Пасылкі з-за мяжы пачнуць дадаткова правяраць, перад тым як аддаць адрасату: Што там будуць шукаць?
У пасылках збіраюцца шукаць дроны і іншыя забароненыя прадметы. Пра новыя праверкі гаворыцца ў чарговым указе беларускага кіраўніка, піша «Люстэрка».
Міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары з-за мяжы перад уручэннем адрасату будуць праходзіць дадатковы кантроль у спецыяльных месцах. Іх будуць правяраць на наяўнасць дронаў і іншых укладанняў, увоз якіх у краіну караецца крымінальнай адказнасцю.
Пра гэта гаворыцца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лётных апаратаў», апублікаваным 27 верасня на Нацыянальным прававым партале.
Новыя правілы праверкі пасылак
Як вынікае з указа, міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары, якія прыходзяць з-за мяжы на адрас фізічных асобаў з тэрыторыі дзяржаваў — чальцоў ЕАЭС, перад дастаўкай або ўручэннем адрасату мусяць быць дастаўленыя ў спецыяльныя месцы правядзення кантролю. Там іх будуць правяраць на наяўнасць «укладанняў, якія маюць прыкметы ўтрымання цывільных беспілотных лётных апаратаў і авіямадэляў».
Шукаць будуць і іншыя тавары, у тым ліку рэчывы і матэрыялы, за незаконнае перамяшчэнне якіх праз дзяржмяжу прадугледжаная крымінальная адказнасць.
Саўміну трэба будзе вызначыць месцы, дзе будзе ажыццяўляцца такі кантроль, а таксама парадак яго правядзення і ўпаўнаважаных на гэта асобаў.
Ва ўказе прапісана, што ад дадатковых праверак вызваляюцца міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары, якія перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі транзітам.
Новаўвядзенні для ўладальнікаў і аператараў дронаў
Нагадаем, 25 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лётных апаратаў». Дакумент уводзіць забарону ўвозу, захоўвання, абароту, эксплуатацыі і вырабу беспілотнікаў для фізічных асобаў — цяпер усё гэта дазволена толькі юрыдычным асобам і ІП для прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з захаваннем пэўных патрабаванняў.
У законе ёсць пункт пра тое, што фізічныя асобы, якія валодаюць дронамі і беспілотнікамі, павінныя прадаць іх юрыдычным асобам ці ІП альбо перадаць на захоўванне ва ўпаўнаважаную арганізацыю — яе таксама мусіць вызначыць урад. Закон увойдзе ў дзеянне праз тры месяцы пасля апублікавання ўказа, і пазбавіцца беспілотнікаў неабходна цягам трох месяцаў пасля гэтага — то-бок не пазней за 27 сакавіка 2024 года.
У сваю чаргу юрыдычных асобаў або індывідуальных прадпрымальнікаў абавязалі для ўвозу БПЛА ў краіну атрымліваць дазвол у Дэпартаменце авіяцыі Мінтранса. Туды ж неабходна звяртацца па дазвол на выраб, эксплуатацыю і пастаноўку апарата на ўлік.
Паставіць беспілотнікі на дзяржулік у Дэпартаменце па авіяцыі трэба цягам пяці рабочых дзён пасля афіцыйнага апублікавання ўказа. Да 31 снежня 2024 года іх будуць уносіць у журнал, а з 2025 года запрацуе аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма (АІС) дзяржуліку цывільных БПЛА.
У Дэпартамент па авіяцыі трэба звяртацца і для таго, каб зняць дрон з уліку. У выпадку страты апарата (калі ён згублены, скрадзены або зламаны) — не пазней за дзень, які ідзе за днём яе выяўлення. Калі ж беспілотнік прададзены альбо на іншых законных падставах перайшоў да іншай юрыдычнай асобы ці ІП — не пазней за пяць дзён пасля гэтай падзеі.
Новаўвядзенні з’явіліся і для аператараў дронаў. Цяпер яны абавязаныя прайсці спецыяльную падрыхтоўку, перш чым прыступіць да працы з беспілотнікам. Патрабаванні да такой падрыхтоўкі пакуль у стадыі распрацоўкі.
Усе гэтыя меры аўтары ўказа аргументавалі «забяспечаннем грамадскай бяспекі і рэгламентаваннем парадку дзяржаўнага ўліку цывільных беспілотных лётных апаратаў і авіямадэляў, а таксама іх выкарыстання». Аднак новыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на БПЛА, аднесеныя да дзяржаўнай і эксперыментальнай авіяцыі.
Для ўвозу, эксплуатацыі і вырабу БПЛА фізічнымі асобамі ўказ уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання, то-бок 27 верасня, а ў пытанні захоўвання і абароту — праз шэсць месяцаў. Іншыя палажэнні дакумента — праз тры месяцы пасля яго апублікавання.