Чырвоны Крыж прапануе аддаць свае дроны на «дабрачыннасць»
Праз тры месяцы ўлады забароняць беларусам нават захоўваць беспілотнікі. Раней падараваць ім дроны прапаноўвалі сілавікі.

БПЛА. Ілюстрацыйнае фота Генштаба УСУ
Беларускі Чырвоны Крыж прапануе беларусам аддаць свае дроны ў якасці «ахвяраванняў» на патрэбы арганізацыі, паведамляе прэс-служба БТЧК, піша «Медыязона».
Чырвоны Крыж нагадаў, што 25 верасня ў Беларусі ўступіў у сілу ўказ Лукашэнкі, які забараняе беларусам вырабляць і эксплуатаваць БПЛА. Праз паўгода, з дня ўступлення ў сілу, фізічным асобам таксама будзе забаронена нават захоўваць дроны дома. А вось юрыдычным асобам, такім, як Беларускі Чырвоны Крыж, захоўваць БПЛА дазваляецца, і арганізацыі яны нібыта моцна патрэбныя.
«Супрацоўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа ў сваёй дзейнасці па аказанні дапамогі пацярпеламу насельніцтву часта выкарыстоўваюць БПЛА для ацэнкі сітуацыі і рэагавання на яе. Гэта датычыцца абстаноўкі, звязанай з умовамі надвор'я — паводкамі, багатымі ападкамі, а таксама пры пошуку людзей, якія згубіліся ў лясах, магчымасці хуткага аказання першай дапамогі. Наша каманда гатова прыняць ад насельніцтва ў якасці ахвяравання БПЛА для іх далейшай эксплуатацыі пры рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі», — заяўляе арганізацыя.
Раней з заклікамі аддаць свае дроны ў якасці «дабрачыннасці» выступалі сілавікі.
Глядзіце таксама

Нагадаем, 25 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лятальных апаратаў». Указ уступіў у сілу 27 верасня. Дакумент уводзіць забарону на ўвоз, захоўванне, абарачэнне, эксплуатацыю і выраб грамадзянскіх беспілотнікаў для фізічных асоб. Згодна з указам, цяпер усё гэта дазволена толькі арганізацыям і юрыдычным асобам у іх прафесійнай дзейнасці з захаваннем пэўных патрабаванняў. Для гэтага ім трэба атрымаць дазвол у Дэпартаменце па авіяцыі Мінтранспарту, які арганізуе ўлік беспілотнікаў. А аператару БПЛА прайсці навучанне, методыку якога распрацуе Саўмін.
Глядзіце таксама

Указ прадугледжвае стварэнне сістэмы дзяржаўнага падліку БПЛА. Да канца 2024 года ўсе беспілотнікі будуць уносіцца ва ўліковы спіс, а з пачатку 2025-га — і ў аўтаматызаваную сістэму ўліку грамадзянскіх БПЛА. Юрыдычныя асобы абавязаны паставіць на ўлік БПЛА на працягу 5 дзён пасля яго пакупкі.
Захоўваць і прадаваць беспілотнікі беларусам можна на працягу паўгода пасля ўступлення ўказа ў сілу. За гэты час БПЛА можна будзе прадаць юрыдычным асобам або перадаць ва «ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам». Што гэта за арганізацыя, не ўдакладняецца.
Усе паштовыя адпраўленні, якія ідуць з краін ЕАЭС беларусам, будуць дастаўляцца ў пункты кантролю на праверку наяўнасці ў пасылках дронаў.
1 снежня сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца было прыпынена. Арганізацыя пазбавілася фінансавання ад Міжнароднай федэрацыі.
Глядзіце таксама
