Ці варта Захаду ісці на кантакт з Мінскам?

«Жалезная заслона», якая насоўваецца на Беларусь, гаворыць пра тое, што Захад не настроены размаўляць з Лукашэнкам і яго халуямі. Але, можа быць, такі дыялог мог бы дапамагчы вырашэнню палітычнага крызісу?

Ілюстрацыйная выява: facebook.com/EUinBelarus

Ілюстрацыйная выява: facebook.com/EUinBelarus

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у Захаду не было эфектыўнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі — з кожным годам расла залежнасць краіны ад Масквы і не было рычагоў уплыву на прыняцце стратэгічных рашэнняў у Мінску. Вайна з Украінай яшчэ больш знізіла цікавасць да РБ, якую ўсё часцей разглядаюць як сатэліт Крамля. Ці могуць ЗША і ЕС распрацаваць новую стратэгію і як павінна змяніцца санкцыйная палітыка? Пра гэта гаварылі эксперты падчас дыскусіі, арганізаванай «Берлінскім цэнтрам Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі».

Якія санкцыі і на якіх умовах можна адмяніць

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што галоўнай мэтай новай стратэгіі Захаду павінна быць дэмакратычная Беларусь без дамінавання над ёй Масквы ў ваеннай і палітычнай сферах.

«Такая амбіцыйная мэта будзе мець адчувальныя і доўгатэрміновыя перавагі для ландшафту еўрапейскай бяспекі на фоне перспектывы зацяжной вайны ва Украіне, — цытуе эксперта «Deutsche Welle». — Захад павінен пашырыць падтрымку прадэмакратычнага грамадства, якое паказала свой патэнцыял падчас пратэстаў у 2020 годзе». А каб стымуляваць будучую палітычную мадэрнізацыю краіны, трэба ўстанавіць сувязі паміж беларускімі дэмсіламі і дэмакратычным светам, прызначыць спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі ў Бруселі.

Акрамя таго, на думку аналітыка, варта перагледзець санкцыйную палітыку — абмежаванні павінны быць больш гнуткім інструментам, які можна альбо рабіць больш жорсткімі, каб не дапускаць іх абыходу, альбо хутка аслабляць у тым выпадку, калі цяперашні або наступны ўрад у Мінску будзе праяўляць гатоўнасць ісці на больш сур'ёзныя саступкі дзеля аднаўлення адносінаў з Захадам. «Калі санкцыі можна абысці, у тым ліку з дапамогай трэціх краін, яны не адыгрываюць аніякай ролі і ператвараюцца проста ў бюракратычную працэдуру», — удакладняе эксперт.


Глядзіце таксама

Якімі могуць быць канкрэтныя крокі Захаду? Узмацненне жорсткасці крымінальнай і фінансавай адказнасці для жыхароў заходніх дзяржаў, якія парушаюць санкцыі, пералічвае Шрайбман, паляпшэнне працы па выкрыцці схем абыходу санкцый, рэгулярнае абнаўленне санкцыйных спісаў, уключаючы ў іх фірмы-пасярэднікі і фіктыўных уладальнікаў кампаній, якія раней падвяргаліся санкцыям, увядзенне больш устойлівай і актыўнай праграмы другасных санкцый супраць кампаній у трэціх краінах, якія дапамагаюць абысці існуючыя абмежаванні.

Пры гэтым санкцыі павінны быць палітычным інструментам, а не самамэтай. Сённяшні падыход у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да таго, што рэжым Лукашэнкі проста адаптуецца да новых умоў, так што ніякага эфекту не будзе. Таму ўжо цяпер, працягвае Шрайбман, трэба скласці дарожную карту, у якой будуць пазначаныя крокі па пераадоленні крызісу. Першапачатковым этапам могуць стаць санкцыі, скасаванне якіх будзе спрыяць умацаванню беларускай эканомікі і скарачэнню ўплыву Расіі.

Палітычны аналітык звяртае ўвагу, што сёння чаканыя ад Лукашэнкі саступкі будуць значна большымі, чым у 2008 і 2015 годзе, калі рэжым пад уплывам санкцый пайшоў на лібералізацыю. Пасля 2021 года большая частка гандлю і лагістыкі краіны была пераарыентаваная на Расію, гэта дало ўпэўненасць Лукашэнку, што ён зможа супрацьстаяць нават самым жорсткім абмежаванням. Пасля вайны гатоўнасць Масквы фінансава падтрымаць Мінск толькі ўзрасла — Пуцін і Лукашэнка сталі бліжэйшымі, чым калі-небудзь.


Глядзіце таксама

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра «BEROC» Леў Львоўскі адзначае, што адна з прычын, па якой Пуцін пачаў вайну супраць Украіны, — упэўненасць у тым, што еўрапейскія санкцыі не будуць празмерна жорсткімі, паколькі Еўропа занадта залежная ад расійскага газу і нафты. Яшчэ адна важная праблема — карупцыя ў ЕС, якая таксама дапамагае расійскім уладам знаходзіць выйсце з сітуацыі, нават калі супраць РФ уведзеныя «беспрэцэдэнтныя санкцыі».

Лукашэнку важна бачыць, што шлях на Захад закрыты не назаўсёды

Яшчэ адна істотная праблема — расійская тактычная ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі, адзначаюць экспэрты. «Усе сацапытанні паказваюць, што большасць беларусаў супраць таго, каб у краіне знаходзілася ядзерная зброя. Гэта частка вайны супраць Украіны і супрацьстаяння Расіі з NATO, — тлумачыць Арцём Шрайбман. — Вывад ядзернай зброі павінен стаць неад'емнай часткай будучай пасляваеннай палітыкі бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гэта дасць Мінску больш магчымасцей для манеўру ў знешняй палітыцы».

Як Захаду ставіцца да ваяўнічых заяў кіраўніцтва Беларусі? Львоўскі мяркуе, што, у адрозненне ад Пуціна, Лукашэнка не цешыць сябе надзеямі, што яго войска мацнейшае за NATO. «Нядаўнія выказванні пра тое, што Беларусь рыхтуецца да вайны і ўзмацняе прысутнасць вайскоўцаў на заходніх межах, — пустая размова», — лічыць эксперт.


Глядзіце таксама

Шрайбман дапаўняе, што калі Лукашэнка і пойдзе на правакацыі на мяжы, то не па сваёй ініцыятыве, а пад націскам Масквы, таму трэба больш уважліва сачыць за выказваннямі і дзеяннямі Пуціна.

Эксперты мяркуюць, што Захаду варта захоўваць каналы сувязі з Мінскам, як фармальныя — праз дыппрадстаўніцтвы, так і нефармальныя — праз бізнэс, палітыкаў, былых чыноўнікаў, якія могуць быць пасярэднікам для абодвух бакоў.

«У нас ёсць прыклады, калі палітвязні выходзілі на волю дзякуючы такім кантактам, і гэта не прывяло аўтаматычна да міжнароднай легітымацыі рэжыму Лукашэнкі, — нагадвае Арцём Шрайбман. — У той жа час беларускаму кіраўніцтву важна бачыць, што шлях на Захад закрыты не назаўсёды. У крытычныя моманты гэта можа выглядаць больш прывабным для Мінска, чым саступка яшчэ большай часткі свайго суверэнітэту Крамлю».