Хронікі рэпрэсій за 14 чэрвеня: суд над пенсіянеркай, «яўка з павіннай» і новыя «экстрэмісты»

З дапамогай інфармацыі незалежеых медыя і праваабаронцаў сабралі галоўнае з навін пра рэпрэсіі ў Беларусі за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_1___1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1310 дзён, Дзяніс — 1190.

***

Суд Кастрычніцкага раёна Мінска прысудзіў пенсіянерку Галіну Лагацкую да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» — арт.342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Прысуд вынесла суддзя Вольга Лаўрыновіч, піша «Салідарнасць».

Актывістку і пенсіянерку затрымалі 9 красавіка, калі яна пайшла ў Кастрычніцкі РУУС Мінска забраць тэлефон, які ў яе адабралі два гады таму і не вярнулі.

У сакавіку 2022-га Галіну арыштавалі на 15 сутак за ўлёткі «Не вайне». Суд тады палічыў гэта «несанкцыянаваным пікетаваннем».

***

Праўладны ТГ-канал апублікаваў відэа пра затрыманне беларуса, які «зарэгістраваўся ў плане "Перамога" і пакідаў каментары ў тэлеграм-чатах».

У роліку паказваюць скрыншоты паведамленняў ад карыстальніка Restvrt77. У якіх чатах яны былі напісаныя, не ўдакладняецца. Сярод каментароў ёсць «Калі гэтую брыду на кавалкі парвуць будзе па заслугах», «Спаліць нахер гэтую машыну», «Трэба выходзіць і ціснуць мусароў» і іншыя.

На камеру затрыманы кажа, што зарэгістраваўся ў боце плана «Перамога», піша «Медыязона».

Па якіх артыкулах абвінавачваюць мужчыну, не ўдакладняецца.

***

Таксама «Медыязона» паведамляе, што набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з супрацоўніцай ТАА «Время праздника».

У роліку дзяўчына кажа, што кампанія, у якой яна працуе, ёсць у рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Паводле слоў дзяўчыны, пасля затрыманняў супрацоўнікаў і дырэктараў івэнт-агенцтваў яна вырашыла прыйсці ў міліцыю з «павіннай» і расказаць, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах — і тым самым не падстаўляць кампанію.

Аўтары допіса кажуць, што беларуска атрымала «афіцыйнае папярэджанне».

З 27 траўня па 5 чэрвеня сілавікі затрымалі як мінімум 9 чалавек, звязаных з арганізацыяй мерапрыемстваў. Затрыманні пачаліся пасля допісаў прарасійскай актывісткі з Гродна Вольгі Бондаравай. Пасля скаргаў актывісткі і затрыманняў з рэестра выключылі 7 арганізацый.

***

Суд Мядзельскага раёна 12 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адразу 10 відэаролікаў блогера «FreshMeatOMG». Сярод іх і ролік «В Беларуси мужчину задержали за видео о плохих дорогах» — праваабаронцы адзначаюць, што такі выпадак сапраўды быў, відэа пра гэта апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты: «Медики.Гродно», «Роспартизан»;
  • YouTube-канал: «Инициатива Курорта Нарочь»;
  • Старонкі ў сацсетках праекта «Media IQ»;
  • Кнігі: «Монографии Виктора Суворова (В.Б. Резуна): День "М". Когда началась Вторая Мировая война?», «Ледокол. Кто начал Вторую Мировую войну?»;
  • TikTok-старонкі: «Чарадзей», «Kaniušeŭski», «zmahar_», «Belarus».

Акрамя таго, піша «Вясна», у «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 20 чалавек — цяпер у ім 4154 прозвішчы.

14 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі палітычнага актывіста і сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» Івана Краўцова, а таксама асуджанага за данаты Аляксандра Верасовіча.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 498 дзён, Максіма Знака — 493 дні, Мікалая Статкевіча — 489 дзён, Ігара Лосіка — 481 дзень, Віктара Бабарыкі — 418 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 348 дзён, Уладзіміра Гундара — 315 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1406 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1562 чалавекі. Сярод іх — 185 жанчын і 2 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.