Спаліліся на мове. З’явілася чарговае сведчанне, як сілавікі фабрыкуюць палітычныя справы

Мужчыну, які «напісаў у бот Буданава», абвінавачваюць у падрыхтоўцы да ўдзелу ў замежным узброеным фармаванні. Але, як выглядае, гэтая «справа» ад пачатку да канца сфабрыкаваная лукашэнкаўскімі сілавікамі. Без аніякага ўдзелу ўкраінскага боку.

screennnn.jpg

38-гадовага жыхара Мар'інай Горкі, які нібыта «звязаўся з ботам Буданава», — кіраўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны — абвінавачваюць у падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы (частка 1 артыкула 13 КК і частка 1 артыкула 361-3 КК), піша прэс-служба Следчага камітэта. Беларус знаходзіцца пад вартай.

«Медыязона» заўважыла ў паведамленнях сілавікоў адну дэталь, якая шмат пра што кажа.

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні мужчыны 28 сакавіка. У міліцэйскім відэа затрыманы кажа, што «падтрымлівае Украіну ў барацьбе супраць рускіх». Ён дадае, што ў 2023 годзе спрабаваў перайсці мяжу Беларусі і Украіны, каб уступіць у УСУ.

На камеру мужчына кажа, што ў 2024 годзе напісаў у «бот Буданава», каб яму дапамаглі перайсці мяжу. Пра які бот ідзе гаворка, ён не тлумачыць. Не піша пра гэта і блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

У відэа паказваюць перапіску з «ботам Буданава» — суразмоўца затрыманага выкарыстоўвае ў ёй беларускую літару «ў», якой няма ва ўкраінскім алфавіце. Акрамя таго, «у Беларусі» ў ён піша як «у Бїлорусїї», хоць правільнай формай будзе «ў Білорусі».


Глядзіце таксама

У відэа сілавікоў затрыманы распавёў, што яму прапанавалі «зладзіць тэракт» — падарваць адміністрацыйны будынак або чыгуначнае палатно.

«Так як выбуховага прыстасавання ў мяне няма, ён [суразмоўца з «бота Буданава»] сказаў, што зробіць закладку і назаве месца. Карацей, я сцыкануў, выдаліў телеграм і той акаўнт. Аднак спробы перасекчы мяжу я не пакінуў», — кажа мужчына.

Ён дадае, што пасля гэтага «звязаўся з польскай амбасадай» і прасіў даць калідор, каб ён трапіў ва Украіну. Беларусу адмовілі, і неўзабаве ён быў затрыманы.

Відавочна, што ад імя ўкраінскай выведкі з мужчынам камунікаваў нехта з лукашэнкаўскіх сілавікоў. Гэта яшчэ раз пацвярджае тое, пра што кажуць эксперты. Лукашэнкаўцы звязваюцца з некаторымі беларусамі, што сімпатызуюць у вайне Украіне, ад імя ўкраінскіх вайсковых структур і правакуюць на нейкія дзеянні. Потым іх «вядуць», урэшце затрымліваюць, ствараюць для тэлебачання фільмы пра «дыверсійныя групы» і зарабляюць сабе зорачкі на пагоны.