Асобная думка. Тытаны УНС
Скончыўся незразумелы чарговы УНС. Яшчэ некалькі дзён праўладныя і апазіцыйныя палітыкі і аналітыкі будуць яго прыгадваць дарэчы і не, але потым зноўку забудуць, як гэта не раз адбывалася. А вось адна цікавая дробязь, здаецца, засталася незаўважнай. Але яна вельмі добра характэрызуе ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства.
Нагодай для склікання стала прыняцце нейкай новай ваеннай дактрыны і канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. І тут мне вельмі цікава — як без гэтага абыходзіліся ўсе мінулыя гады? Распрацоўваюць гэтыя «важныя» дакументы спецыяльна прызначаныя людзі ў пагонах згодна з светапоглядам і пажаданнямі самі ведаеце каго. Ацэньваць вынік і выказваць свае меркаванні павінны таксама людзі з пэўнай адукацыяй і досведам, але чамусьці ў гэты раз дзеля фармальнай працэдуры ўхвалення таго, што даўно ўхвалена, спатрэбілася з помпай збіраць больш за тысячу разнастайных людзей, з якіх добра калі сотня штосьці ведае пра ваенную справу.
За некалькі тыдняў да гэтага «лёсавызначальнага» мерапрыемства праўладныя СМІ і тэлеграм-каналы стваралі ў сваіх чытачоў уражанне каласальнасці і глабальнай значнасці гэтага сходу, шмат гаварылі пра гіганцкую карысць працы «народных абраннікаў» не толькі для нашай краіны, але ж нават і свету ў цэлым! МУС адрапартавала аб узмоцненым варыянце нясення службы — болей за 3 тысячы сілавікоў дзень і ноч ахоўвалі спакой дэлегатаў. На 1158 удзельнікаў — 3000 ахоўнікаў. На кожнага «абранніка» болей за 2 ахоўніка. Не шмат, не?
У выніку, як слушна заўважыў мой калега Сяргей Салаўёў, атрымаўся вялікі псіхатэрапеўтычны сеанс масавай медытацыі пад вядомую мантру «ў нас тут усё добра, а ў іх там усё кепска». Толькі сляпому не зразумела, што амаль усе падобныя мерапрыемствы даўно ўжо адбываюцца ў асобным сусвеце ўдзельнікаў, які з кожным днём аддаляецца ад рэчаіснасці. Толькі вось гэтыя масавыя сеансы з кожным разам становяцца ўсё даражэй. Так, у гэты раз на правядзенне УНС спатрэбілася крыху больш за 1,5 мільёна рублёў. Галоўны бенефіцыяр сходу зняважліва назваў гэтую суму «капейкамі». Каму як...
А цяпер да той самай цікавай дробязі. Давайце згадаем, колькі часу «дэлегаты» займаліся той самай «тытанічнай» працай на карысць роднай дзяржавы. Першы дзень працы УНС пачаўся 24 красавіка а 14-й гадзіне, а скончыўся а 18-й гадзіне. Такім чынам, маем 4 гадзіны напружанай працы ў крэслах — слуханне самі ведаеце каго і галасаванне на выбарах прэзідыўму сходу і самі ведаеце каго. Куды там шахцёрам ці хірургам! Другі «працоўны» дзень пачаўся а 10-й раніцы і скончыўся а 14-й. Зноўку 4 гадзіны «тытанічнай» працы па ўхваленні двух «лёсавызначальных» дакументаў. Такім чынам, арганізацыя працы і самі 8 гадзін працы за 2 дні аднаго «абранніка» каштавалі больш за 1000 рублёў. Капейкі ж!
Гэта тыя самыя людзі, якія літаральна кожны дзень з усіх пляцовак патрабуюць «распранацца і працаваць», гуляюцца з пераносамі перадсвяточных дзён, каб мы, крый Божа, не пераадпачылі і каб аніводнай працоўнай хвілінкі не прапала. А тут 4 гадзіны пасядзеў у крэсле — і ўсё! Больш нельга, а то і захварэць можна ад перапрацоўкі. А можа, для іх саміх гэта нармальны і звыклы працоўны дзень — 4 гадзіны? Ці чальцы прэзыдыўму болей не вытрымліваюць? Ці яшчэ хто?
Увогуле падчас гэтага ўсяго мне прыгадваўся стары анекдот:
Па рацэ плыве лодка, у ёй мужык і жанчына на вёслах. Лодка павольна рушыць супраць плыні, жанчына веслярыць, а мужык сядзіць і думае: «Чорт, як ёй добра жывецца! Машы сабе вёсламі і машы, а мне думаць трэба як жыць далей...»