Лукашэнка і перажыткі мінулага. Што б было, калі б ябацек не прымушалі

Даўно вядома, што Аляксандр Лукашэнка — чалавек ў савецкім менталітэтам. Суботнікі, УНС у выглядзе пленума КПСС, БРСМ — усе гэта перажыткі таго самага мінулага. І ўсё гэта ўкараняецца ў нашае жыццё прымусова. Але што б было, ккалі б прымус раптам знік?

Фота 1prof.by

Фота 1prof.by

«У сюжэце, прысвечаным суботнікам, дзяржпрапаганда паспрабавала адказаць на пытанне, чаму беларусы не лічаць гэтую рэінкарнацыю добраахвотна-прымусовай працы перажыткам мінулага, — піша «Салідарнасць». —

Ужо сам факт, што на такое пытанне патрэбны адказ, паказвае, што не ўсе беларусы рады штогод выконваць гэтую павіннасць. Прапануем не спыняцца на гэтым, бо ў арсенале Аляксандра Лукашэнкі, які вярнуў беларусам суботнікі, ёсць нямала ініцыятыў, якія падпадаюць пад катэгорыю «перажыткаў мінулага».

Давайце згуляем у гульню пад умоўнай назвай «А што б было, калі...?», каб ацаніць, наколькі даўгавечныя ўсе гэтыя прывітанні з мінулага без ключавой падпоркі — старога-нядобрага адміністрацыйнага рэсурсу.

Пачнем з тых жа суботнікаў. А што было б, калі б улады хоць бы на год забыліся пра іх? Нібы гэтых суботнікаў ніколі і не было. Як быццам яны і праўда засталіся ў мінулым.

Калі б нікога не зганялі на іх, не прызначалі адказных, не пагражалі пазбаўленнем прэмій і скасаваннем кантракту з бунтаўшчыкамі. Убачылі б мы ў такім выпадку два мільёны бюджэтнікаў з венікамі, граблямі і вёдрамі фарбы, якія ў адзіным парыве вырашылі папрацаваць бясплатна?

Што б было з дзяржаўнымі газетамі, калі б настаўнікаў і медыкаў, міліцыянтаў і ратавальнікаў, леснікоў і чыноўнікаў перасталі «ўгаворваць» падпісвацца на профільныя выданні?

Колькі б бацькоў запісалі сваіх дзяцей у піянеры і БРСМ, калі б за імі па пятах не хадзілі класныя і завучы? Калі б дзяцей не гнабілі за адмову стаць «патрыётам»"?

Як бы выглядалі трыбуны лядовага палаца ў дні зімовага свята хакея імя Лукашэнкі, калі б школьнікі займаліся на вакацыях тым, чым хочуць, а не стваралі масоўку па закліку школьнай адміністрацыі? Калі б туды не прыводзілі паднявольных салдат?


Глядзіце таксама

Апошні Усебеларускі народны сход ужо не раз параўналі з пленумамі часоў позняга старэючага Брэжнева. Чым не перажытак мінулага?

Пытанне — калі б патэнцыйным дэлегатам у гэты раз прапанавалі прыехаць у Мінск за свой кошт, зняць за свае крэўныя пакой ці ложак у хостэле, паабедаць і павячэраць за свае ж, і нават на залу скінуцца, аплаціць ахову міліцыі і дзяжурную «хуткую» ля ўваходу, паслугі МНС — колькі б ябацек і лукашыстаў, як сваіх прыхільнікаў назваў на днях сам Лукашэнка, у парыве патрыятызму і пачуцця абавязку перад радзімай прыехалі б у сталіцу?

Але нешта падказвае, што на гэтыя пытанні прыдворная прэса шукаць адказы не стане. Што, дарэчы, таксама з'яўляецца відавочным перажыткам мінулага».