«Мерапрыемства, ад якога за вярсту нясе і нафталінам». Эксперты — аб выніках правядзення УНС
24-25 красавіка ўпершыню адбылося пасяджэнне так званага Усебеларускага народнага сходу ў якасці канстытуцыйнага органа. Яго старшынёй быў абраны Аляксандр Лукашэнка, яго намеснікам — памочнік кіраўніка краіны Аляксандр Косінец.
З прыкметных фігур у складзе прэзідыума — толькі «губернатары» Уладзімір Каранік і Юрый Шулейка. Лукашэнка заявіў, што УНС «трэба ў наш палітычны побыт умантаваць».
UDF пацікавіўся ў экспертаў: якія ў іх засталіся ўражанні ад мінулага мерапрыемства?
«Падобна не на ўбудаванне УНС у сістэму ўлады, а на ўбудаванне ў сістэму прапаганды»
Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка ў каментары параўнаў мерапрыемства з пракрастынацыяй (падменай тэрміновых і важных спраў на другарадныя заняткі).
«Замест таго, каб вырашаць рэальныя праблемы Беларусі: няхай гэта будзе палітычны крызіс, праз які ўласна і перафарматавалі УНС, няхай гэта будзе эканамічныя праблемы, няхай гэта будзе праблемы з бяспекай (не выдуманыя дроны з Літвы, а, напрыклад, патэнцыйны канфлікт паміж Расіяй і НАТО на тэрыторыі Беларусі), Лукашэнка казаў пра зусім другасныя тэмы, пра тое, які ён малайчына, што задумалі англасаксы», — звярнуў увагу Мажэйка.
Склад прэзідыума ён назваў «пшыкам».
«Замест з'яўлення своеасаблівага аналага палітбюро, мы ўбачылі падборку людзей з розных сфер і з розных рэгіёнаў. Паўнамоцтвы, улада (а паміж з'ездамі дэлегатаў ўсе паўнамоцтвы аказваюцца ў прэзідыума) далі тым, хто не валодае адпаведнай наменклатурнай вагой. Лукашэнка размазвае дзяржаўную ўладу, каб мінімізаваць рызыкі магчымай змовы, наменклатурнага перавароту», — мяркуе Мажэйка.
На яго думку, з мінулага пасяджэння не стала зразумела, як умантаваць УНС у «палітычны побыт».
«Гэта дзіўны орган для палітычнай сістэмы, які ў такім выглядзе ў свеце не выкарыстоўваецца. Лукашэнка падчас пасяджэння УНС выказваў даволі супярэчлівыя ідэі. Незразумела, як паўнамоцтвы УНС будуць перасякацца з паўнамоцтвамі іншых галін улады — на практыцы, мабыць, ніяк. Падобна не на ўбудаванне УНС ў сістэму ўлады, а на ўбудаванне ў сістэму прапаганды. Пакуль нават сумнеўна, што абраны прэзідыум УНС будзе рэгулярна збірацца, тым больш што ў яго членаў застаецца асноўная праца. Магчыма, пра УНС хутка забудуць і не будуць успамінаць да наступнага разу, пакуль гэтага не захоча Лукашэнка», — мяркуе Мажэйка.
«УНС — не стабілізуючы фактар, а чужародны элемент, які будзе развальваць сістэму знутры»
Палітолаг Анатоль Котаў адзначыў, што пасля пасяджэння УНС у яго засталося ўражанні дэжа вю.
«Нармальныя краіны рухаюцца наперад, укараняюць сучасныя практыкі кіравання, будуюць новыя тыпы камунікацый з грамадзянамі, заснаваныя на гарызантальных сувязях. А тут вяртанне да самых дрымучых савецкіх практык, якія нельга было назваць эфектыўнымі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Вынікам дзейнасці такіх фасадных і грувасткіх структур, стала з'яўленне асаблівай касты вышэйшай наменклатуры, якая сябе нядрэнна адчувала на фоне агульнай беднасці дзякуючы доступу да спецабслугоўвання. Грамадзяне былі роўныя ў сваёй беднасці, а дзяржава ў выніку развалілася.
З цяжкасцю чытаюць па паперцы генсекі, трыццаты шрыфт, васковыя фігуры ў прэзідыуме. Яны самі сябе разваляць», — лічыць Котаў.
Ён дадаў: «Гэта, калі пра ўражанні. А думак бессэнсоўнае мерапрыемства, ад якога за вярсту нясе ладанам і нафталінам, выклікаць не можа».
Пра што можа сведчыць зацверджаны склад кіраўніцтва УНС?
«У УНС Лукашэнка хоча стварыць яшчэ адно блізкае кола. Больш даверанае і ўплывовае, чым адміністрацыя або ўрад. Відавочна, што ён вызначыў фаварытаў, у лік якіх увайшоў Косінец як стары правераны баец, так і два адносна новыя ў абойме чалавекі (Каранік і Шулейка). Гэтак жа можна сказаць, што Лукашэнка для сябе вызначыў галоўным у плане геаграфіі захад Беларусі. Гэта і самыя багатыя рэгіёны, і найменш лаяльныя. Роўна, як у карціне свету Лукашэнкі, яшчэ і танканебяспечныя. Увядзеннем у прэзідыум ён падкрэсліў асаблівы статус гэтых асоб, цяпер яны трохі раўнейшыя за іншых губернатараў і памочнікаў», — мяркуе эксперт.
Ці стала зразумела з мінулага пасяджэння, якую ролю УНС будзе адыгрываць у палітычнай сістэме Беларусі?
«Вырашаючы адну праблему — свайго ўласнага палітычнага транзіту, шляхам стварэння
вось гэтага хуралу
з сабой на чале, Лукашэнка стварыў іншую. УНС па-за
фарматам рытуальных сходаў раз у год ці некалькі гадоў,
грувасткі і непаваротлівы орган. Для самой сістэмы гэта не стабілізуючы
фактар, чужародны элемент, які будзе яе развальваць знутры. Асабліва, калі прэзідэнцкае
крэсла прыйдзецца перадаць камусьці іншаму. Дыктатуры дрэнна пераносяць спробы
самарэфармавання ў тым ліку», — адзначыў Котаў.