821-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: «чысткі» сярод расійскіх генералаў, Пуцін у Беларусі і атака на Крым

За мінулыя суткі расійцы некалькі разоў білі па Харкаве, дзе ёсць разбурэнні і ахвяры, а ўкраінцы знішчылі яшчэ адзін расійскі штурмавік і ўдарылі па Крыме.

thumbs_b_c_cfa4190b6bd4a2ce619e571108e1d5fc.jpg

***

Крэмль мэтанакіравана ліквідуе вышэйшых службовых асоб Мінабароны РФ і ўжо распаўсюдзіў гэтыя намаганні на старэйшых афіцэраў, камандуючых расійскімі баявымі аперацыямі ва Украіне, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

«Крэмль, імаверна, выкарыстоўвае абвінавачанні ў карупцыі як апраўданне для ўтойвання сапраўдных прычын звальнення канкрэтных людзей, якія страцілі давер у Мінабароны Расіі».

Следчы камітэт Расіі паведаміў 23 мая пра арышт намесніка начальніка Генеральнага штаба і начальніка Галоўнага ўпраўлення сувязі генерал-лейтэнанта Вадзіма Шамарына і кіраўніка Дэпартамента дзяржаўных закупак Міністэрства абароны Расіі Уладзіміра Верцялецкага.

Шамарына абвінавачваюць у атрыманні хабару ў памеры не менш за 36 мільёнаў рублёў (каля $392 тыс.), а двое фігурантаў справы з расійскай тэлекамунікацыйнай галіны пагадзіліся сведчыць супраць яго.

Верцялецкага абвінавачваюць у карупцыі і атрыманні буйнога хабару з агульнай сумай шкоды ў 70 мільёнаў рублёў ($763 тыс.). 

Пяцёра высокапастаўленых чыноўнікаў Мінабароны Расіі і былых вайсковых камандзіраў былі арыштаваныя паводле абвінавачанняў у карупцыі пасля арышту намесніка міністра абароны Расіі Цімура Іванова 24 красавіка.

Расійская інсайдарская крыніца раней сцвярджала, што яшчэ шэсць чыноўнікаў Мінабароны плануюць падаць у адстаўку пасля таго, як адхілілі ад кіраўніцтва Мінабароны былога міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу

Расійскія ультранацыяналістычныя ваенныя блогеры таксама сцвярджаюць, што Міністэрства абароны Расіі звольніла камандуючага 20-й агульнавайсковай арміі (Маскоўская вайсковая акруга) генерал-лейтэнанта Сухраба Ахмедава. ISW не можа пацвердзіць звальненне Ахмедава, але заявы пра яго адстаўку прыцягваюць увагу, паколькі гэта будзе першае звальненне афіцэра, які актыўна камандуе расійскімі войскамі ва Украіне, у рамках нядаўняй хвалі звальненняў. Зараз 20-я АМСБр сканцэнтравана на наступальных аперацыях на Ліманскім кірунку і не змагла дасягнуць значных тактычных поспехаў у гэтым раёне падчас наступу на Харкаўска-Луганскай восі зімой-вясной 2024 года.

***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 113 баявых сутыкненняў з акупантамі, паведаміў спікер Генштаба УСУ Дзмітрый Ліхавій у эфіры тэлемарафона.

Акупанты здзейснілі 3 ракетныя (13 ракет), 57 авіяўдараў (97 КАБаў), больш за 990 удараў дронамі-камікадзэ («Шахіды», «Ланцэты», FPV-дроны), больш за 4000 абстрэлаў, у тым ліку 147 — з ужываннем РСЗА.

За мінулыя суткі абаронцы Украіны разбілі 1 вузел сувязі акупантаў, 1 станцыю РЭБ і 10 раёнаў засяроджвання асабістага саставу і ваеннай тэхнікі праціўніка.

Акрамя таго, паведамляецца, што Расія ў вайне супраць Украіны страціла забітымі і параненымі амаль 499 тысяч жаўнераў. Толькі за мінулыя суткі сілы абароны Украіны «адмінусавалі» 1 240 акупантаў, 27 ББМ і 13 танкаў.

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 24.05.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 498 940 (+1 240) чал.;
  • танкаў — 7 635 (+13) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 14 775 (+27) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм-12 902 (+42) адз,
  • РСЗА — 1 080 (+3) адз.;
  • сродкаў СПА — 813 (+0) адз.;
  • самалётаў — 356 (+1) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 10 401 (+10) адз.;
  • крылатых ракет — 2 209 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 27 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 17 569 (+56) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 101 (+7) адз.

***

Байцы 110-й асобнай механізаванай брыгады імя генерала-харунжага Марка Бязручкі 23 траўня збілі расійскі штурмавік Су-25. Гэта ўжо пяты збіты брыгадай самалёт за апошнія некалькі тыдняў.

«Напярэдадні нашы хлопцы пасадзілі на вечную стаянку ў данбаскіх стэпах варожы Су-25. Гэта раз. А ўжо сёння нястрымныя зенітчыкі 110 амбр па-снайперску адпрацавалі па яшчэ адным Су. Гэта два», — гаворыцца на старонцы брыгады ў Facebook.

***

Прынамсі два чалавекі пацярпелі, а таксама пашкоджаныя жылы дом, крама, аўтобус і аўто ў Днепрапятроўскай вобласці ў выніку ранішняй атакі акупантаў, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак у Telegram.  

«З самай раніцы вораг зноў цэліцца па Нікапальшчыне. Некалькі разоў ён ударыў па райцэнтры дронамі-камікадзэ. З артылерыі абстралялі Марганецкую абшчыну. Папярэдне, двое пацярпелых. Пашкоджаны чатырохпавярхоўка, крама, мікрааўтобус і легкавы аўтамабіль».

***

Расійцы ў ноч на 24 траўня абстралялі чыгуначную інфраструктуру на Харкаўшчыне, пашкоджаныя пуці, будынкі, непрацоўныя грузавыя вагоны і вагон электрацягніка.

Пра гэта паведамляе прэс-служба «Укрзализныци».

«Вораг не пакідае мэтанакіраваных спроб спыніць чыгунку на Харкаўшчыну. Уначы ён зноў ударыў па грамадзянскай чыгуначнай інфраструктуры. У выніку абстрэлу пашкоджаныя пуці, будынкі, непрацоўныя грузавыя вагоны і вагон электрацягніка», — гаворыцца ў паведамленні. 

Адзначаецца, што цягнікі далёкіх і прыгарадных зносін курсіруюць па графіку. Інфармацыі пра ахвяр і траўмаваных няма.

У выніку расійскага ракетнага ўдару па друкарні «Фактар-друк» у Аснавянскім раёне Харкава было знішчана 50 тысяч кніг.

Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Учарашні ўдар Расіі па Харкаўскай вобласці, у выніку якога загінулі і былі параненыя людзі, разбураная друкарня і спалена 50 000 кніг, дэманструе, што Расія ваюе з чалавечнасцю і ўсімі аспектамі нармальнага жыцця», – адзначыў ён.

Напярэдадні начальнік следчага ўпраўлення ГУНП па Харкаўскай вобласці Сяргей Болвінаў заявіў, што сямёра работнікаў друкарні загінулі на сваім працоўным месцы: «Яны друкавалі дзіцячыя кніжкі».

«Пяць жанчын і двое мужчын — кожны з іх проста рабіў сваю справу. У гэтай друкарні выраблялі кнігі для дзяцей, часопісы, школьныя дзённікі, газеты і многае іншае. Цяпер такога прадпрыемства ў Харкаве няма», — дадаў Болвінаў.

Паводле яго слоў, праз моцны пажар целы загінулых моцна абгарэлі, таму апазнаць удалося толькі дваіх. Асобы яшчэ пяцярых ахвяр будуць устанаўліваць па ўзорах ДНК.

Падчас масіраванага абстрэлу Харкава ў чацвер, 23 траўня, расійцы ўдарылі па друкарні мясцовага выдавецтва «Vivat». Паводле звестак паліцыі, акупанты папярэдне нанеслі ўдар з комплексу С-300, па цэху і прылеглай тэрыторыі ўдарылі трыма ракетамі.

***

У Беларусь прыляцеў новы міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў, паведамляе маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».

Паводле звестак аналітыкаў, борт Ту-214пу-СБУС з рэгістрацыйным нумарам RA-64530 прызямліўся 24 траўня на аэрадроме «Мачулішчы».

Гэты борт належыць Міністэрству абароны РФ і абсталяваны спецыяльным бартавым вузлом сувязі СБУС-214. Паводле звестак «Гаюна», на гэтым самалёце ў Мінск прыбыў новы кіраўнік МА РФ Андрэй Белавусаў.

Паводле звестак праекта, на гэты момант у Беларусі знаходзяцца таксама кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін і кіраўнік «Расатама» Аляксей Ліхачоў.

Уладзімір Пуцін 23 траўня адправіўся ў Беларусь, дзе ўвечары сустрэўся з самаабвешчаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

У прэс-службе Крамля заявілі, што падчас перамоваў запланавана абмеркаваць «актуальныя пытанні далейшага развіцця расійска-беларускіх адносінаў, стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва, ход і перспектывы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы, а таксама ключавыя тэмы міжнароднага парадку дня».

Пуцін таксама заявіў, што падчас свайго візіту ў Беларусь мае намер абмеркаваць з Лукашэнкам пытанні бяспекі, а таксама ўдзелу беларускага боку ў вучэннях з нестратэгічнай ядзернай зброяй.

***

— Відэа прызначэння новага кіраўніка Генштаба Беларусі Паўла Муравейкі, якія распаўсюдзіла прэс-служба Лукашэнкі, пакідаюць супярэчлівае ўражанне, — цытуе «Салідарнасць» палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана. — Звяртае на сябе ўвагу той факт, што папярэднік Муравейка Гулевіч — у адрозненне ад кіраўніка Рады бяспекі Вальфовіча і міністра абароны Хрэніна — на сустрэчы не прысутнічаў, а яго імя публічна і зусім прамоўлена не было.

І гэта прытым, што Гулевіч быў кіраўніком Генштаба ў найскладанейшы перыяд гісторыі Беларусі і да апошняга часу карыстаўся прыхільнасцю Лукашэнкі.

Падобны антураж, фігура Муравейкі і той факт, што прызначэнне было праведзенае непасрэдна перад візітам Пуціна ў Мінск, гавораць на карысць версіі пра «маскоўскі след» у адстаўцы Гулевіча.

Апошні цалкам мог пазбавіцца сваёй пасады праз нежаданне яшчэ больш актыўна ўцягваць Беларусь у вайну. У выпадку Муравейкі такой праблемы не будзе.

***

У шэрагу гарадоў у часова акупаваным Крыме ўвечары 23 траўня паведамілі пра выбухі.

У прыватнасці, пра гукі выбухаў пісалі ў часова акупаваных Сімферопалі, Саках, Алушце, Ялце, Джанкоі і Еўпаторыі. У прыватнасці, «Суспільне» піша пра мінімум пяць выбухаў у Алушце.

Як сцвярджаецца, гаворка ідзе аб працы СПА. Прызначаны Расіяй кіраўнік акупаванага Крыма Сяргей Аксёнаў паведаміў, што ў выніку ракетнай атакі на паўвыспу ў Сімферопальскім раёне загінулі двое мінакоў. А ў раёне Алушты «зафіксавана пападанне па пустым аб'екце гаспадарчага прызначэння».

***

Першая група ўкраінскіх пілотаў ужо завяршыла навучанне на самалётах F-16 на ваеннай базе ў Арызоне. Паводле слоў прэс-сакратаркі Нацыянальнай гвардыі АрызоныЭрын Ханіган, цяпер пілоты накіроўваюцца ў Еўропу, дзе павінны прайсці дадатковую падрыхтоўку.