Пётр Рудкоўскі: Лукашэнка ўсур'ёз рыхтуецца да транзіту ўлады. Але ці ў 2025 годзе?

 Уся гісторыя з УНС прадыктавана спробай знайсці нейкую формулу транзіту. Аднак улада па-ранейшаму сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека. 24-25 красавіка ў Мінску прайшоў Усебеларускі народны сход. Эпапея, запачаткаваная яшчэ ў 2020 годзе, наблізілася да фіналу. Ці ўсё толькі пачынаецца? «Новы Час» пагутарыў з незалежным аналітыкам Пятром Рудкоўскім.

Лукашэнка на УНС-24. Фота Пул первого

Лукашэнка на УНС-24. Фота Пул первого

— Лукашэнка «абраны» старшынём УНС. Цяпер ён займае адразу дзве галоўныя ўладныя пасады ў краіне: «прэзідэнта» і старшыні УНС. Ці атрымаў Лукашэнка дадатковыя інструменты сілавога ўтрымання ўлады? Бо ўсе «выхадцы з народа» так ці інакш павязаны паміж сабой: праз уладу, праз сямейна-кланавыя сувязі ды ўдзел у падаўленні мірных пратэстаў.  

— З сілавым кампанентам сістэмы УНС нічога супольнага не мае. Гэта орган «валанцёраў», якія ў прымусова-добраахвотным парадку павінны ствараць дэкаратыўны фон для новага патэнцыйнага цэнтра ўлады. Тут ключавое слова: «патэнцыйнага», бо на дадзеным этапе, вядома ж, улада па-ранейшаму сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека. Тым не менш, у выпадку патрэбы УНС можа стаць рэальнай процівагай для прэзідэнта. Якім будзе гэты «выпадак патрэбы», як яго ўяўляе Лукашэнка — гэта ўжо іншае пытанне.   

Глядзіце таксама

«Вы не маеце права на памылку. Вы маеце права толькі не вернасць і адданасць сваёй краіне і нашаму народу, — загадаў Лукашэнка дэлегатам. — Адзінае разуменне нацыянальнай стратэгіі павінна яшчэ больш згуртаваць і ўмацаваць нас». Вось толькі Лукашэнка забыўся ўголас сказаць, што такое «нацыянальная стратэгія» цяпер. 

— Па меры старэння (і фізічнага, і палітычнага) у свядомасці Лукашэнкі краіна і ягоная асоба ўсё мацней і мацней узаемазвязаныя. Ён баіцца слабення, але падсвядома разумее, што гэта будзе з кожным годам адбывацца. Таму зараз ён амаль адкрытым тэкстам гаворыць пра тое, што вернасць яму — гэта вернасць Айчыне. Звярніце ўвагу на выказванне (прыводжу па памяці паводле сэнсу): Так, тут сабраліся лукашысты. Бо тут няма месца для тых, хто не любіць краіну і шкодзіць ёй.  

 — Якім вам бачыцца далейшы алгарытм дзеянняў беларускага правіцеля? Летам 2025 года (калі не завітаюць у госці ніякія «чорныя лебедзі») чакаецца чарговая прэзідэнцкая кампанія. Ці стане Лукашэнка «пераабірацца», каб замацаваць сваю «перамогу»? Ці ўсё ж рызыкне аддаць гэтую пасаду невядомаму пераемніку? 

— Лічу, што Лукашэнка ўсур'ёз рыхтуецца да транзіту. Можа быць, падштурхоўвае да гэтага стан здароўя, магчыма, знешнія або ўнутраныя сілы, магчыма, усведамленне рызыкаў, якія з кожным годам з'яўляюцца для пастарэлага аўтакрата з абсалютнай уладай, але, на маю думку, уся гэта гісторыя з УНС прадыктавана спробай знайсці нейкую формулу транзіту. Але ці адбудзецца гэта ўжо цягам наступнага года — складана сказаць. Тут шмат невядомых (не ведаем, наколькі сур'ёзны фактар здароўя або/і фактар магчымых дамоўленасцяў з Крамлём або/і магчымых дамоўленасцяў з атачэннем). Напэўна, яму страшнавата ісці на гэта, бо ён ведае, што няма такой інстытуцыі і такой пасады і такога законапраекта, які б на 100% гарантаваў яму бяспеку і нармальнае жыццё пасля сыходу. Схіляюся да думкі, што сыход у 2025 годзе (на карысць старшынства ў УНС) — гэта для яго план «Б», а не план «А». 

Глядзіце таксама

— Лукашэнка робіць спробу надаць рэжыму персанальнай улады класавую афарбоўку: «Першы прэзідэнт, кіраўнікі ўсіх узроўняў — выхадцы з самых простых сямей». Гучыць па-бальшавісцку: «Хто быў нікім, той стаў усім». Аднак Рыгор Кастусёў з Паўлам Севярынцам таксама выхадцы з «простых сямей», але яны чамусьці гніюць у турмах, а не засядаюць ва УНС. Дык як можна ахарактарызаваць тып улады, які пабудаваў Лукашэнка?  

— Лукашэнка — гэта дзіця Савецкага Саюзу. Гэта раз. Яго бліскучая перамога ў 1994 годзе стала магчымай перадусім дзякуючы іміджу «чалавека з народа», «простага чалавека». Ён быў тады адносна малады, меў рэальную падтрымку большасці грамадства, ну і нічога дзіўнага, што засталася псіхалагічная звычка нагадваць пра гэту сваю «простасць», хоць Лукашэнка ўжо даўно стаў адарваным ад народа нуварышам.