«Дэжа вю»-навіны: стабільнасць ці застой?

Наша беларуская стабільнасць — такая стабільная, што часам хочацца нейкай дзвіжухі. Чагосьці яркага і крэатыўнага. Але крэатыўныя людзі, на жаль, з'ехалі за мяжу. Таму там — скандалы і расследаванні, а калі чытаеш беларускія навіны, узнікае пачуццё «дэжа вю». Усё гэта ўжо было.

Мінск, 1990-я. Каровы пасвяцца ля метро «Усход». Фота з blisch.by

Мінск, 1990-я. Каровы пасвяцца ля метро «Усход». Фота з blisch.by

Напрыклад, 20 траўня па Мінску прайшоў дождж. Дажджы, вядома, ідуць рэгулярна, і быццам бы, ніякай навіны ў гэтым няма. Але пры гэтай залеве як заўсёды «паплыла» Няміга. У ГЦ Galileo вада лілася са столі. Мінскі метрапалітэн паведаміў аб праходжанні вады са скляпенняў станцыі «Плошча Леніна».

Вось ані каліва гэтыя навіны не здзіўляюць. Таму што стабільнасць. Кожную вясну-лета пасля моцных ліўняў Няміга «плыве». І, нібыта ж, будавалі калісьці новы калектар, які быў пакліканы якраз забяспечыць сухасць гэтай вуліцы. Але ці то недабудавалі, ці то не так пабудавалі, ці то пабудавалі так, як трэба, але ўсё роўна дарма... Дзесяцігоддзямі мы чуем адную й тую ж навіну — у час залевы «паплыла» Няміга. Кожны год — аднолькава.

Ці вось 21 траўня. У адзін дзень у Мінску задыміліся адразу два аўтобусы МАЗ — адзін ва Уруччы, другі на прыпынку «Пятроўшчына».

Як паведамілі навінавыя агенцтвы, у раёне Уручча ў аўтобусе заклініў генератар, адбылося расслаенне і абрыў прываднога рамяня і задымленне. Кіроўца скарыстаўся вогнетушыцелем, аўтобус адбуксіравалі ў парк для рамонту. А на прыпынку «Пятроўшчына» ў аўтобусе спрацавала сістэма пажаратушэння. Узгарання не было, ніхто не пацярпеў.

Дарэчы, 19 траўня на праспекце Машэрава аўтобус МАЗ гарэў адкрытым агнём.

Раней аўтобусы МАЗ стабільна загараліся ў Санкт-Пецярбургу. Там нават прыпынялі эксплуатацыю беларускіх машын з-за частых пажараў. Цяпер чарга прыйшла і ў Мінск. Тры ўзгаранні за тры дні, — гэта, мабыць, рэкорд. Але на жаль, усё роўна рэкорд з разраду «дэжа вю».

І вось чаму гараць МАЗы? Ці то праз санкцыі з «імпартазамяшчэннем». Ці то таму, што ўсе крэатыўныя людзі з'ехалі — у тым ліку і з МАЗа, дзе не хапае 14% работнікаў. Ці таму, што беларускіх работнікаў на МАЗе таксама «імпартазамясцілі» работнікамі з Узбекістана (хадзілі такія чуткі). А хутчэй за ўсё — сукупнасць фактараў.

У выніку ў «Год якасці» Беларусь можа пазбавіцца апошняга іміджавага бонуса, які ў яе заўсёды быў — гэта, якраз бонус якасці беларускай прадукцыі. Ён дастаўся нам ад СССР, калі БССР была «зборачным цэхам» саюзных рэспублік, і ўсе ведалі, што «беларускае — значыць якаснае». Цяпер і гэты міф разбураецца. Таму што для якасці патрэбныя якасныя камплектуючыя і кваліфікаваныя працоўныя рукі. А краіна, намаганнямі кіруючай вярхушкі, пазбавілася і таго, і другога.

Глядзіце таксама

Наогул, гэта вельмі цікава: быццам беларускае кіраўніцтва хтосьці пракляў (і мажліва, мы ведаем хто, бо немагчыма катаваць цэлую краіну і не несці за гэта хаця б кармічнай адказнасці). Абвясцілі «Год якасці» — пачалі масава гарэць аўтобусы, прарывацца трубы і разбурацца масты. Ці вось на мінулым тыдні Лукашэнка сустрэўся са старшынём КДБ і даручыў таму разабрацца з «крышаваннем», а на гэтым тыдні КДБ затрымаў супрацоўніка міліцыі, датычнага да банды налётчыкаў, што рабавала фуры. Не «крышаванне», канешне, але таксама сёе-тое.

І ў сувязі з гэтым я ўспамінаю мітынг 16 жніўня 2020 года. Той самы, пралукашэнкаўскі, на які звозілі людзей са ўсёй краіны, і ў якім, па запэўненнях прапаганды, прыняло ўдзел да 50 тысяч чалавек. Тады Лукашэнка ўпершыню за вельмі доўгі час выйшаў да народа, і 50 тысяч чалавек чулі яго просьбы даць яму давер на новы кіроўны тэрмін — каб не было вайны, каб не было бандытызму на вуліцах, «як у 90-я», каб была моцная эканоміка, а не «мукі на тры дні»…

І чым больш я гляджу на нашыя стабільныя навіны, тым больш я пераконваюся, што ўсё аказалася роўна наадварот. Абяцалі захаваць мір — уцягнулі Беларусь у вайну ва Украіне. Абяцалі не дапусціць бандытызму — а цяпер супрацоўнікі крымінальнага вышуку зліліся з бандытамі і разам рабуюць дальнабойнікаў. Абяцалі сяброўства паміж народамі, а стварылі на мяжы з суседзямі мігранцкі крызіс. І наогул у выніку нашых «сяброўскіх крокаў» Літва плануе скасаваць з намі і  Расіяй тыя двухбаковыя дамовы, якія могуць быць замененыя шматбаковымі пагадненнямі.

Падавалася б, няма ў гэтым нічога дзіўнага. Украіна ў выніку вайны скасавала шмат міжнародных дамоўленасцяў, але ў выніку нічога асаблівага пакуль не здарылася. Дый бывае і так, што дамовы ёсць, але насамрэч не працуюць, бо яны выключна «пратакольныя».

Аднак у цяперашнім выпадку вельмі красамоўная матывацыя літоўскага боку. Дамовы, якія не працуюць, павінны быць адмененыя для таго, каб Літва не была абавязаная выконваць іх у аднабаковым парадку. «Калі ў адносінах паміж двума партнёрамі адзін з іх прытрымліваецца вяршэнства права, а другі — не, гэта азначае, што палажэнні дамовы абавязковыя для Літвы, і мы павінны іх выконваць. Гэта азначае, што патрабаванні партнёра па дамове могуць стаць для нас абавязковымі», — сказаў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Гэта значыць, Літва канстатуе, што ў Беларусі няма вяршэнства права, ад нас не чакаюць нічога добрага, і нават падазраюць, што сёй-той можа заняцца дыпламатычным шантажом у аднабаковым парадку. Таму і праводзяць рэвізію сваёй дагаворнай базы, каб у выпадку чаго…

Уяўляеце, наколькі моцна ўпала Беларусь у вачах суседзяў?

Праўда, адзін стабільны сябар у нас ёсць. У Беларусь з візітам завітаў Уладзімір Пуцін. Ён наведвае нас стабільна раз на год: выключэннем сталі хіба «кавідныя» 2020-2021 гады. Праўда, мог бы і часцей, паколькі Лукашэнка ездзіць да яго ў госці больш рэгулярна: пазалетась беларускі кіраўнік быў у Расіі дзевяць разоў, летась — восем, і ўжо два разы — сёлета.

І кожны раз журналісты варожаць: пра што казалі Лукашэнка і Пуцін? Што абмяркоўвалі? Ці ёсць паміж імі пытанні, ці ёсць пра што казаць? І чаго Пуцін запатрабаваў ад Лукашэнкі? Таму што ў нас у краіне стабільнасць, і ў Лукашэнкі да Пуціна пытанне заўсёды толькі адно: «Дайце грошай».

Але часам мне здаецца, што нашыя навіны — навіны не стабільнасці, а застою. Ну як мы за 15 гадоў не змаглі зрабіць адну ліўневую каналізацыю на адной вуліцы Мінска? Хацелася б, вядома, іншых навін — не з мінулага, а з будучыні, крэатыўных, дзіўных, цікавых. Дзесьці ж праводзяць вопыты з графенам і збіраюцца ляцець на Марс!

А ў нас усё яшчэ няма іншых навін, акрамя як навін «з мінулага»…