўвечары таго ж дня, калі на Арлінгтонскіх могілках ўрачыста пахавалі забітага прэзідэнта Джона Кэнэдзі, у банкетнай зале Дзярждэпартамента прайшоў прыём ад імя Ліндана Джонсана, які ўступіў на пасаду прэзідэнта (успаміны Віктара Суходрава «Язык мой — сябар мой»). У адзін дзень і з удзелам адных і тых жа дэлегацый.
Зразумела, дзелавыя сустрэчы на палях жалобных цырымоній адбываюцца па вельмі інтэнсіўным графіку з-за дэфіцыту часу і гары жадаючых. Відавочна таксама, што пры такой шчыльнасці чым большая значнасць дзяржавы і яе прадстаўніка, тым вышэйшыя шанцы на аўдыенцыю ў прымаючага боку.
Магу толькі меркаваць, як гэта было арганізавана ў Тэгеране, але нагадаю, што там прысутнічалі 40 дэлегацый, і беларуская, калі меркаваць па ўзроўні іншых, дакладна не адносілася да ліку самых значных. Таму шанцаў у прадстаўніка Беларусі на асобную сустрэчу з выконваючым абавязкі прэзідэнта Ірана Махамадам Махберам было апрыёры мала ці не было зусім. А вось, напрыклад, прэм'ер-міністр Арменіі і кіраўнік Дзярждумы РФ аўдыенцыю ў Махбера атрымалі.
Магчымасць паціснуць руку віцэ-прэзідэнту Ірана Мохсену Мансуры і выказаць спачуванне, якую ў выніку рэалізаваў Сяргей Алейнік, не лічыцца. Яе гарантаваў пратакол цырымоніі.