Асобная думка: Бунт як праява волі

Прайграўшы ідэалагічную бітву са старэйшымі пакаленнымі, рэжым актыўна ўзяўся за дзяцей. Якіх вынікаў ён даб'ецца сваёй «апрацоўкай»?

_belarus_szkola_adukacyja_ekanomika_fota_novy_czas__7__logo.jpg

Свой першы ўрок у школе я не памятаю — мабыць, ён прайшоў у тумане: я баялася дзяцей, дзеці — мяне, і мы ўзаемна чакалі заканчэння гэтай экзекуцыі. Затое я памятаю шмат іншых урокаў, якія адвяла ў розных класах — і за сябе, і на заменах, памятаю класныя гадзіны, начныя праверкі сшыткаў, нязменны «аўрал» пад канец чвэрці... А вы ведалі, што нават самыя мілыя дзеткі, калі ўзнікае пытанне пра адзнаку за чвэрць, ператвараюцца ў невыносных, нахабных, разбэшчаных, якім павінны «паставіць» толькі таму, што ім так хочацца? 

Адзнака была і застаецца галоўнай. Можа быць, ні яму, ні ёй тая беларуская літаратура ў жыцці не спатрэбіцца, чалавек падрасце, з'едзе ў Штаты і будзе скараць вышыні ў NASA, але пакуль гэтага не здарылася, над імі вісіць адвечны праклён школьнікаў: бацькі, якія чакаюць адзнак.

95% класа так і вучацца — дзеля балаў у дзённіках і атэстатах. Але заўсёды, у кожным класе знойдуцца 1-2 чалавекі, якім гэтага будзе мала. У іх гараць вочы жаданнем ведаць, яны будуць задаваць кучы пытанняў, спрачацца, хацець увагі, у іх будзе сваё меркаванне па любой праблеме, яны прапануюць самае нестандартнае, самае «дарослае» рашэнне — і дзеля іх настаўнікі прыходзяць у клас. З такіх дзяцей вырастаюць Асобы. Такія дзеці цярпець не могуць прымус і абавязалаўку, яны, здольныя крытычна думаць і прагныя да ведаў, пры любой спробе загнаць іх у абцугі ўчыняюць свой маленькі бунт, які мала каму можа спадабацца, але ёсць важным складнікам развіцця: асоба вучыцца не ісці за статкам.


Глядзіце таксама

Здольнасць гэтая — супраціўляцца большасці і адстойваць сваё меркаванне — самае страшнае для любой сістэмы, у якой, як у кліпе «Pinl Floyd», дзеці павінны хадзіць шыхтамі і па камандзе. Бунт — праява волі, а воля — тое, чаго ў беларускага грамадзяніна быць не павінна.

Раней гэта было не так заўважна. Маразм сістэмы адукацыі да 2020 года прагрэсаваў павольна, дазваляючы смелым і вопытным настаўнікам вучыць дзяцей па-свойму. Цяпер жа тармазы знесла канчаткова і беспаваротна, нязручных настаўнікаў «сышлі», з падручнікаў працягваюць выкідаць тое, што можа «разбэсціць» маленькіх грамадзян, якіх вучаць правільна спяваць гімн і браць у палон замежных шпіёнаў. Падазраю, што заяўленая нядаўна «Азбука маральнасці» працягне працу па выхоўванні маўклівага безаблічнага статка.

Яркім асобам, якія заяўляюць пра сябе дастаткова рана і ў школе, і ва ўніверсітэце, патрэбныя прыклады. Патрэбныя тыя, хто будуць падтрымліваць гэтую яркасць і не дадуць ім згаснуць. Тое, што зрабілі са школамі і ВНУ за апошнія некалькі гадоў, — гэта проста катастрофа. Недзе яшчэ «падпольна» застаюцца настаўнікі і выкладчыкі, якія раскажуць дзецям альтэрнатыўную версію гісторыі, пакажуць правільныя кнігі, навучаць чытаць, думаць і разважаць. Але гэта адзінкі. Прыкладаў для пераймання для нашых дзяцей амаль не засталося. Чаму навучыцца сённяшняя моладзь? Фальсіфікаваць выбары?


Глядзіце таксама

Я сама была няпростай студэнткай. Калі мяне прымушалі — я не рабіла. Не хадзіла на пары, дзе студэнтаў не чулі, не чытала тое, што не цікавіла, не дазваляла прыніжаць сябе і іншых. Але калі выкладчык ставіўся да нас з павагай, улічваў наша меркаванне і ўмеў падаць матэрыял так, каб гэта было цікава, я не прапускала ні аднаго занятка, старанна рыхтавалася і была актыўнай у дыскусіях. Мяне не вучылі адпавядаць метадычкам Міністэрства адукацыі і выконваць школьную праграму — мяне вучылі быць сумленнай, неабыякавай, смелай, паводзіцца годна і не чыніць злога. І гэта было самае правільнае, што магла даць мне адукацыя.

Ці ўваходзіць гэта ў абавязкі цяперашніх настаўнікаў і выкладчыкаў? Падазраю, што не. Дзяржаве не патрэбныя тыя, хто маюць сваю галаву на плячах, хто прагнуць волі і ўмеюць рабіць выбар. Рана ці позна яны зноў захочуць ВЫБРАЦЬ, і таму лепш проста цяпер пазбавіць іх гэтага жадання. Навучыць жыць так, як загадалі. Аднастайна, без альтэрнатывы, жаданняў і вобразу будучыні. Застрашыць паказальнымі судамі, экскурсіямі па РАУСах і турмах, каб баяліся і нават не думалі пра правы і законы. 

Чыноўнікі правільна прыдумалі гэтыя свае «азбукі маральнасці». Веды, якімі потым усё жыццё, без жадання правяраць і абвяргаць іх, карыстаюцца дарослыя, закладваюцца менавіта ў базавай школе — 3-4 клас, калі ўсё яшчэ прымаюць на веру, але ўжо вучацца задаваць пытанні. Пакажуць ім падручнікі, у якіх увесь свет агрэсары, а Беларусь і Расія — апошні бастыён духоўнасці, — яны і вырастуць з такімі ведамі. І потым даказвай ім, што Сталін быў крыважэрным забойцам, а сённяшнія два, Лукашэнка і Пуцін, ніякія не святыя.


Глядзіце таксама

Я даволі шмат чытаю пра тое, як жылі людзі пры таталітарных рэжымах, і асабліва — у нацысцкай Германіі. Часта ў мяне перад вачыма стаіць знакаміты здымак, на якім маладзёны паляць кнігі. Не гестапа, не СС, не вермахт — а звычайныя студэнты, «цвет нацыі», ужо апрацаваны прапагандай да ступені беспамяцтва. Гэта быў 1933 год. А колькі з іх, тых, што складалі «чорныя спісы», вымалі кнігі і кідалі ў вогнішча, праз дзесяць гадоў будуць рабіць тое самае з людзьмі?

Вядома, кожны раз згадваць Гітлера — дурны тон, але сённяшняе зло коціцца па той жа дарозе, якую мосціць сабе на будучыню, апрацоўваючы ў школах і ўніверсітэтах новыя пакаленні. Студэнты ўжо атрымалі карт-бланш на подласць і даносяць на выкладчыкаў. Кіраўніцтва школ і ўніверсітэтаў і больш дробныя начальнікі «чысцяць» і прыбіраюць усё, што не супадае з канцэпцыяй лукашэнкаўскай Беларусі (чытай — савецкай, замшэлай, захраслай у калгаснай мінуўшчыне). 

І што далей? Добра, яны выхаваюць «пад сябе» некалькі пакаленняў — можа, нават са шчырай любоўю да чырвона-зялёнага, «традыцыйнымі каштоўнасцямі» і «рускамірскімі» поглядамі. А куды дзяваць гэтых, якія паспелі пабываць за мяжой, ходзяць у «найках» і «адыдасах», карыстаюцца «айфонамі» і ведаюць сапраўдны смак бургера з «МакДональдса»? Усіх за мяжу не выпхнеш і ў турмах не згнаіш. 

Высновы напрошваюцца самі сабой: як ні круці, стрэлкі гадзінніка ўсё адно будуць ісці наперад, пакідаючы тое, што ўжо было, там, дзе яму самае месца — у мінулым. Усе гэтыя «закручванні гаек», ідэалогіі і спробы вырошчваць «дзяржаўных людзей» вырачаныя. Для таго, каб за табой пайшлі дзеці, ты мусіш разумець іх і размаўляць на іх мове, паказваць іх героя, а не прапаноўваць свайго. Кагосьці, можа, і атрымаецца падмануць, але агулам уся гэтая сістэма рассыпецца, калі новыя людзі дарастуць да бунту. І мы яшчэ зможам гэта ўбачыць.