Беларуская эканоміка спатыкаецца аб «Вялікі камень»
У цяперашняй дзейнасці «Вялікага каменя» няма наогул ніякай разумнай эканамічнай логікі, акрамя, можа быць, логікі прыгожых справаздач. Функцыю, дзеля якой ён ствараўся, Парк не выконвае і выконваць не можа. Таму і вынікі яго дзейнасці — гэта не падстава для гонару.
Колькасць рэзідэнтаў беларуска-кітайскага парку «Вялікі камень» павялічылася летась са 100 да 120. Работнікаў, паводле звестак Белстат, таксама стала больш на 22,5%. Сярэднія заробкі выраслі амаль на 9%. Замежныя інвестыцыі — наогул у два разы, да 28 млн даляраў.
«Сюды прыходзяць... і працягваюць прыходзіць. Нават ва ўмовах дзеяння ўсіх абмежаванняў, санкцый і іншых праяў, кампаніі з краін Еўрапейскага, амерыканскага кантынента, якія выразна разумеюць перавагі, па-першае, эканамічныя гэтага пункту», — сказаў прэм'ер Раман Галоўчанка падчас наведвання «Вялікага каменя».
Беларускія ўлады абяцаюць кампаніям, зарэгістраваным у парку 10 гадоў падатковых вакацый па падатку на прыбытак, 50 гадоў — па падатку на нерухомасць і пяць гадоў — па падатку на дывідэнды. А яшчэ — гарантыю нязменнасці ўмоў вядзення бізнесу разам з мытнымі прэферэнцыямі, нагадвае «Беларусы і рынак».
Гэта значыць, у парку ўсё добра.
Але ёсць нюанс.
Паводле звестак таго ж Белстата, за мінулы год экспарт парку вырас на 5,6%, да 136 млн долараў. І гэта, вядома, добра. Калі б пры гэтым імпарт у «Вялікі камень» не павялічыўся адразу на 43%, да амаль 250 млн долараў.
Дэфіцыт гандлёвага балансу Парку за мінулы год вырас у 2,5 разы.
А «Вялікі камень» будавалі дзеля таго, каб наадварот, паправіць гандлёвы баланс. Ён павінен быў стаць беларускімі варотамі для кітайскіх тавараў у Еўропу. Але ад брамы ў Еўропу засталася толькі маленькая фортка. Якая ў любы момант можа зачыніцца.
«Рынак ЕАЭС па — ранейшаму сур'ёзны і плацежаздольны», — супакоіў прэм'ер Галоўчанка.
Вось толькі вазіць кітайскія тавары ў Расію і Казахстан можна і не заязджаючы ў Беларусь. Чым кітайскія вытворцы, уласна, і займаюцца. І ў выніку, як паказваюць даныя Белстата, замест таго, каб стаць беларускімі варотамі ў Еўропу для кітайскіх тавараў, «Вялікі камень» стаў варотамі для ўвозу кітайскіх тавараў у Беларусь.
Прычым для вельмі камфортнага ўвозу. З усімі льготамі і мытнымі прэферэнцыямі. Гэта значыць, беларускія ўлады ў «Вялікім камені» фактычна стымулююць кітайскі імпарт у Беларусь, падтрымліваюць кітайскага вытворцу.
Хоць кітайскі імпарт, у адрозненне ад беларускага экспарту ў Кітай, сябе і так нядрэнна ў Беларусі адчувае. Толькі за першыя два месяцы гэтага года беларускі экспарт у Кітай упаў амаль на 30%, а кітайскі імпарт у Беларусь — вырас на 7%. Гандлёвы дэфіцыт за гэтыя два месяцы вырас да 550 млн долараў. А за мінулы год гэты дэфіцыт быў 3,2 млрд долараў.
Так што атрымліваецца, што ў цяперашняй дзейнасці «Вялікага каменя» няма наогул ніякай разумнай эканамічнай логікі. Акрамя, можа быць, логікі прыгожых справаздач. Таму што функцыю, дзеля якой ён ствараўся, гэты Парк не выконвае і не можа выконваць. І вынікі яго дзейнасці — гэта дакладна не падстава для гонару.