Візіт Пуціна ў Мінск: што засталося за кадрам
Дыктатары жывуць у свеце старэйшых і малодшых братоў, дзе часам вымушаныя мяняцца месцамі. Вось так здарылася з Пуціным: атрымаў «адлуп» у Кітаі — прыехаў суцяшацца ў Беларусь.
У дні візіту Уладзіміра Пуціна ў Мінск расійскія афіцыйныя СМІ былі поўныя паведамленняў кшталту: «У складзе каманды расійскага прэзідэнта прыехаў і новы міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў. Кіеў у паніцы!», «Прыезд Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна ў сталіцу Беларусі падчас правядзення расійска-беларускіх вучэнняў па ўжыванні расійскай тактычнай ядзернай зброі пасылае магутны сігнал краінам NATO», «Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка назвалі Зяленскага нелегітымным прэзідэнтам Украіны». У якасці дадатковай ілюстрацыі апошняга тэзіса згадвалася, што Пуцін узяў з сабой у Мінск і Віктара Януковіча, які ўцёк з Украіны ў лютым 2014 года.
Дарэчы, Януковіч бываў у Мінску ў сакавіку 2022 года, калі ішлі перамовы паміж расійскімі і ўкраінскімі ўпаўнаважанымі асобамі. Тады выказваліся здагадкі, што Крэмль хоча сілком вярнуць паслухмянага Януковіча ў крэсла прэзідэнта заваяванай краіны. Але гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца, а новае з'яўленне там «проффесора» (як сам Януковіч назваў сябе ў анкеце ў верасні 2004 года), паводле меркавання палітычных каментатараў, павінна было зрабіць Кіеў больш згаворлівым і гатовым для новых перамоваў на ўмовах Масквы.
Беларусы для ўкраінцаў — «братэрскі народ» або добрыя суседзі?
Карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» спытала ў кіраўніка кіеўскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандра Мусіенкі, ці ёсць падстава Узброеным сілам Украіны перакідваць свае падраздзяленні на паўночную мяжу краіны праз візіт Пуціна ў Мінск? І ці ёсць у Кіева падставы непакоіцца ў сувязі з расійска-беларускімі вучэннямі па ўжыванні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі?
Эксперт адказаў, што, на яго думку, цяпер такой неабходнасці няма, паколькі актыўнасць расійскіх ці беларускіх войскаў у ваенным кампаненце значна не ўзрасла. «Цяпер яна складае каля дзвюх тысяч вайскоўцаў беларускай арміі на мяжы з Украінай. Зразумела, што ёсць пэўныя рэзервы, але, разам з тым, не фіксуецца стварэнне наступальных груповак беларускіх альбо расійскіх войскаў ля мяжы з Украінай з беларускага кірунку»,— падкрэслівае Мусіенка.
У той жа час можна канстатаваць, што колькасць вайсковых вучэнняў і колькасць беларускіх войскаў цяпер вышэйшая на мяжы з Літвой і Польшчай. Менавіта для гэтых краін цяпер ёсць найбольшыя пагрозы, і відавочна, што Расія і Беларусь магу разглядаць сцэнар эскалацыі менавіта супраць гэтых краін, каб прымусіць Захад пайсці на перамовы і па ўсходнім флангу NATO, і па Украіне.
За трыццаць гадоў свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка шматкроць праявіў сябе як палітык, які ўмее знаходзіць выйсце са, здавалася б, безнадзейных сітуацый. І, абяцаючы расійскаму кіраўніцтву абсалютную лаяльнасць і вернасць саюзніцкаму абавязку, ён, тым не менш, не выпускаў магчымасцей падтрымліваць сувязі і з Захадам.
Нават цяпер Лукашэнка ўсімі спосабамі імкнецца не дапусціць прамога ўдзелу беларускага войска ў агрэсіі супраць Украіны.
Ці заўважаюць ва Украіне адрозненні ў пазіцыі афіцыйнага Мінска і Масквы адносна так званай «СВА»? Гэтае пытанне карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» задала Аляксандру Мусіенку.
На яго думку, нягледзячы на тое, што апошнім часам рыторыка з боку Беларусі не такая агрэсіўная, але агулам факты гавораць, што Беларусь і рэжым Лукашэнкі падтрымалі ў 2022 годзе агрэсію супраць Украіны і не перашкодзілі агрэсіі са сваёй тэрыторыі. «Менавіта так гэта варта ацэньваць, — упэўнены ўкраінскі эксперт. — Што тычыцца цяперашняй пазіцыі, то відаць, што Лукашэнка часам спрабуе гаварыць з пазіцый міратворца, прадставіць сябе як "добрага паліцэйскага" і, у адрозненне ад Пуціна, сказаць, што магчымыя нейкія параметры міру, калі будуць выконвацца пэўныя ўмовы. Лукашэнка спрабуе сысці ад моманту, калі яму будзе неабходна ўмяшацца непасрэдна і падтрымаць агрэсію Расіі супраць Украіны», — тлумачыць сітуацыю Мусіенка.
Пры гэтым кіраўнік кіеўскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў падкрэслівае, што ва Украіне няма праявы агрэсіі ў дачыненні да беларусаў. «Шмат грамадзян Беларусі ваююць цяпер супраць Расіі ў складзе УСУ. Я не магу іх назваць "брацкім народам", аднак у выпадку сыходу Лукашэнкі і калі ў Беларусі будзе сапраўды дэмакратычны ўрад, які будзе настроены на канструктыўнае мірнае суіснаванне з Украінай, Захадам і ЕС, то, вядома, мы будзем падтрымліваць з беларусамі добрасуседскія адносіны», — не сумняваецца Аляксандр Мусіенка.
Чаму Украіна не бамбіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы
Палітолаг Дзмітрый Балкунец не ўбачыў у неанансаваным загадзя прыездзе Уладзіміра Пуціна ў Мінск нічога экстраардынарнага.
«Падобныя візіты традыцыйныя. Кожны раз, калі Пуцін уступае ў новы тэрмін, ён кожны раз наведвае Мінск. Прычым двойчы яго першыя візіты былі ў Беларусь, а цяпер яго першы візіт быў у Кітай, а потым — у Беларусь. Таму я мяркую, што гэта такі дзяжурны візіт, але афіцыйны», — тлумачыць ён.
Эксперт мяркуе, што для Пуціна першараднае значэнне мае дэманстрацыя таго, што Беларусь — зона расійскіх інтарэсаў. Акрамя таго, для Пуціна цяпер вельмі важна задзейнічаць беларускіх прамыслоўцаў у інтарэсах расійскага ваенна-прамысловага комплексу. «Таму я мяркую, што ён туды запрасіў усіх ваенных міністраў і ўсіх тых, хто займаецца "абаронкай", каб узгадніць рознага кшталту праекты, звязаныя з атрыманнем Беларуссю заказаў, ваенных крэдытаў і іншага. Верагодна, абмяркоўваліся і ўсе ваенныя справы ў дачыненні да Украіны, таму што зразумела, што яны будуць працягваць сумесныя дзеянні», — дадае палітолаг.
Падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі гаворка ішла і пра ўзаемаадносіны ў энергетычнай галіне. «Неабходна канчаткова ўзгадніць умовы паставак нафты і газу ў Рэспубліку Беларусь. Мы абмяркоўваем гэта не першы год, і сёння Уладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэнне. Думаю, урады ў найбліжэйшыя дні ў гэтым рэчышчы дапрацуюць гэтыя пагадненні. Мы дэталёва разабралі ўсе нюансы», — прыводзяць беларускія афіцыйныя СМІ словы самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі.
На думку Дзмітрыя Балкунца, магчыма, Лукашэнка змог у цяперашніх умовах выгандляваць яшчэ нейкую зніжку на расійскі газ, хоць і цяпер кошт гранічна нізкі. «Пры гэтым хачу адзначыць, што цяпер Расія залежыць ад беларускіх НПЗ, таму што менавіта з іх пастаўляецца авіяпаліва для расійскіх вайсковых самалётаў. І Лукашэнка мае ўгоду з Зяленскім, бо Украіна не бамбіць беларускія ваенна-прамысловыя аб'екты, якія забяспечваюць "абаронку". Верагодна, ёсць нейкая здзелка, у якой зацікаўлена ў тым ліку і Масква. Таму што калі тыя НПЗ, якія знаходзяцца ў Беларусі, будуць выведзеныя з ладу, то гэта паралізуе і ўсю беларускую прамысловасць, і ўдарыць па расійскіх ваенна-прамысловых прадпрыемствах, якія атрымліваюць цяпер паліва з Беларусі», — мяркуе Дзмітрый Балкунец.
Суразмоўца «Голасу Амерыкі» згадаў і пра спектр пытанняў па сельскай гаспадарцы, паколькі Расія пазбавілася доступу да харчавання з Еўропы і вымушана замяшчаць нястачу не толькі беларускай прадукцыяй, але і кантрабанднымі беларускімі схемамі. Прычым гэта датычыцца не толькі сельскай гаспадаркі, але і прамысловай прадукцыі. «Калі паглядзець статыстыку, то за два гады такія пастаўкі з Еўропы павялічыліся ў 10 разоў. У 2023 годзе было ўвезена аўтамабіляў на 2,5 млрд. еўра. У Беларусі няма такой колькасці аўтамабілістаў, колькі аўтамабіляў паставілі! Значыць, ёсць такія схемы, якія дазваляюць праводзіць розныя камбінацыі для абыходу санкцый. Я думаю, што гэтыя пытанні таксама абмяркоўваліся», — завяршае каментар Балкунец.
Расія як «вялікая Беларусь» з ядзернай зброяй
Незадоўга да пачатку цяперашняга візіту Пуціна ў Мінск адбыліся дзве падзеі, якія наўпрост могуць тычыцца бяспекі краін Балтыйскага ўзбярэжжа. З'явіліся паведамленні, што Расія можа ў аднабаковым парадку паспрабаваць змяніць свае марскія межы з Фінляндыяй, Эстоніяй і Літвой.
А ў чацвер у Беларусі быў прызначаны новы кіраўнік Генштаба. Ім стаў генерал-маёр Павел Муравейка, які нядаўна заявіў пра гатоўнасць «прасячы сілай зброі» Сувалкскі калідор. Генерал-маёр Віктар Гулевіч, які займаў раней гэтую пасаду, быў праціўнікам удзелу Узброеных сіл Беларусі ў вайне з Украінай, і яго звольнілі з пасады з прычыны ўзросту. Хоць Гулевічу 54 гады, а Муравейку — 52.
Карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» пацікавілася ў дырэктара расійскіх праграм Фінскага інстытута міжнародных адносінаў Аркадзя Мошэса, ці могуць, на яго погляд, гэтыя падзеі сведчыць пра сапраўдную гатоўнасць так званай «Саюзнай дзяржавы» ўступіць у ваенны канфлікт з NATO? Ці гэта ўсяго толькі «гульня мускуламі»?
На думку эксперта, гэтыя два эпізоды не звязаныя паміж сабой. «У першым выпадку Расія паказала, што можа стварыць праблемы там, дзе раней праблем не было. Маўляў, пакуль вы ў NATO не ўступалі, усё было добра, а цяпер усё будзе дрэнна. Гэта ў стылі выказванняў Пуціна. Але тое, што гэтая навіна была з такой хуткасцю дэ-факта дэзавуяваная і была знятая з усіх адпаведных сайтаў у Расіі, гаворыць пра тое, што гэта сапраўды была нейкая памылка», — мяркуе Аркадзь Мошэс. І дадае, што, магчыма, у Крамлі хацелі праверыць рэакцыю ўладаў Фінляндыі. І высветлілася, што там панікаваць ніхто не збіраецца, а ў выпадку рэальнай спробы змены межаў Расіі давядзецца сутыкнуцца з міжнародным юрыдычным працэсам, які можа доўжыцца не адно дзесяцігоддзе.
Што тычыцца рыторыкі новага кіраўніка Генштаба беларускага войска, то, як нагадвае суразмоўца «Голасу Амерыкі», такія заявы чутныя далёка не ўпершыню: «Летась Лукашэнка гаварыў, што "вагнераўцы" яго вельмі напружваюць, таму што яны рвуцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў. Ну, сказаў І сказаў, падумаў, што пажартаваў. Такія заявы безадказныя не толькі з пункту гледжання міжнароднай рэакцыі, таму што ўсе выдатна разумеюць, што беларускае войска не ў тым стане, калі яно магло б нешта "прасячы". Асабліва, калі ўяўляць сабе, як выглядае Сувалкскі калідор і што праз пяць хвілін пасля таго, як вузкія дарогі там будуць запоўненыя ваеннай тэхнікай, гэтая тэхніка ператворыцца ў спалены хлам».
Акрамя таго, Аркадзь Мошэс лічыць, што такія заявы рызыкоўныя з пункту гледжання беларускай унутранай палітыкі, паколькі ў Беларусі існуе грамадскі кансэнсус адносна недапушчальнасці ўдзелу яе арміі ў баявых дзеяннях па-за межамі краіны. «Магчыма, гэтаму чалавеку хочацца спадабацца такім чынам Лукашэнку і Пуціну, хочацца паўтарыць стыль Дзмітрыя Мядзведзева і здабыць яго славу "выдатнага блогера". Але сур'ёзна гэта ўспрымаць ніхто не будзе. Вядома, Польшча будзе ўмацоўваць мяжу ў адпаведнасці са сваімі планамі, але больш тут няма пра што казаць», — мяркуе дырэктар расійскіх праграм Фінскага інстытута міжнародных адносінаў.
У Мінску Уладзімір Пуцін усяляк стараўся падкрэсліць, што ніякай міжнароднай ізаляцыі Расіі не існуе. Так, ён згадаў нядаўнія перамовы «з нашымі арабскімі сябрамі».
У сваю чаргу, Лукашэнка, жадаючы падыграць Пуціну, у кантэксце яго нядаўняга візіту ў Пекін, сказаў, што збіраецца абмеркаваць двухбаковыя адносіны і ў кантэксце ўзаемадзеяння з Кітаем. «Думаю, Сі Цзіньпін будзе рады, што мы абмяркоўваем гэтыя пытанні», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА».
Ацэньваючы гэтыя выказванні, Аркадзь Мошэс адзначыў, што мінскі візіт Пуціна стаў своеасаблівай псіхалагічнай кампенсацыяй. Ён нядаўна з'ездзіў у Пекін. Я не з'яўляюся прафесійным дыпламатам і не ведаю прафесійных асаблівасцей пратаколу, але мне здаецца, што калі вы наведваеце краіну з дзяржаўным візітам, то вы павінны праводзіць максімум часу з чалавекам, роўным вам па становішчы. А Пуцін увесь свой другі дзень візіту правёў у Харбіне, дзе яго найвышэйшым суразмоўцам быў губернатар правінцыі. І Сі Цзіньпін паслаў туды прывітальную тэлеграму. Гэта, канешне, зневажальна, і, па вялікім рахунку, гэтага не павінна быць падчас дзяржаўнага візіту», — лічыць Мошес.
На думку эксперта, Пуцін разумее асіметрыю расійска-кітайскіх адносінаў і няроўнасць патэнцыялаў дзвюх краін і ведае, што ён з'ездзіў у краіну, дзе Расія ўспрымаецца як «малодшы брат», а не як роўны партнёр. І, па сутнасці, Расію ў Кітаі ўспрымаюць, як «вялікую Беларусь», хоць і з ядзернай зброяй.
«І вось Пуцін едзе ў Мінск, дзе сітуацыя мяняецца. І цяпер Расія выглядае як "старэйшы брат", а Беларусь — як "малодшы брат". І тут яго прымаюць па вышэйшым разрадзе. Гэта першае. А другое — мне не здаецца, што так званага "глабальнага Поўдня" наогул не існуе. І калі летась у Пекіне адбыўся саміт "Адзін пояс — адзін шлях", Лукашэнку туды наогул не запрасілі. І я нават дапускаю, што нейкую ролю ў гэтым адыграла Масква, таму што быць Пуціну і Лукашэнку ў Пекіне на роўных — ну, гэта зусім непрыгожа з пункту гледжання Крамля. А потым Лукашэнка таксама з'ездзіў у Кітай, каб зрабіць нейкія пратакольныя фотаздымкі. Але далей за гэта справа не пайшла», — пракаментаваў сітуацыю Аркадзь Мошэс.
І, падсумоўваючы тэму, нагадаў, што летась Беларусь падавала заяўку на ўступленне ў БРІКС, але ёй было адмоўлена. «А Пуцін не паехаў на саміт у ПАР, каб не падвяргаць сябе небяспецы быць выдадзеным Міжнароднаму крымінальнаму суду. І гэты факт — адказ на пытанне, ці гатовы ўмоўны "глабальны Поўдзень" ўпісвацца за Расію і Беларусь. Я думаю, што гэтыя дзве краіны ўваходзяць, разам з Іранам і Паўночнай Карэяй, у нефармальную групоўку, якая называецца BRINC, што па-англійску гучыць вельмі смешна ("край". — Заўв. рэд.). І ўсе гэтыя краіны сапраўды дапамагаюць Расіі весці вайну супраць Украіны», — завяршае свой каментар Аркадзь Мошэс.