Чаму гараць МАЗы? Усё праз санкцыі, якія, паводле слоў, Лукашэнкі, «не працуюць»
У Расіі і ў Беларусі пачасціліся выпадкі ўзгарання аўтобусаў, якія вырабляе Мінскі аўтамабільны завод. Было некалькі выпадкаў, калі аўтобус падчас руху, з пасажырамі, якія знаходзіліся ў салоне, пачынаў гарэць або дыміцца. На нейкі час Санкт-Пецярбург нават зняў іх з рэйсаў для праверкі і адмаўляўся закупляць новыя. «Настоящее время» распавядае, як гэтыя выпадкі звязаныя з міжнароднымі санкцыямі.
Расійскі горад Салехард. Паліцыянты разам з кіроўцам тушаць аўтобус МАЗ, у салоне якога знаходзіліся пасажыры. Горад Іжэўск. Ратавальнікі спрабуюць патушыць ужо практычна згарэлы аўтобус. Узгаранні адбываюцца і ў Беларусі. Нядаўна ў Брэсце аўтобус МАЗ загарэўся на маршруце. І гэта толькі некалькі выпадкаў за апошнія месяцы з аўтобусамі, якія былі сабраныя ў Менску.
Да гэтага МАЗы загараліся ў Саратаве, Казані, Пермскім краі і іншых гарадах. У Пецярбургу летам мінулага года аўтобусы МАЗ на некаторы час зусім знялі з маршрутаў з-за частых пажараў. Паводле даных МНС Расіі, полымя ўспыхвае ў маторным адсеку.
Аляксандр Лукашэнка тады казаў, што прычына — у няўмелым абслугоўванні аўтобусаў расійскімі пакупнікамі.
«Гэта трэба не толькі своечасова гайку закруціць, але агляд павінен быць перад выездам пастаянна, а ўсяго гэтага не было. Натуральна, дзесьці ўцечкі, працёкі і гэтак далей», — казаў Лукашэнка.
Былыя беларускія сілавікі з аб'яднання BELPOL даведаліся, што Лукашэнка ўсё ж даручыў правесці сакрэтную службовую праверку на заводзе ў Беларусі. Паводле іх звестак, праверка паказала, што галоўная прычына частых узгаранняў — адсутнасць дэталяў, якія раней закуплялі ў Еўрасаюзе.
«Прычынамі ўзгарання з'яўляецца вымушанае ўнясенне канструктыўных змяненняў з прычыны накладзеных міжнародных санкцый, — распавёў прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар. — У тым ліку замена запраектаванага рухавіка Mercedes на кітайскі рухавік».
Пад санкцыі ЕС МАЗ трапіў летам 2021 года ў адказ на масавыя рэпрэсіі, а таксама праз прымусовую пасадку самалёта Ryanair, на якім ляцеў апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч. Эканаміст Леў Львоўскі прычыны масавых узгаранняў аўтобусаў бачыць у санкцыях, а таксама ў рашэннях кіраўніцтва завода.
«МАЗы пачалі гарэць практычна адразу ж пасля ўвядзення санкцый, калі МАЗ страціў доступ да адных дэталяў, дэталяў з еўрапейскіх краін, – кажа Львоўскі. — Яны павінны былі цалкам перасабраць свой аўтобус, гэта значыць, можна рабіць і з кітайскімі часткамі, уласна, кітайцы робяць свае аўтобусы. Проста трэба зноўку прадумаць усю праводку, усю схему».
На часовае
прыпыненне вытворчасці, дадае эканаміст, беларускія ўлады пайсці
адмовіліся.
«І тады інжынеры МАЗа знайшлі больш-менш падобныя дэталі, уставілі іх на месца вось гэтых еўрапейскіх дэталяў і пачалі вырабляць. Ну фармальна аўтобус запускаецца, ездзіць, але, як мы бачым, часта ездзіць ён не вельмі далёка», — адзначыў Леў Львоўскі.
Што пра ўзгаранні думаюць на самім прадпрыемстве, выданне паспрабавала даведацца ў
Сяргея Жыліча, намесніка генеральнага дырэктара МАЗа:
— Гэтае пытанне досыць шырока абмяркоўвалася на ўсіх нарадах. Нават на самым высокім узроўні. Ёсць афіцыйная пазіцыя завода, яна будзе выкладзеная прэс-службай.
— Ёсць адна з версій, што гэта наступствы санкцый. Наколькі гэта блізка да рэчаіснасці?
— У тым ліку, але гэта было на пачатковым этапе. Адна з прычын, адна з…
— А цяпер якая сітуацыя?
— Я не буду каментаваць.
Пракаментаваць сітуацыю «НВ» таксама папрасіла АТ «Трэці парк», транспартных перавозчыкаў у Пецярбургу, якія куплялі мінскія аўтобусы.
«Шчыра кажучы, мы не вытворцы, — адказалі там. — Гэта МАЗу трэба пытанне задаць. Яны рабілі экспертызу. У іх ёсць усе дакументы. Можаце да іх звярнуцца».
І пакуль Аляксандр Лукашэнка адмаўляе наступствы
ўведзеных санкцый, аўтобусы МАЗ сталі горш прадавацца на расійскім рынку. Паводле звестак агенцтва «АСМ-Холдынг», за
першы квартал гэтага года пастаўкі ў Расію ўпалі
на 28%.