Класкоўскі: Шанцы на вызваленне Пачобута не нулявыя
Лукашэнка дазволіў сустрэчу ў няволі Анжалікі Борыс з Андрэем Пачобутам. Потым яна праіфармавала пра гэта прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду. Што за гульня ідзе вакол аднаго з самых вядомых палітвязняў, беларускага журналіста польскага паходжання. Ці існуе імавернасць яго вызвалення?
Кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс паведаміла на прыёме прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды пра сустрэчу з журналістам, палітвязнем Андрэем Пачобутам. Пра гэта стала вядома 15 красавіка ад прэс-служба польскага лідара.
Борыс сказала, што сустрэча адбылася ў наваполацкай калоніі №1 «з ухвалення Аляксандра Лукашэнкі», але не ўдакладніла, калі гэта адбылося.
Амаль месяц таму палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк паказалі на дзяржаўным тэлеканале. Пазней іншаму вядомаму палітвязню, журналісту-расследвальніку Дзянісу Івашыну дазволілі сустрэчу з маці. Ці сведчыць гэта пра новы трэнд у палітыцы ўлады па палітзняволеных? Ці ідзе закулісны гандаль паміж беларускім рэжымам і Варшавай? Bgmedia.site запытаўся пра гэта ў палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандра Класкоўскага.
— Я б не спяшаўся тут выбудоўваць нейкі ланцужок. Можа, і ёсць сувязь, а можа, так супала, — адзначае аналітык. — Калі казаць пра выпадак Шарэнды-Панасюк, то там перад прапагандысцкім сюжэтам быў зварот з боку адной з камісій ААН, якая заклапацілася лёсам гэтай палітзняволенай. Магчыма, беларускія ўлады прарэагавалі менавіта на гэты зварот, таму што хоць ААН, з аднаго боку, і не вельмі ўплывовая структура, з іншага — гэта адна з нямногіх інстытуцый, дзе афіцыйны Мінск на сёння паўнапраўна прысутнічае. Таму, магчыма, і звярнулі ўвагу на гэты момант.
Плюс Шарэнда-Панасюк заявіла, што яна напісала прашэнне аб памілаванні. То бок яна, відавочна, дзеля свайго выратавання згадзілася ў гэтым сюжэце згуляць па правілах прапаганды, па правілах рэжыму. Так што гэта асобны кейс.
Што тычыцца Пачобута, то я хачу звярнуць увагу, што ў пытанні палітзняволеных з ліку польскай дыяспары рэжым сябе вядзе трохі асаблівым чынам. Як вядома, была заведзеная так званая польская справа ў 2021 годзе. Але неўзабаве трох фігурантак выпусцілі з умовай, каб яны з’ехалі ў Польшчу. Потым выпусцілі яшчэ і чацвёртую, Анжаліку Борыс. Нейкі час яна была пад хатнім арыштам, потым увогуле закрылі яе крымінальную справу. Таму тут бачны нейкі момант гульні.
Можна згадаць, што наконт Пачобута Лукашэнка летась у лістападзе выказваўся. Ён не называў прозвішча, але празрыста намякаў, што ідуць нейкія закулісныя перамовы, «просяць мяне: адпусці, але для гэтага павінны саспець умовы» — такі прыкладна быў сэнс ягонага выказвання. Так, відаць, афіцыйны Мінск меў нейкія спадзевы, што змена ўлады ў Польшчы паспрыяе паляпшэнню дачыненняў.
Чаму такая ўвага менавіта да польскага кірунку ў беларускіх уладаў? Тут таксама можна зразумець: гэта суседняя краіна, краіна вялікая, з якой моцныя эканамічныя сувязі нават на сёння. Транзіт шмат у чым залежыць ад гэтай краіны. Таму, канешне, пэўны інтарэс у беларускай улады палепшыць дачыненні з Варшавай ёсць.
Таму невыпадкова і Борыс дазволілі сустрэцца з Пачобутам. Яна, напэўна, данесла нейкі мэсэдж у Варшаву ад беларускіх уладаў. Іншае пытанне, наколькі плённым можа быць гэты меркаваны торг. Тут не вельмі проста бакам сысціся на нейкіх дамоўленасцях.
Нейкая гульня за ўсім гэтым стаіць. Відавочна, што ў пытанні Пачобута ёсць закулісныя патаемныя кантакты па дыпламатычнай ці нейкай іншай лініі.
Хачу нагадаць, у прыватнасці, што польскія афіцыйная асобы канкрэтна заяўлялі, што калі будзе выпушчаны Пачобут, то будзе зноў адкрыты адзін з памежных пераходаў. Пэўны кручок закінуты.
Але ці ужо важна гэта Лукашэнку — іншае пытанне. Ні ён, ні ягонае атачэнне не ездзяць у Еўропу, не пакутуюць у чэргах на мяжы. Грузавы ж транзіт збольшага ідзе, асабліва калі казаць пра чыгуначны. Там ужо кітайскі інтарэс. У прыватнасці Павел Латушка кажа, што трэба чыгуначны транзіт перакрыць, і тады, маўляў, Мінск выпусціць Пачобута. Але гэта крок, які, напэўна, ударыць і па інтарэсах Польшчы: яна таксама ў эканамічным плане залежная ад Кітая. Таму такі крок наўрад ці рэалістычны ў сённяшніх умовах. Відаць, тут могуць спрацаваць нейкія больш гнуткія падыходы з абодвух бакоў.
Іншая рэч, што ў Варшавы, напэўна, абмежаваны дыяпазон нейкіх сустрэчных прапаноў. Канешне, Лукашэнка хацеў бы, каб былі знятыя нейкія істотныя санкцыі, але істотныя санкцыі ўведзеныя за саўдзел у вайне, за міграцыйны крызіс, за пасадку самалёта Ryanair. Гэта пытанні, якія ад Варшавы не залежаць. Гэтыя санкцыі ўводзіліся на ўзроўні ўсяго Еўрасаюзу, і тут ужо трэба кансэнсусам вырашаць.
Так што поле для кампрамісаў пакуль што невялікае. А з іншага боку, як вядома, Еўропа патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў, патрабуе сумленных выбараў. Тут пакуль што цяжка бакам састыкаваць пазіцыі. І Лукашэнка асабліва саступаць не хоча. Ён сёння ў дастаткова моцнай пазіцыі дзякуючы падтрымцы з боку Крамля. Ён калі і збіраецца весці нейкія перамовы, то з пазіцыі сілы.
Я б сказаў, што гэта прамацванне глебы з абодвух бакоў. Падобныя кейсы былі, і яны былі звязаныя з асобамі, якія мелі пашпарты замежных дзяржаў. Тая ці іншая дзяржава мела падвышаны інтарэс вызваліць гэтых людзей. Я маю на ўвазе гіcторыю са швейцарскай грамадзянкай Наталляй Хершэ, а раней — з Віталём Шкляравым, паліттэхнолагам, у якога амерыканскі пашпарт. Вось тады ўключаліся нейкія палітычныя гульцы, і на ўзроўні асабістых, відаць, дамоўленасцяў гэтыя пытанні вырашаліся.
Таму, у прынцыпе, не нулявыя шансы і ў магчымасці
вызвалення Пачобута. Але гэта пакуль што віламі па вадзе пісана.