«Галоўны эканамічны вынік перамоў Пуціна і Лукашэнкі палягае ў тым, што ніякіх вынікаў не было»

Падчас апошняга візіту Пуціна ў Мінск прапаганда не толькі палохала свет ядзерным попелам. Яна яшчэ са шматзначным выглядам распавядала пра вельмі важныя эканамічныя дамоўленасці паміж Пуціным і Лукашэнкам. Пра падрабязнасці гэтых дамоўленасцяў, праўда, не распавядала.

scale_1200__2__16.jfif

Але прайшло некалькі дзён, і некаторыя падрабязнасці таго, пра што дамовіліся Пуцін і Лукашэнка, усё ж з'явіліся. І стала зразумела, чаму пра іх адразу не сказалі. Таму што няма пра што казаць, канстатуе ў Plan.B  Андрэй Бранішэўскі.

Дайце газу

«Неабходна канчаткова ўзгадніць умовы паставак нафты і газу ў Рэспубліку Беларусь. Мы абмяркоўваем гэта не першы год, і сёння Уладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэнне. Думаю, урады ў найбліжэйшыя дні ў гэтым рэчышчы дапрацуюць гэтыя пагадненні. Мы дэталёва разабралі ўсе нюансы», — сказаў Лукашэнка.

Пасля слоў «Уладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэнне», я ўжо было падумаў: Усё. Спраўдзілася мара Лукашэнкі. Улічваючы важнасць хаўрусніка ў сучаснай складанай геапалітычнай абстаноўцы, Пуцін нарэшце пагадзіўся даць хаўрусніку ўнутрырасійскія кошты газу.

Урэшце, у сучаснай геапалітычнай абстаноўцы ўнутрырасійскія цэны на газ для бліжэйшага саюзніка — не так ужо дорага Пуціну абыдуцца. Уся Еўропа расійскі газ амаль не купляе, а ў Кітай гэты газ яшчэ трэба даставіць. Можна дазволіць сабе атракцыён нечуванай шчодрасці.

Але потым пасол Дзмітрый Круты паведаміў некаторыя падрабязнасці аб энергетычных дамоўленасцях.

«З'явіўся шэраг новых дадатковых момантаў, якія патрабуюць адпрацоўкі на ўзроўні экспертаў. Але глабальна прэзідэнтамі пастаўлена задача ў адпаведнасці з планамі, якія яшчэ ў студзені былі падпісаны, што мы на ўзроўні ўрадаў па гэтых пытаннях з 2026 года – у рамках падпісаных асноўных напрамкаў – павінны выпрацаваць ужо канчатковы алгарытм збліжэння ў расійскіх рублях датычна цэн на прыродны газ».

Па-першае, не ўнутрырасійскія цэны, а збліжэнне коштаў. Па-другое, і не коштаў, а алгарытмаў. Па-трэцяе, не цяпер, а пасля 2026 года. Гэта значыць, з нулявых схема не змянілася.

У чым Лукашэнка не схлусіў, дык гэта ў тым, што збліжэнне коштаў саюзнікі абмяркоўваюць не першы год. Пра гэта яны казалі ў 2004-м годзе, і ў 2006-м, і ў 2010-м, і ў 2015-м, і ў 2020-м. А як яны казалі пра збліжэнне коштаў у 2022-м годзе!

«Мы гаворым пра тое, што яшчэ праз год цана павінна быць блізкай да таго, што мы маем на мяжы Расіі і Беларусі», — сказаў якраз у 2022 годзе тагачасны пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка.

І вось-новы прарыў. Нездарма Пуцін прыязджаў. Цяпер алгарытм збліжэння коштаў можна абмяркоўваць ужо да 2026 года.

Глядзіце таксама

Дайце грошай!

«Беларусь гатовая працягнуць супрацоўніцтва з Расіяй у галіне атамнай энергетыкі», — сказаў Лукашэнка падчас перамоваў.

У галіне атамнай энергетыкі ў беларускіх уладаў ёсць цяпер дзве галоўныя тэмы. Па-першае, вельмі хацелася б пакарыстацца рэшткамі расійскага крэдыту, які вылучалі на будаўніцтва першай АЭС.

На гэта будаўніцтва пайшло 5,4 мільярда расійскага крэдыту. А крэдытную лінію адкрывалі на 10 мільярдаў. Так што 4,6 мільярда засталіся не выдаткаванымі. А выдаткаваць хочацца. Дзеля таго, каб іх выдаткаваць Лукашэнка нават гатовы пабудаваць яшчэ адну АЭС.

«Вельмі б хацелася другую станцыю пабудаваць», — сказаў ён 30 красавіка.

А тыя грошы, якія ўсё ж такі патрацілі на будаўніцтва АЭС, аддаваць наадварот не хацелася. Расійскія ўлады рэгулярна адкладалі пачатак выплат па крэдыце. Апошні раз — на красавік гэтага года.

А вось з красавіка тэрміны выплат пераносіць ужо не сталі. Хоць беларускія ўлады рэгулярна намякалі на пажаданасць чарговай рэструктурызацыі. Але нават сустрэча з Пуціным не дапамагла. Ва ўсякім выпадку аб адтэрміноўцы выплат па яе выніках нічога не паведамлялася.

Як нічога не паведамлялася і пра новыя крэдыты на беларускі росквіт і макраэканамічную стабільнасць. Пры ўсёй геапалітычнай важнасці беларускага хаўрусніка грашыма за лаяльнасць Расія плаціла апошні раз у 2022 годзе. Адкрыла крэдытную лінію на 105 мільярдаў расійскіх рублёў пад імпартазамяшчальныя праекты.

«Пацверджана гатоўнасць падвоіць, патроіць гэты крэдыт у залежнасці ад колькасці праектаў, якія будуць дадаткова нашымі прамыслоўцамі прапанаваныя», — сказаў Круты.

Гатоўнасць — гэта, вядома, добра. Але ёсць нюанс. Нават крэдытная лінія на 105 мільярдаў рублёў засвоеная яшчэ не да канца. Таму што прыдумаць праекты, якія былі б вартыя гэтых грошай, не атрымліваецца. Таму гатоўнасць «падвоіць» і «патроіць гэты крэдыт» расійскія ўлады, насамрэч, ні да чаго не абавязвае.

Глядзіце таксама

Ну хоць што-небудзь дайце!

Але ёсць тэма, у якой саюзніка можна было б паважыць. Зрабіць сімвалічны жэст без усякай шкоды для расійскіх дзяржаўных фінансаў. З 2013 года Беларусь просіць Расію аб адмене роўмінгу ў рамках Саюзнай дзяржавы.

«У хуткім часе плануецца адмяніць роўмінг на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Гэта значыць мабільная сувязь для ўсіх абанентаў у дзвюх краінах будзе цалкам забяспечвацца ў рэжыме хатняй сеткі», — сказаў на сустрэчы Пуцін.

Праўда, не ўдакладніў, як хутка наступіць гэты час. Зыходзячы з усяго папярэдняга вопыту можна прапанаваць, што «хутка» наступіць ніколі. Таму што адмена роўмінгу была запланавана ў дарожных картах па паглыбленні інтэграцыі на 1 верасня 2020 года. Потым яго хацелі адмяніць да 1 ліпеня 2022 года. Потым ужо без канкрэтных тэрмінаў, а проста калі-небудзь. І вось цяпер зноў «хутка».

Увогуле, галоўны эканамічны вынік перамоваў Пуціна і Лукашэнкі палягае ў тым, што ніякіх эканамічных вынікаў у гэтых перамоваў не было. Ты стараешся. Ты трасеш дзеля саюзніка ва ўсе бакі чужымі ядзернымі боегалоўкамі з рызыкай для сваёй геапалітычнай бяспекі. Грукочаш танкамі на заходніх межах. І атрымліваеш у адказ нічога.

Ні газу па ўнутрырасійскіх цэнах, ні крэдытаў, ні другой АЭС. Ні нават, сорамна сказаць, адмены роўмінгу ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Таму што няма чаго плаціць больш таму, хто ўжо прадаў сваё першародства за міску сачавічнай поліўкі. Хіба што яшчэ дабаўкі плюхнуць. Каб ад голаду не памёр.