Хронікі рэпрэсій. Вернік Сергій Мельянец і былая палітзняволеная Крысціна Чаранкова эмігравалі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 18 красавіка.
BYSOL эвакуіраваў з Беларусі былую палітзняволеную Крысціну Чаранкову, паведаміў сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.
Актывістка адбыла ўвесь тэрмін зняволення і з’ехала праз пагрозу паўторнага пераследу.
Дзяўчыне прысудзілі 2,5 года пазбаўлення волі за допісы ў Instagram пра міліцыянтаў — Крысціну абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). На судзе Чаранкова патлумачыла, што ў жніўні 2020 году міліцыя затрымала бацькоў яе мужа, іх білі. Таму яна пачала негатыўна ставіцца да сілавікоў. Напачатку красавіка Крысціна выйшла на волю.
У судзе Савецкага раёна Мінска 28 сакавіка да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года асудзілі мінчука Вадзіма Пятроўскага. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Асноўнымі доказамі віны мужчыны сталі фота і відэа з акцыі пратэсту з яго тэлефоне.
Сілавікі затрымалі
жыхара Брэста Дзмітрыя Постнікава. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі
пратэста, якая праходзіла ў горадзе 10 жніўня 2020 года.
У Мінску
затрымалі хлопца за ўдзел у пратэстах 2020 года. Праўладныя
тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы «стаяў на барыкадах» каля гандлёвага
цэнтру «Рыга» ў Мінску.
Евангельскі
прапаведнік Сергій Мельянец пакінуў Беларусь разам са сваёй вялікай сям’ёй.
Бацька сямі дзяцей, які быў затрыманы 19 сакавіка і адбыў два адміністратыўныя
арышты агульнай працягласцю 25 сутак, выйшаў на волю і знаходзіцца ў бяспецы,
паведамляе «Хрысціянская візія».
Яго затрымалі ў Мінскім гарадскім судзе, дзе адбываўся разгляд справы журналіста Ігара Карнея. Сергій прыйшоў на судовае пасяджэнне, каб малітоўна падтрымаць Ігара.
У Мінскім
гарадскім судзе распачаўся суд над Валерыем Залівакам. Яго судзяць за
данаты і абвінавачваюць павдле арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці
экстрэмісцкага фармавання) і ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай
дзейнасці).
Сутнасць абвінавачвання і абставіны справы праваабаронцам пакуль невядомыя. Справу разглядае суддзя Яўген Пісарэвіч.
Валерыю Заліваку 32 гады. Ён мінчук. Вучыўся на біялагічным факультэце БДУ, пісаў дыплом пра жукоў-лістаедаў. Таксама мужчына захапляецца фантастыкай і Sci-Fi, малюе на камп'ютары і любіць музыку ў стылі метал.
У Гомельскім
абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачынені да Анатоля
Сяргеевіча Кірэйчыка — пенсіянера з Хойнікаў. Судовы працэс вядзе суддзя
Шаршнёў Яўген.
Паводле звестак следства, з кастрычніка 2020 года па люты 2022 года 74-гадовы мужчына сістэматычна размяшчаў каментары пад фатаграфіямі прадстаўнікоў улады, дзе, «не саромеючыся ў выразах, абражаў, публічна прыніжаў і ганьбіў іх гонар і годнасць». Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі боепрыпасы. Пенсіянер расказаў следчым, што калекцыянаваў іх.
Сцвярджаецца, што Кірэйчык «бразіў» ажно 135 пасадавых асобаў — супрацоўнікаў КДБ, пракуратуры, міліцыі, Следчага камітэта, Міністэрства абароны і судовай сістэмы.
Дзеянні мужчыны кваліфікавалі паводле арт. 188 КК (паклёп), арт. 369 КК (публічная абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 КК (абразасуддзі) і ч. 2 арт. 295 КК (незаконнае захоўванне боепрыпасаў).
У Мінскім
абласным судзе 18 красавіка распачаўся суд над 29-гадовым Ігарам
Парункевічам, які быў уладальнікам бара ў Паставах, дзе збіралі грошы
пацярпелым ад рэпрэсій.
Мужчына знаходзіцца за мяжой, яго судзяць завочна.
Ігара у абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 364 (пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянта), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
У лютым Следчы камітэт паведамляў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў парадку спецвытворчасці ў адносінах да Ігара па трох артыкулах. За два месяцы да суда да справы дадалі яшчэ адзін артыкул — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Справу разглядае Алена Бачышча.
Сёння ў Мінскім
гарадскім судзе пачалі судзіць Івана Краўцова. Таксама завочна, бо палітычны
актывіст, архітэктар, менеджар, выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады, сябра
аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» і каманды кандыдата ў прэзідэнты
Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі знаходзіцца па-за межамі
Беларусі.
Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч. Крыўцову інкрымінаваныя: ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці), ч. 4 арт. 209 КК (махлярства ў буйным памеры), ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Палітзняволены Вячаслаў
Лазараў у калоніі захварэў на пнеўманію. Яго змясцілі ў ШІЗА. Пра гэта
паведаміў праваабаронца Павел Левінаў, піша БАЖ: «Вячаслаў ляжаў у лякарні,
цяпер хвароба адступіла, ён пачуваецца лепей, настрой у яго бадзёры. Аднак ёсць
і не такія добрыя навіны: верагодна, што з 11 красавіка яго накіравалі ў штрафны
ізалятар. За якія правіны і на які тэрмін, невядома».
Нагадаем, палітзняволеным сужэнцам Таццяне Пыцько і Вячаславу Лазараву прысудзілі 3 і 5,5 гадоў зняволення адпаведна.
У выніку апеляцыі Вярхоўны суд прызначыў Таццяне той жа тэрмін, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгады. Цяпер ён адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 15.
Памерла
шматдзетная жыхарка Бабруйска Ірына Сурыгіна, якую раней неаднаразова
затрымлівалі пасля выбараў. Ёй было ўсяго 39 гадоў.
У 2021 годзе жанчыну затрымлівалі як мінімум тройчы — ёй прызначалі «суткі» і больш за 10000 рублёў штрафаў. Пасля аднаго з судоў сям'і Ірыны далі статус сацыяльна-небяспечнай. Міліцыянты пагражалі тром дзецям бабруйчанкі, што пасадзяць яе ў турму, а іх забяруць у прытулак.
На волю выйшлі тры
палітзняволеныя жыхары Брэста. Паводле падлікаў праваабаронцаў, 14 красавіка на
волю выйшлі Андрэй Тарасавец, Максім Імхавік і Іван Пацяйчук.
Яны цалкам адбылі свае тэрміны.
Палітвязняў асудзілі 12 ліпеня 2021 года да трох гадоў
калоніі па справе аб «масавых беспарадках» у Брэсце 10 жніўня 2020 года. Пасля
прысуду хлопцаў узялі пад варту ў зале суда. На момант прысуду Максім і Іван
былі непаўнагадовыя, таму адбывалі пакаранне ў бабруйскай выхаваўчай калоніі. У
зняволенні хлопцы знаходзіліся больш за 2 гады і 9 месяцаў.