Настальгія, нежыццяздольнасць і фетышы. Чаму Лукашэнка адраджае «савок»?
І да 2020 года за Беларуссю была замацаваная слава «музея Савецкага Саюза». А цяпер, выглядае на тое, што такім «музеем» павінен стаць кожны дом.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/marsz_pensijanerau_i_studentau_aljaksandr_zjankovicz__55__logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Як піша "Позірк", застаючыся глыбока савецкім чалавекам, 69-гадовы кіраўнік актыўна навязвае беларускаму грамадству каштоўнасці сваёй далёкай маладосці. Аднак рухае ім не толькі настальгія па часах СССР, ёсць і цалкам практычныя меркаванні.
І сніцца яму рокат касмадрома
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правялі чарговы раўнд шчырых перамоў за зачыненымі крамлёўскімі дзвярыма. Пра што гаварылі і да чаго прыйшлі, ніхто з іх не прызнаецца, і экспертам застаецца толькі гадаць. Але было ў тыя дні нешта, чаго ад тэлекамер не хавалі, і гэта не толькі званок у тундру сям'і аленяводаў, якіх захацелася павіншаваць з залатым вяселлем.
Знарочыста на публіку два кіраўнікі размаўлялі з касманаўтамі Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай. Лукашэнка выглядаў расслабленым і свяціўся, быццам злятаў да зорак асабіста. І гэта была натуральная радасць чалавека, ментальнасць якога, розум, гонар і сумленне засталіся ў эпосе будаўніцтва камунізму.
Шматкроць ужо заўважана, што палёт у космас чалавека з беларускім пашпартам быў патрэбны кіраўніку выключна дзеля пачуцця ўласнай велічы. Асаблівага навуковага або практычнага сэнсу ў тым не было. У Беларусі няма сваёй касманаўтыкі, няма свайго зоркалёта і нават месца, дзе зоркалёт можна прыпаркаваць.
Аказалася, што няма і грошай на турпуцёўку ў космас — падарожжа Васілеўскай, як высветлілася, было аплачана Масквой. Яна злятала прыкладна як акторка Юлія Перасільд (12 дзён на МКС у 2021-м), а калі вярнулася, Лукашэнка сумленна ёй сказаў, што толькі цяпер усё пачынаецца.
Пачаліся прапагандысцкія кампанія пад лозунгам «Космас наш». З татальным усхваленнем не столькі нават бортправадніцы «Белавія», імгненна ўзнагароджанай званнем Героя Беларусі, колькі «бацькі айчыннай касманаўтыкі».
Глядзіце таксама
![Красулін: «Не будзем крыўдзіць рэжым Лукашэнкі — ён пачаў гэта першым» Красулін: Замест будучыні будуем мінулае](/img/v1/images/fota_aljaksandr_libertad__novy_czas6__1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Лукашэнка разлічвае атрымаць з гэтага піяраўскія дывідэнды, але пакуль асаблівага эфекту не відаць. Жывучы ў ХХІ стагоддзі, беларусы ведаюць, што палёты ў космас перасталі быць чымсьці ўнікальным. А палёты за чужы кошт і на чужой цязе і зусім выглядаюць сумнеўна: такі чалавек на арбіце выглядае выпадковым пасажырам.
Але, падобна, гэта не перашкаджае беларускаму ўладару атрымліваць задавальненне. Ён быццам трапіў у цёплую ванну ўласных ілюзій, адчувае сябе першаадкрывальнікам 60-гадовай даўніны. У яго душы гучыць рокат касмадрома, яму бачыцца зямля ў ілюмінатары. Ён адчувае сябе тытанам, які падняў Беларусь да ўзроўню, як сам кажа, «касмічных дзяржаў», са сваёй Валянцінай Церашковай і Юрыем Гагарыным у адной асобе.
Безумоўна, пагоня за піярам яшчэ будзе. Галоўная экспедыцыя ў Васілеўскай наперадзе — выступленні ў дзяржСМІ, перад школьнікамі і калектывамі працоўных, з усіх мажлівых трыбун.
Але ўжо цяпер можна сказаць: жыхароў Беларусі палёт у космас асабліва не ўсхваляваў. Разбіваючы лоб, першую касманаўтку ўжо шмат дзён трымаюць у фокусе прапагандысты, але сапраўды масавай і радаснай зваротнай сувязі, хвалі энтузіязму няма ні на вуліцах, ні нават у сацсетках.
Пра гэты космас варта было так падрабязна згадаць ужо таму — асабістая эйфарыя Лукашэнкі аказалася не падзеленай насельніцтвам краіны. І так адбываецца не першы раз.
Беларусы навучыліся не заўважаць палітычныя рэлікты
20 красавіка ў Беларусі пройдзе традыцыйны «агульнанацыянальны суботнік». Пастанову аб гэтым падпісаў прэм'ер Раман Галоўчанка. Гэта таксама паказальна: адзіны працоўны парыў дзеля ўсеагульнага дабра магчымы ў краіне толькі па адмашцы ўлады.
Стаўленне беларусаў да суботнікаў сакрэтам не з'яўляецца, бо гэтая разнарадка і да падзей 2020-га тычылася практычна ўсіх. Праўда, ужо ў тыя вегетарыянскія часы ад цэнтралізаванай працатэрапіі можна было банальна адкупіцца, пералічыўшы куды трэба дзённы заробак. Як мінімум прыватныя кампаніі такой опцыяй карысталіся паўсюдна, бюджэтнікі ж не выказвалі вялікага энтузіязму, добраахвотна-прымусова выходзячы рабіць чужую працу ў законны выхадны.
Але, зноў-ткі, суботнік — гэта асабісты фетыш Лукашэнкі. Яшчэ адна адсылка да часоў савецкіх будатрадаў і песень ля вогнішча. Ён і сам у «святах працы» ўдзельнічае разам з набліжанымі, то садзячы дрэвы, то робячы іншую некваліфікаваную працу. Тэлекамеры фіксуюць у гэты дзень на яго твары пачуццё глыбокага задавальнення.
Усе гады свайго кіравання Лукашэнка ўкараняе ў побыт беларусаў элементы савецкай рудыментарнай даўніны. У вёсцы ён трымаецца за злёгку пераніцаваныя калгасы, хоць яны неэфектыўныя. У горадзе — за дзяржпрадпрыемствы-гіганты, хоць многія з цяжкасцю зводзяць канцы з канцамі (часта — за кошт субсідый). У дзяржсімволіцы спрэс матывы БССР, у школах — акцябраты-піянеры і ўжо дэ-факта ўведзеная адзіная форма.
Глядзіце таксама
![Беларусь 25 гадоў праз. Саюз распаўся, «савок» застаўся Беларусь 25 гадоў праз. Саюз распаўся, «савок» застаўся](/img/v1/userfiles/images/flag_ussr_blr_1000_0.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Прафсаюзы падобныя да савецкіх, займаюцца пуцёўкамі ў санаторыі. Афіцыйныя святы часта дублююць савецкія і праходзяць у адпаведнай стылістыцы. Наменклатурныя персанажы, асабліва жанчыны са знакамітымі начосамі, нібы ступілі ў сёння проста з 1970-х.
Чым старэйшым становіцца Лукашэнка, тым больш СССРаўскага крэкту ў кіраванай ім «рэспубліцы». Яшчэ ў 2019-м ён адкрыта называў сябе «закаранелым савецкім чалавекам». Пасля выбараў 2020-га гэтая закаранеласць і гэтая савецкасць толькі мацнеюць. Усё мацней навяваюць асацыяцыю з таталітарным мінулым палітычныя рэпрэсіі, стыгматызацыя нелаяльных, разнастайная цэнзура і іншыя фішкі такога роду.
Лукашэнка задаволены: праз тры з паловай гады пасля масавых вулічных хваляванняў краіна зачышчана ад найменшых праяў нязгоды. Эксперты адзначаюць, што за кароткі тэрмін ад брэжнеўскага варыянту СССР Беларусь непрыкрыта адкачавала да сталінскага.
Але вось нельга сказаць, што ўсю гэтую эстэтыку мінулага масава і горача падтрымліваюць беларусы. Паколькі з сацыялогіяй туга, можна меркаваць, што да навязвання «саўка» яны ў лепшым выпадку ставяцца як да савецкіх назваў вуліц або помнікаў Леніну на плошчах. Навучыліся не заўважаць.
Справа не толькі ў настальгіі правадыра
Беларусь усё больш адкочваецца да самых змрочных часоў Саюза, але зводзіць усё да загаду душы былога лектара таварыства «Веды» было б няправільна. Відавочна, што сярод матываў Лукашэнкі ёсць і цалкам практычныя.
Яго асноўнай і адзінай каштоўнасцю была і застаецца ўлада. У розны час для яе ўмацавання ён закладваў усялякія геапалітычныя віражы, у тым ліку — у перыяды так званых «адліг» — вадзіў карагоды з Захадам. Усё гэта называлася «шматвектарнасцю», хоць на справе было банальным лавіраваннем паміж цэнтрамі глабальнай сілы.
Лавіраванне — працэс складаны і ў вядомай ступені беспрынцыповы. У прыватнасці, і з гэтай прычыны Беларусь пры Лукашэнку так і не вызначылася з базавым ідэалагічным канцэптам.
У сярэдзіне сакавіка, ужо на правах дэпутата Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін паспрабаваў зрушыць тэму распрацоўкі дзяржаўнай ідэалогіі на новае кола, прапанаваўшы Лукашэнку абмеркаваць яе на Усебеларускім народным сходзе (УНС). Той адказаў унікліва: з аднаго боку падтрымаў, з другога — заявіў, што «спяшацца тут нельга».
Глядзіце таксама
![Чаму таталітарная Беларусь вырачаная на перамены «Дыктатура занадта дорага каштуе». Чаму таталітарная Беларусь вырачаная на перамены](/img/v1/images/nikolajus_lukasenka_aliaksandras_lukasenka_85263147.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але нават калі нейкая канцэпцыя і будзе прынятая, цана яе акажацца невялікай. Таму што ключавой ідэалагемай цяперашняга беларускага рэжыму з'яўляецца самазахаванне, а запісваць такое на скрыжалі ўлада ўсё яшчэ саромеецца.
Ці мала як будзе заўтра, але сёння савецкія практыкі — верныя пасажыры Лукашэнкі. І не таму, што пэўная частка грамадства сапраўды сімпатызуе СССР. Проста імем пралетарскай рэвалюцыі прасцей за ўсё абгрунтаваць «закручванне гаек», якое працягваецца.
Згуртаванне вакол правадыра перад тварам зламыснага Захаду і яго «пятай калоны» — вось што з пункту гледжання самога правадыра патрэбна маладой суверэннай Беларусі, а не хлуслівыя дэмакратычныя каштоўнасці, якімі прыкрываецца падрыхтоўка да чарговага «майдану».
Калі рэсурс папулізму на зыходзе, застаецца закручваць гайкі
Лютаўскія выбары ў парламент і мясцовыя саветы паказалі новыя стандарты электаральнага працэсу ў краіне. Новыя — і, увогуле, добра забытыя старыя, бо ад «волевыяўлення» грамадзян часоў СССР гэта дзейства адрознівалася не моцна. Звядзенне альтэрнатывы да ўзроўню ворагаў, адсутнасць якой бы там ні было канкурэнцыі, урачыстасць генеральнай лініі.
У 2022 годзе Лукашэнка наогул загаварыў было аб адмене прамых выбараў, заявіў, што «асабліва прэзідэнта» варта было б «абіраць» на УНС. Усё-ткі, адзначыў ён, выбары прэзідэнта «будуць разгойдваць сітуацыю». І прывёў у прыклад камуністычны Кітай, дзе абраны ў вузкім коле Сі Цзіньпін мае паўнамоцтваў «больш, чым я і Пуцін разам узятыя».
Цяпер такім чынам кіраўнік Беларусі больш пытанне не ставіць, але гэта не азначае, што яно знята. УНС — таксама прыкмета часу — мала адрозніваецца ад з'ездаў КПСС, дружна галасаваць там навучаныя, і не за гарамі яго першае пасяджэнне ў абноўленым складзе.
Так ці інакш, але ўсе апошнія гады ўлада шле грамадству празрысты мэсэдж: выбараў, нават з мінімальнай бачнасцю канкурэнцыі, у Беларусі больш не будзе. І справа тут не толькі ў псіхалагічнай траўме, атрыманай Лукашэнкам у 2020-м, але, мабыць, і ў выразным разуменні, што электаральная большасць яму больш не свеціць.
У 2020-м і раней выбарчыя кампаніі таксама былі далёкія ад дэмакратычных стандартаў. Тым не менш, былі магчымыя вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў, іх выступы на ТБ і правядзенне вулічных пікетаў, праца ўнутры краіны недзяржаўных СМІ і апазіцыйных палітычных партый, свабодны абмен думкамі ў сацсетках і публічных прасторах, адкрытая агітацыя, рэгістрацыя назіральнікаў…
Глядзіце таксама
![Адукацыя і ідэалогія ў школах і ВНУ Асобная думка: Бунт як праява волі](/img/v1/images/_belarus_szkola_adukacyja_ekanomika_fota_novy_czas__7__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Па цяперашніх часах дазвалялася задзірліва шмат, хоць на варце рэжыму непахісна стаялі магутны сілавы апарат, выбарчыя камісіі на чале з Лідзіяй Ярмошынай і ўся выканаўчая вертыкаль.
Сёння той «разгул дэмакратыі» складана нават уявіць. У цяперашняй абстаноўцы складана праводзіць нейкія сацыялагічныя замеры і ўпэўнена гаварыць пра палітычныя перавагі грамадства. Але няма падстаў меркаваць, што пасля ўсяго перажытага грамадствам да Лукашэнкі раптам вернецца былая цвёрдая электаральная большасць.
Значыць, з пункту гледжання кіраўніка такой абстаноўкі больш нельга дапускаць. Трэба працягваць заціскаць шрубы і гайкі, яшчэ больш люта змагацца з ворагамі і апеляваць да слаўнага сацыялістычнага мінулага, у якім так шчасліва жылі нашы бацькі і дзяды.
І пры гэтым — далікатна замоўчваць, што ў тым шчаслівым мінулым на змену замаразкаў прыходзілі то хрушчоўская адліга, то гарбачоўская перабудова. І што ў рэшце рэшт тая эпоха бясслаўна завяршылася праз нежыццяздольнасць палітычнай і эканамічнай мадэлі.