Класкоўскі: Разлічваць на змову ў асяроддзі беларускай наменклатуры наўрад ці варта

Аляксандр Класкоўскі аналізуе вынікі так званага УНС і задаецца пытаннем: хто і калі скажа Лукашэнку «ўсё»?

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

Такім чынам, у Аляксандра Лукашэнкі цяпер яшчэ адзін тытул. Па выніках Усебеларускага народнага сходу (УНС) правадыр рэжыму ўзначаліў і гэты орган. На сходзе Лукашэнка выразна даў зразумець, што на пенсію не збіраецца.

«Я пайду на супакой толькі тады, калі вы мне ў нейкай форме скажаце: усё. І калі побач будзе стаяць чалавек, які не здрадзіць, які будзе ісці на барыкады не баючыся. Які не будзе лічыцца ні з чым, нават з уласным жыццём», — патэтычна заявіў правадыр 24 красавіка.

«Сыходзь!» ужо гучала

Між тым, у 2020-м на Мінскім заводзе колавых цягачоў рабочыя ўжо сказалі Лукашэнку адкрытым тэкстам: «Сыходзь!» У розных варыяцыях гэты лозунг гучаў у тыя дні на шматтысячных маршах па ўсёй краіне. Аднак у трактоўцы кіраўніка і яго прапаганды тады, пасля прэзідэнцкіх выбараў, супраць рэжыму выступілі, маўляў, толькі нейкія адкіды грамадства — наркаманы, прастытуткі, бандыты, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Зрэшты, Лукашэнка не раз сам сабе супярэчыў, калі абураўся, што пратэставалі айцішнікі, прадпрымальнікі: маўляў, гэтым-та чаго не хапала?

Прычым у дні пратэстаў і нават нейкі час пасля іх падаўлення з вуснаў кіраўніка глуха гучала, што ён падумвае, маўляў, аб сыходзе. Верагодна, і Масква тады падціскала з транзітам.

На папярэднім, VI-м УНС у лютым 2021 года Лукашэнка быў яшчэ пад свежым уражаннем таго мірнага паўстання, запалліва спрабаваў даказаць, што ён усё роўна перамог. Маўляў, калі губернатары і падмалявалі галасоў, то зусім кропельку.


Глядзіце таксама

Цяпер, калі альтэрнатыва закатаная ў асфальт, кіраўнік паводзіць сябе важна, хоць і выглядае не цалкам здаровым. У першы дзень VII-га УНС, 24 красавіка, ён з задавальненнем канстатаваў: «Так, тут сабраліся лукашысты, ворагаў тут няма і не будзе!» А пасля дружнага галасавання за сябе адзначыў: «Так, у асноўным тут, напэўна, ябацькі». Гэта значыць, цэтлікі ад палітычных ворагаў расцаніў як своеасаблівы знак якасці.

І вось да гэтых старанна адабраных дагодлівых людзей правадыр звяртае свае найграныя пасажы ў духу «пайду, калі вы скажаце: усё».

Ён выдатна разумее, што ні ў каго з гэтай публікі не хопіць духу так сказаць. Нават калі хтосьці ў душы і лічыць, што чалавеку, які кіруе дзяржавай ужо амаль 30 гадоў, трэба і меру ведаць.

«Я не чапляюся за пасаду — ні адну, ні другую»

Зрэшты, многія з гэтай публікі, трэба думаць, і сапраўды хочуць, каб Лукашэнка правілаў даўжэй. Калі іншыя апазіцыйныя лідары заяўляюць, што ўвесь народ стогне пад ярмом дыктатуры, яны моцна спрашчаюць карціну.

За гады кіравання Лукашэнкі сфармаваўся цэлы клас тых, хто кроўна зацікаўлены ў захаванні рэжыму. Гэта і наменклатуршчыкі, якія не бачаць для сябе перспектыў у «новай Беларусі», і сілавікі (асабліва запэцканыя крывёю), і прапагандысты, і прыкормленыя бізнесмены. Плюс сямействы ўсіх гэтых дзеячаў (хоць трапляюцца і мяцежныя дзеці). Плюс яшчэ нямала людзей з патэрналісцкім мысленнем, не надта здольных і прадпрымальных, якія звыкліся разлічваць на казённы хлеб.

І праціўнікам рэжыму важна гэта ўсведамляць, каб не будаваць ілюзорных планаў. А думаць, у прыватнасці, і пра тое, як намацваць агульныя падыходы для магчымага дыялогу з прадстаўнікамі іншага лагера ў будучыні (хоць іншым палымяным змагарам гэтая тэма здаецца здрадай ідэалам).

Між тым, і наменклатура не аднастайная. Частка людзей сістэмы, асабліва тыя, хто займаецца эканомікай, напэўна не ў захапленні ад гэтага дзікага рэпрэсняку, які справакаваў санкцыі, закрыў гандаль з Захадам, вымывае кадры і г. д.


Глядзіце таксама

Іншая справа, што разлічваць на змову ў асяроддзі беларускай наменклатуры — праслухоўваемай спецслужбамі, дрыготкай ад аднаго погляду правадыра — наўрад ці варта.

Так што Лукашэнка можа спакойна какетнічаць на тэму «я не чапляюся за пасаду — ні адну, ні другую», як гэта прагучала на тым жа УНС. Хто запярэчыць?

Зрэшты, названая ім другая ўмова сыходу — «калі побач будзе стаяць чалавек, які не здрадзіць» — міжволі паказвае, што вельмі падазроны правадыр да канца не давярае нават бліжэйшаму асяродку.

Ляцяць качкі дроны з Літвы

Гэта наогул яго карціна свету: вакол ворагі — ад таемных БЧБшнікаў, якія стаіліся пад ліштвой, да «Вашынгтонскага абкама», што перманентна пляце змовы.

Гэтае бачанне абстаноўкі ў краіне і вакол выразна выявілася і ў прамовах Лукашэнкі на VII-м УНС. У другі дзень прамоўца працягнуў маляваць, як NATO на чале з ЗША точыць зубы на сінявокую рэспубліку. Ён перакананы, што на «беларускіх дзяцей заходнія спецслужбы сёння глядзяць як на вербавальны матэрыял». Бедныя дзеці!

Пры гэтым кіраўнік відавочна ўсцешыў апазіцыю ў яе цяперашнім стане, заявіўшы, што тая, якая падштурхоўваецца Захадам, рыхтуецца захапіць Кобрынскі раён.

Кіраўнік КДБ Іван Церцель выступіў у падобным духу, намаляваўшы карціну маштабнай злавеснай змовы Захаду супраць Беларусі. У прыватнасці, старшыня КДБ паведаміў, што яго ведамства прадухіліла ўдары дронамі з тэрыторыі Літвы па аб'ектах у Мінску.

Вільня тут жа зняпраўдзіла гэтую заяву. Зразумела, што ні адна дзяржава не пацвердзіць свае таемныя аперацыі. Але ў гэтым выпадку зусім незразумела, навошта літоўцам, якія і так баяцца расійска-беларускай агрэсіі, наклікаць бяду на сваю галаву.


Глядзіце таксама

Лукашэнка сам нядаўна сказаў, выехаўшы на блокпост у Ашмянскі раён, што па той бок мяжы капаюць супрацьтанкавыя равы. Яны баяцца нападу. І пры гэтым суседзі-натаўцы такія вар'яты, што правакуюць эвентуального суперніка запускам БПЛА з выбухоўкай?

Гэтак жа незразумела, навошта ўкраінскім спецслужбам нацкоўваць падлеткаў у Баранавічах падарваць мясцовы РАУС (гэта таксама з аповеду кіраўніка КДБ). Кіеў імкнецца не злаваць беларускія ўлады, каб Мінск не ўцягнуўся ў вайну яшчэ мацней.

Відавочна, што падначаленыя Лукашэнку людзі ў пагонах узмоцнена падыгрываюць яму, дэманізуючы Захад, Украіну і «збеглых».

Так, тыя ж згаданыя Церцелем «Кіберпартызаны» сапраўды здольныя хакнуць нешта рэжымнае (што час ад часу і робяць), але пры гэтым падкрэсліваюць, што ў любой іх аперацыі галоўнае — не нашкодзіць звычайным людзям.

Чаму папулярныя сілавыя сцэнары?

Між тым, паводле версіі Церцеля, у Літве радыкалы (трэба разумець, з ліку «збеглых») «распрацоўваюць планы па заходзе для здзяйснення тэрактаў на тэрыторыі прылеглых да Літвы Ашмянскага, Смаргонскага і Браслаўскага раёнаў». А на закрытых нарадах пад эгідай польскіх уладаў нібыта сур'ёзна абмяркоўваецца стварэнне так званай беларускай вызваленчай арміі.

Тое, што ў Польшчы і Літве асела шмат палітычных эмігрантаў, якія не маюць цёплых пачуццяў да рэжыму, факт агульнавядомы. Але неяк слаба верыцца, каб улады суседніх дзяржаў NATO ў саюзе з гэтымі эмігрантамі рыхтавалі ўварванне ў Беларусь. Бо выдатна ведаюць, што гэта саюзніца ядзернай Расіі, якая, да таго ж, размясціла сваю тактычную ядзерную зброю і на беларускай тэрыторыі (чым казыраў на УНС Лукашэнкі). Палезці, каб атрымаць ядзерны зарад у свой агарод?


Глядзіце таксама

Вядома, не варта ўсіх палітычных праціўнікаў рэжыму маляваць гэткімі негвалтоўнымі. Ёсць і гарачыя галовы.

Многія лічаць, што менавіта недахоп калянасці перашкодзіў пратэстоўцам зваліць рэжым у 2020-м. І пасля паразы пратэстаў сілавыя сцэнары сапраўды набралі папулярнасць у асяроддзі людзей, якія прагнуць змены ўлады. А ўжо людзі з палка Каліноўскага наогул адкрытым тэкстам кажуць, што разлічваюць пасля перамогі над Расіяй ва Украіне пайсці вызваленчым паходам на Беларусь.

Але чаму гэтыя сцэнары папулярныя? Ці не таму, што ў 2020-м сёй-той не захацеў сыходзіць насуперак волі вялікай колькасці беларусаў? Ці не таму, што сваім бязмежжам, скочваннем у таталітарызм, фактычным знішчэннем інстытута выбараў у іх нармальным сэнсе, катастрафічным узмацненнем залежнасці ад Расіі — усім гэтым рэжым, як перакананыя многія яго праціўнікі, проста перакрэсліў іншыя варыянты трансфармацыі Беларусі?

Многія беларусы чакаюць гадзіны Х

Між тым, у кулуарах УНС Лукашэнка працягнуў разважаць на тэму сваёй палітычнай будучыні. У адказ на пытанне пра прэзідэнцкія выбары 2025 года ён заявіў: «Калі яны вырашаць, што я павінен ісці, — я пайду. І калі людзі вырашаць, што будзе іншы (не банальна, я гэта шчыра кажу), — я пагаджуся».

«Яны», «людзі» — відавочна, што па змаўчанні маецца на ўвазе лаяльная катэгорыя. Іншым проста заткнулі рот, пасадзілі ў турму, выціснулі ў эміграцыю.

Немагчыма прадказаць, калі, ад каго і ў якой форме прагучыць «усё» для цяперашняга кіраўніка. Гэта можа быць і рэпліка лекара, які трымае руку на пульсе. Аднак апошні званок можа прагучаць і ў выглядзе абвалу расійскай апоры рэжыму.


Глядзіце таксама

Пакуль яна не хістаецца, але ж і Савецкі Саюз здаваўся магутным, а разваліўся за некалькі гадоў. У пуцінскай жа Расіі сусветная вага нашмат меншая, прытым што яна кінула выклік амаль усяму перадавому, больш развітаму свету.

Так ці інакш, але відавочна, што значная частка беларускага грамадства па-ранейшаму хоча іншай палітычнай сістэмы — больш чалавечнай — і чакае акна магчымасцей.

Лепш, вядома, каб трансфармацыя Беларусі пайшла праз дыялог элітаў. Ёсць прыклад польскага круглага стала, іншыя кейсы.

Але калі ў дзяржаве зламаны нармальны механізм змены ўлады, то не варта здзіўляцца, калі ў гадзіну Х перамены пойдуць не вельмі камфортным для цяперашняга кіруючага класа шляхам.