«Лукашэнка баіцца сыходзіць. Дый куды ён сыйдзе, калі Пуцін застаецца?»

Беларускі кіраўнік гатовы займаць і пасаду прэзідэнта, і заставацца старшынём УНС. Але жаданні Лукашэнкі могуць пахаваць фактары, на якія ён не мае ўплыву.

54838.1713960789.8c7fba26fb.jpg

24 красавіка ў Мінску стартаваў Усебеларускі народны сход, а 25 красавіка ўжо фінішуе. 1200 «дэлегатаў» ахоўвалі больш за тры тысячы супрацоўнікаў спецслужбаў. Лукашэнка абсалютна чакана быў «абраны» старшынём УНС, а ў намеснікі сабе ён падабраў былога старшыню Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца. 

Сёння ўдзельнікі схода падвядуць вынікі паўтарадзённай «напружанай працы» — і раз’едуцца па хатах.

Што гэта было і навошта яно спатрэбілася? Абмеркавалі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Я ўспрыняў Усебеларускі народны сход з гумарам — іначай і нельга было. 

Лукашэнка падводзіць вынікі свайго кіравання: разважае пра часы, калі яго не стане. Гучала шмат пафасу, а пад ім — суцэльная пустэча. Я паглядзеў відэанарэзкі, якія выклаў «Пул першага». Паслухаў ягоныя абсурдныя разважанні пра бамбардзіроўкі Дрэздэна пад занавес Другой сусветнай вайны. Цяпер Лукашэнка ўжо аспрэчвае неабходнасць бамбардзіровак Дрэздэна, спісвае ўсё на «несяброўскія краіны»? Наратывы Лукашэнкі, калі на іх паглядзець нямецкімі вачыма, вельмі ўтраправая оптыка, лукашэнкавымі аргументамі наконт Дрэздэна ў Германіі карыстаюцца сёння неанацысты, яны так думаюць. 

Лукашэнкавы нападкі на Захад, характарыстыка Еўропы, якая «з’яўляецца васалам Злучаных Штатаў» — увесь стандартны набор канспіралогіі мы ўжо чулі, і неаднойчы. Лукашэнка пабудаваў сваю прамову так, як за савецкім часам генсекі рабілі на з’ездах КПСС — як Леанід Ільіч (Брэжнеў) або Юрый Уладзіміравіч (Андропаў): і нарэшце пра міжнароднае становішча…

Уся інсцэніроўка: як Лукашэнка сядзіць у прэзідыўме, як ён прамаўляе, як «дэлегаты» глядзяць на яго круглымі вачыма — прабачце, але гэта такі савецкі нафталін. З аднаго боку, гэта смешна, калі назіраць за відовішчам, але гэта не смешна, таму што ўсё гэта адбываецца ў Беларусі ў 2024 годзе. Насамрэч гэтыя людзі кіруюць краінай, яны вызначаюць палітыку Беларусі — і ад усведамлення гэтага робіцца вусцішна. 

Усебеларускі народны сход на сённяшні момант выглядае як прылада, якая некалі можа спатрэбіцца (а можа і не спатрэбіцца), а зараз зусім непатрэбная. Лукашэнка сабраў сваіх прыхільнікаў і кажа: вы будучыня гэтай краіны, на вас усё трымаецца, наша генерацыя ўсё зрабіла, каб забяспечыць стабільнасць і спакой і «захаваць краіну». А зараз я вам патлумачу, што ў нас адбываецца на ўнутраным фронце і на знешнім фронце. Добра, патлумачыў. Узнікае пытанне: а што далей? 25-га падвялі вынікі — і па хатах? Так і ёсць, бо зараз УНС нікому не патрэбны. Лукашэнка там добра сябе адчувае, трохі панастальгіраваў па «старых» часах, пахваліўся сваімі «заслугамі». Ягонае абранне кіраўніком было чаканым — а як інакш магло быць? 

— Які практычны сэнс у тым, каб узначаліць абсалютна непатрэбную структуру?

— Праблема ж у тым, што зараз УНС яму ўвогуле не патрэбны. Калі яго трасанула ў 2020 годзе, ён ухапіўся за Усебеларускі народны сход як за выратавальную саломінку; ён жа не ведаў у 2020 годзе, як далей будуць разгортвацца падзеі. Як мне падаецца, менавіта тады ён пачаў задумвацца, што сітуацыя можа павярнуцца да яго непажаданым бокам і прыйдзецца сысці. Трэба рыхтавацца. У 2020 годзе Лукашэнка быў абсалютна непадрыхтаваны, ён гуляў ва-банк, адступаць не было куды. Магчымасць па-чалавечы сысці ён страціў, у яго застаўся адзін выбар: альбо змагацца да апошняга, або збегчы з краіны. Цяпер ён больш не жадае гуляць ва-банк.

Ён разумее, што паступова сілы будуць пакідаць яго, будзе цяжка, цяжка і яшчэ раз цяжка. Таму, відаць, вырашыў для сябе: пакуль нікуды не сыходжу, але трэба падрыхтавацца да таго, што такая сітуацыя можа скласціся. Гэта азначае — падрыхтаваць адпаведную пляцоўку. То-бок, магчыма сысці з пасады прэзідэнта, але ўсю ўладу па-ранейшаму захаваць у сваіх руках. З гэтай прычыны і быў выпрацаваны механізм УНС. Магчыма, тады, на самым пачатку, Лукашэнка разлічваў, што ў 2024 годзе ці ўжо бліжэй да 2025-га складзецца сітуацыя, якая дазволіць яму паступова адысці ад улады і заняць кантрольную функцыю.

Але потым змяніліся абставіны, радыкальна змянілася сітуацыя: пачалася вайна. Унутры краіны ўсе пратэсты былі падаўлены, усё зачышчана, а знешнепалітычная сітуацыя нагадвае катастрофу — пра які пакой гаворка? Але Лукашэнка не адступіў ад сваёй ідэі: канстытуцыю напісалі новую, законы панапісвалі — як будзе выглядаць, калі адмовіцца ад УНС? Лукашэнка мог бы правесці Усебеларускі народны і ў 2022 годзе, і ў 2023 годзе, — не, адцягвалі да апошняга і перанеслі на 2024 год, так бы мовіць, на ягоны юбілейны год ва ўсіх сэнсах.

Зараз практычнай патрэбы ў гэтай структуры няма, а з другога боку — ну не адмаўляцца ж на фінішы! Вось зараз Лукашэнка і тэсціруе, як УНС працуе. А паколькі практычнай карысці УНС сабой не ўяўляе, то з гэтай прычыны гэтае мерапрыемства праводзіцца досыць спакойна, без помпы. Парадак дня прапаганды зменіцца ўжо 26-га: 25-га «дэлегаты» раз’едуцца, а 26-га Лукашэнка, як звычайна, паедзе ў чарнобыльскі раён і прапаганда пераключыцца на чарнобыльскую тэматыку.

— Далейшыя дзеянні Лукашэнкі ў такім разе вельмі проста спрагназаваць: у 2025 годзе Лукашэнка ідзе на прэзідэнцкую кампанію, «перамагае» і адначасова займае дзве вышэйшыя дзяржаўныя пасады?

— На гэты момант гэта самы верагодны сцэнар.

Але мы не ведаем, што будзе ў Лукашэнкі са здароўем, у які бок павернецца знешнепалітычная сітуацыя. Лукашэнка заняў пасаду старшыні УНС, фармальна будзе займаць яе і далей (чаму і б не?), а ў 2025 годзе ён выходзіць і кажа: час сыходзіць, але я не магу сабе гэтага дазволіць, бо «страцім краіну». Учора ён ужо сказаў гэта. Ён не жадае, ён «наеўся гэтай улады», наеўся прэзідэнцтва, але сыходзіць няма куды.

— Выглядае, што Лукашэнка будзе «есці ўладу» ўжо да скону.

— Лукашэнка баіцца сыходзіць. Акрамя страху, ёсць яшчэ адзін фактар: а ці дазволіць Расія сысці? Выглядае так, што Пуцін збіраецца сядзець да апошняга, а Лукашэнка — адзіны і апошні напарнік. Куды ж ён сыйдзе, калі Пуцін застаецца?

Я не выключаю, што Лукашэнка сапраўды стаміўся; ён здае — і фізічна, і ментальна. Гэта бачна, як бы прапаганда не імкнулася паказаць адваротнае: добрую фізічную форму праз гулі ў хакей, праз ягоныя выказванні. Бачна няўзброеным вокам, што гэта чалавек сталага веку, для якога выкананне непасрэдных абавязкаў даецца вельмі нялёгка. Асабліва ва ўмовах вайны. 

Дапускаю: калі б не было вайны, можа ён і перайшоў на пасаду кіраўніка УНС і назіраў бы за развіццём падзей. Але ў цяперашніх абставінах каб і хацеў сысці — не атрымаецца. Гэта была б першая сенсацыя, калі б яго ўчора не «абралі» б на пасаду старшыні УНС, а другой сенсацыяй стала б адмова балатавацца ў 2025 годзе. Будзе вылучацца — калі здароўе дазволіць.