Сеанс псіхатэрапіі ва ўмовах адсутнасці псіхатэрапеўтаў

У Беларусі не хапае дактароў. І колькі б ні казаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя пра тое, што наша медыцына забяспечана кадрамі лепш, чым Еўропа, але факт дэфіцыту дактароў — рэч відавочная і не падвяргаецца сумневам. Таму да самалячэння даводзіцца звяртацца не толькі шараговым, але і самым высокапастаўленым асобам у Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота з lpconsult.ru

Ілюстрацыйнае фота з lpconsult.ru

Усебеларускі народны сход, ад якога чакалі прарыўных і лёсавызначальных рашэнняў, ператварыўся ўсяго толькі ў штатнае мерапрыемства і... Так, у той самы сеанс псіхатэрапіі для вышэйшага кола беларускіх чыноўнікаў. Бо больш ніякага сэнсу ў яго існаванні і правядзенні цяпер, пасля ягонага заканчэння, проста не прадугледжваецца.

Многія аналітыкі былі здзіўленыя досыць міралюбнай рыторыкай Лукашэнкі ў выступе на УНС. Ён не абяцаў узяць Берлін за тры дні, не асоба разганяўся з нагоды «падступнага Захаду» і з нагоды «асатанелых збеглых», а дзесьці нават і наадварот. Нават не былі згаданыя ні «Варшаўскі» ні «Віленскі» цэнтры беларускай апазіцыі. Як адзначыў аналітык украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч, выступ Лукашэнкі быў, «мякка кажучы, нетыповым, больш падобным на падвядзенне вынікаў, і не за год, як гэта было б лагічна, а з умоўнага прыходу Лукашэнкі да ўлады».

Вядома, мы чакалі ад Лукашэнкі большага, — бо ўсе папярэднія ягоныя выступы служылі падставай для цікавага цытавання, і нават расцягваліся на мемасікі. Але адметнасць цяперашняга выступу — няма нават нагодаў для мемаў і цытат. Прамова была настолькі вытрыманай, што нават звыклых агрэсіўна-невуцкіх адступленняў ад тэксту амаль не было.

І вось гэта цягне на маленькую сенсацыю. Ці не ўпершыню за ўсю гісторыю Лукашэнкі не набярэцца такога, каб яго зацытаваць.

Верагодна, да УНС сапраўды добра падрыхтаваліся. Спічрайтары напісалі максімальна бяспечную і неагрэсіўную прамову, напярэдадні падзеі папрацавалі ўрачы, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, каб у пацыента не ўзнікала зрываў, спецыяльны чалавек прасачыў, каб своечасова прымаліся таблеткі... І ў выніку атрымалася досыць узважанае, але не вельмі сенсацыйнае выступленне.

І ў выніку УНС сапраўды ператварыўся ў сеанс псіхатэрапіі. Гэтая тэрапія была патрэбна не толькі «першай асобе дзяржавы», які падводзіў вынікі і запэўніваўся ў сваёй значнасці. Ён таксама і запэўніваў сваіх прыхільнікаў у тым, што ўсё ў Беларусі добра і стабільна, што ўсё знаходзіцца пад кантролем. Ён павінен быў паказаць сваім «ябацькам» (а ён так і называў іх на форуме), што ён усё яшчэ бадзёры і свежы, і трымае ў руках стырно праўлення. Як напісаў тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», «галоўны сэнс учорашняга мерапрыемства, я думаю, складаўся ў тым, каб выклікаць у сведкаў стабільнасці прыемнае пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні».

З мэтай здабыць душэўную раўнавагу звычайныя людзі ці медытуюць, ці ходзяць да псіхолагаў. Але ў Беларусі псіхолагаў, мабыць, не засталося, паколькі знішчэннем службаў, якія аказваюць псіхалагічную дапамогу і падтрымку, улады заняліся ці не ў першую чаргу (вы ж памятаеце гісторыю з «Радзіславай» і знішчэнне «гарачай лініі» дапамогі для жанчын?). Засталося толькі праводзіць масавыя сеансы медытацыі. І менавіта такім сеансам медытацыі стаў для Лукашэнкі і яго набліжаных Усебеларускі народны сход.

Пры гэтым зусім няважна, наколькі самі яго арганізатары і ўдзельнікі аперуюць праверанай і рэальнай інфармацыяй. Галоўнае, каб у іх вачах карціна свету выглядала цэласна і спакойна. А што там у знешнім свеце, у часе медытацыі пацыента хваляваць не павінна.

Глядзіце таксама

Вось, напрыклад, Лукашэнка падчас УНС заявіў, што ў Беларусі размешчаныя некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў — бомбаў і боегаловак для ракетных комплексаў «Іскандэр». Каментуючы гэтыя словы група Беларускі Гаюн, якая займаецца адсочваннем вайсковай актыўнасці ў Беларусі, заўважыла, што яе спецыялісты не назіралі «ніякіх фактаў, якія пацвярджалі б завоз і знаходжанне ТЯЗ на тэрыторыі Беларусі». Бо для ядзернай зброі неабходныя спецыфічныя ўмовы захоўвання і аховы, і за амаль год з часу яго анансаванага «завозу» хоць нешта, ды ўсплыло б. Асабліва ўлічваючы магчымасці сучасных спадарожнікавых сістэм. Але вось — не ўсплыло.

Ці кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што спецслужбы РБ прадухілілі ўдары баявых беспілотнікаў з тэрыторыі Літвы па аб'ектах у Мінску і ваколіцах. Заява вельмі цікавая, паколькі КДБ — гэта не супрацьпаветраная абарона, якая збівае дроны ў палёце, і факту працы СПА зафіксавана не было. Можа, гаворка ідзе пра спецаперацыю КДБ на тэрыторыі Літвы? Але тады выдаваць, што на тэрыторыі суседняй дзяржавы дзейнічаюць твае агенты — гэта падстаўляць пад удар тых самых агентаў, вельмі непрафесійна.

У літоўскім войску назвалі заяву старшыні КДБ дэзінфармацыяй і лухтой. І сапраўды, хутчэй за ўсё, літоўскія беспілотнікі — гэта такая ж фантазія КДБ, як і літоўскія джыпы, якія рвуцца ў Беларусь праз мяжу. Але гэта павышае значнасць і псіхалагічную ўстойлівасць і самога Церцеля, і яго каманды.

І зусім няважна, што з гэтай нагоды думаем мы, нават калі мы круцім пальцам ля скроні. Важна, што думае Церцель. Мы колькі заўгодна можам лічыць вар'ятам чалавека ў псіхлякарні, які сцвярджае, што ён — Напалеон. Але ж сам гэты чалавек лічыць сябе не вар'ятам, а Напалеонам, і з яго пункту гледжання, з псіхікай у яго ўсё нармальна.

Зрэшты, словы Церцеля могуць мець адно тлумачэнне — ён паспрабаваў такім чынам прэвентыўна адказаць на магчымы пратэст Літвы. 18 красавіка літоўскія памежнікі «прызямлілі» беспілотнік, што ляцеў з боку Беларусі, выявіўшы на ім пасля 2800 пачкаў цыгарэт Minsk Super Slims і NZ Gold.

А цікава гэта таму, што з 28 сакавіка, амаль месяц як дзейнічае забарона фізічным асобам у Беларусі валодаць і карыстацца беспілотнікамі. Да 25 сакавіка ўладальнікі дронаў павінны былі прадаць іх або на бязвыплатнай аснове перадаць у «Белаэранавігацыю», беларускі Чырвоны Крыж, ці валанцёрскую арганізацыю «Крылы».

Літва ў выніку атрымлівае ўскоснае пацвярджэнне таго, што кантрабандай цыгарэт у яе бок займаюцца дзяржаўныя альбо напаўдзяржаўныя структуры РБ. Пытанне толькі, якую з іх спрабуе «адбяліць» старшыня беларускага КДБ?