«Мы з бурштынавага краю, з шаноўнай Радзімы Літвы. Хто пералічыць няшчасці, якія перажылі яе героі?»

14 чэрвеня 1941 года на бязлюдныя прасторы Сібіры і Крайняй Поўначы былі сасланыя больш за 30 тысяч літоўцаў, 15 тысяч латвійцаў і 10 тысяч эстонцаў, большасць з якіх больш ніколі не ступілі на родную зямлю. Сёння ў краінах Балтыі ўшаноўваюць памяць забітых пакутнікаў Днём жалобы і надзеі, а таксама Днём ахвяр камуністычнага генацыду.

vokladka_102.jpg

1 кастрычніка 1939 года быў прыняты ўказ НКУС пад нумарам 001223: «Аб ліквідацыі антысавецкага элемента ў Літве, Латвіі і Эстоніі», які дазволіў савецкім уладам арганізоўваць маштабныя ссылкі насельніцтва акупаваных краін Балтыі праз нацыянальнасць асобы. Гучаў ён не лепей і не горш за «канчатковае вырашэнне габрэйскага пытання», што выконвалася нацысцкай Германіяй. У абодвух выпадках сутнасцю ўказу з’яўлялася масавае знішчэнне насельніцтва па нацыянальных прыкметах.

Глядзіце таксама

16 траўня 1941 года, за месяц да жудаснага злачынства, НКУС падрыхтаваў праект пастановы «Аб мерапрыемствах па ачыстцы Літоўскай ССР ад антысавецкага, крымінальнага і сацыяльна-небяспечнага элемента». Канчатковае рашэнне па дэпартацыі было прынята ў Маскве 10 чэрвеня, пры гэтым яе дата была перанесена на два дні наперад, паколькі 12 чэрвеня ў Літве адзначалася вялікае рэлігійнае свята. Спісы нядобразычліўцаў і кампанія па дэпартацыі антысавецкіх элементаў былі састаўлены згодна са спецыяльнай інструкцыяй НКУС СССР за подпісам Івана Сярова.

Ушанаванне смутку і надзеі. Выява Д. Умбраза

Ушанаванне смутку і надзеі. Выява Д. Умбраза

Дэпартацыю, што распачалася раніцай 14 чэрвеня і доўжылася чатыры дні, ажыццяўлялі супрацоўнікі НКДБ, НКУС, міліцыянеры, якім дапамагалі мясцовыя камуністы, і так званыя савецкія актывісты, у першую чаргу камсамольцы. Ужо ранкам у 15 эшалонаў сагналі 17600 мужчын, жанчын, старых, дзяцей і немаўлят. Настаўнікі, юрысты, ксяндзы, прадпрымальнікі, афіцэры, дыпламаты, лекары і іх сем'і — усе яны ў момант сталі бяспраўнымі немаёмнымі зняволенымі. Літоўцы, беларусы, палякі, габрэі. Без радзімы, без дома, адрэзаныя ад блізкіх. 

Літоўцы ў Сібіры

Літоўцы ў Сібіры

Нельга назваць нейкія вызначаныя пераважныя пласты насельніцтва, што былі адпраўлены ў ссылку, — пад руку акупантаў траплялі ўсе. Гэта інтэлігенцыя, афіцэры былога літоўскага войска, палітычныя дзеячы, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі, члены палітычных і грамадскіх арганізацый, работнікі аховы здароўя, буйныя фермеры — уся прагрэсіўная частка грамадства. З Літвы былі дэпартаваныя 1200 настаўнікаў, 79 святароў, больш за 5 тысяч дзяцей…

 Сасланы або вывезены ў лагеры літоўскага насельніцтва былі прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Аляксандрас Стульгінскіс, старшыня Сейма Канстанцініс Шакеніс, прэм'ер-міністр і выбітны навукоўца Пранас Давідайціс. Усіх іх арыштавалі раніцай 14 чэрвеня ва ўласных дамах — прыходзіць пачалі ў тры гадзіны ночы. Пры спробах бегчы чэкісты адкрывалі па іх агонь. 

Пранас Давідайціс

Пранас Давідайціс

Адным з найбуйнейшых месцаў збору стаў вакзал «Наўоі Вільня» (Новая Вільня), што знаходзіцца ў сучасных межах літоўскай сталіцы. Людзей змяшчалі ў вагоны для перавозкі жывёл без вокнаў і вентыляцыі, катуючы іх перасадкамі і працяглымі маршрутамі. Так, напрыклад, Пранаса Давідайціса, які на момант арышту спаў у родным сяле ля Коўна, вязлі на Урал праз украінскі Старабельск.

У памяць пра ахвяр савецкага генацыду на чыгуначнай станцыі «Наўоі Вільня» ўсталяваны адзін з вагонаў, які, магчыма, стаў апошнім у жыцці для многіх з яго пасажыраў. Пасля аднаўлення незалежнасці віленцы штогод прыносяць сюды кветкі і свечкі, каб ушанаваць загінулых пакутнікаў. 

Мемарыял на станцыі «Наўоі Вільня». Фота: Lrytas

Мемарыял на станцыі «Наўоі Вільня». Фота: Lrytas

Частка арыштаваных была заключана ў вязніцу і дапытана ў літоўскіх турмах, іншая — адпраўлена ў маскоўскія Бутырск, Лефортаў, Любянку і іншыя турмы Савецкага Саюза.

На ўскрайку размешчанага непадалёк ад Мінска горада Чэрвень (гіст. Ігумен) у ноч з 22 па 23 чэрвеня 1941 года з Ковенскай вязніцы аўтобусамі былі перавезены каля 100 зняволеных, большасць з якіх патрапілі ў мінскую турму. У Мінску аддзялілі і пакаралі смерцю 15-17 асуджаных, а астатніх 2 тысяч зняволеных пешшу перагналі ў Чэрвень, дзе і расстралялі. Сярод забітых у Чэрвені быў сігнатар Акта незалежнасці Літвы Казімірас Бізаўскас, дыпламат Ёнас Яблонскіс, міністр унутраных спраў Сцяпонас Рустэйка і іншыя вядомыя літоўскія дзеячы таго часу. 

Мемарыял загінулым літоўцам у беларускім Чэрвені

Мемарыял загінулым літоўцам у беларускім Чэрвені

Ахвяры былі вывезены ў Комі, Карэлію, Алтайскі і Краснаярскі краі, Новасібірскую вобласць, Казахстан. Ссыльныя займаліся цяжкай фізічнай працай: выгатаўленнем лясных матэрыялаў, працай у будаўніцтве і калгасах. Увесну 1942 года каля трох тысяч ссыльных з Алтайскага краю былі пераведзены ў Якуцію, за Палярны круг, на промысел у моры Лапцевых. Многія з іх памерлі ад голаду і холаду ў першую ж зіму. 

Глядзіце таксама

Ссыльныя не мелі ніякіх правоў, іх ніхто не абараняў. Разумных і таленавітых выхадцаў з развітога еўрапейскага народа ператварылі ў танную працоўную сілу. Любая спроба абараніць свае правы магла быць расцэнена як паклёп на існуючы парадак, спроба выклікаць беспарадкі і скончыцца расстрэлам.

Агулам за часы савецкай акупацыі Літва страціла каля 800 тысяч жыхароў. Каля 300 тысяч перажылі жахі камуністычнага рэжыму — вязніцы, лагеры, ссылкі ў Сібір і на Крайнюю Поўнач. Кожны трэці арыштаваны памёр ад катаванняў, голаду ці не вытрымаў суровых кліматычных умоў.

Да таго ж, ратуючыся ад камуністычнага тэрору, Літву пакінулі больш за 440 тысяч чалавек. 

Пахаванні літоўцаў на Крайняй Поўначы

Пахаванні літоўцаў на Крайняй Поўначы

У Бурат-Манголіі, што знаходзіцца ў пяці тысячах кіламетраў ад Літвы, дагэтуль захаваліся могілкі літоўскіх ссыльных. На адным з помнікаў высечаны надпіс: «Мы з бурштынавага краю, з шаноўнай радзімы Літвы. Хто пералічыць няшчасці, якія перажылі яе героі?»

Першыя звесткі пра лёсы дэпартаваных пакутнікаў былі апублікаваны ў 1988-м годзе: ліпеньскі нумар літаратурнага часопіса «Pergalė» перадаваўся з рук у рукі, паколькі ў ім былі апісаныя першыя сведчанні аб ссылках жыхароў Літвы. Гэты былі ўспаміны ссыльнай Даліі Грынкявічутэ «Літоўцы ў моры Лапцевых».

 У 1989-1991 гадах былыя ссыльныя і іх дзеці адпраўляліся ў Сібір і на Крайнюю Поўнач, каб прывезці астанкі памерлых сваякоў. Іх адзіным жаданнем было пахаваць родных у светлых пясках Радзімы Літвы, а не на чужыне — зямлі акупантаў, забойцаў і вечнай мерзлаты.

Дзеці аднаго са ссыльных, якія загінулі ў Сібіры, узвялі на яго малой радзіме помнік з надпісам: «Ці чуеце вы там наш плач і боль сэрца, якое плача?» Такім чынам яны не толькі ўшанавалі памяць сваяка, але і заклікалі наведвальнікаў пачуць плач і 350 000 загінулых літоўскіх сэрцаў. 

 Я. Маркаўскас на месцы сталінскіх пахаванняў ля мора Лапцевых, 1989 год

 Я. Маркаўскас на месцы сталінскіх пахаванняў ля мора Лапцевых, 1989 год

«Уявіце, што цэлае паўстагоддзе забаранялася пра гэта ведаць, казаць. Акупанты хацелі нас ператварыць у глухіх і сляпых, не чуючых стогнаў свайго народа і прагі быць вольнымі... », — эмацыйна адзначыў кіраўнік Сойма Літвы Віктарас Пранцкеціс некалькі год таму.

Сёння, 14 чэрвеня, акрамя ўскладання кветак на станцыі «Наўоі Вільня» ля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду будуць прачытаны імёны ахвяр камуністычнага генацыду. Зачытванне будзе ісці суткі. 

Цырымонія ўшанавання памяці ахвяр 14 чэрвеня 1941 года ў Вільні

Цырымонія ўшанавання памяці ахвяр 14 чэрвеня 1941 года ў Вільні