У Расіі дзяцей паставілі на калені ў памяць аб «генацыдзе савецкага народа». Што?
Па ўсёй Расіі ў школах, каледжах і тэхнікумах з 16 красавіка праводзяць флэшмоб «Праз стагоддзі». Падчас акцыі арганізацыі патрабуюць, каб школьнікі і студэнты сталі ў форме пяціканцовай зоркі, у некаторых выпадках навучэнцаў ставяць на калені.
Адным з першых увагу на гэта звярнула выданне «Агенцтва». Флэшмоб прымеркавалі да «Дня адзіных дзеянняў у памяць аб генацыдзе савецкага народа нацыстамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў», які штогод праводзяць у адукацыйных установах Расіі.
Фатаграфіі з флэшмобу з'явіліся ў пабліках ва «УКантакце», а таксама на сайтах навучальных устаноў.
«Агенцтва» піша, што выявіла ў групах школ ва УК больш за 300 фотасправаздач, на якіх дзеці пашыхтаваныя ў форме зоркі. Паводле інфармацыі выдання, у некалькіх дзясятках справаздач дзеці стаяць на каленях, напрыклад, у школах Мардовіі, Чувашыі, Башкартастана, Омскай і Растоўскай абласцей, а таксама анексаванага Крыма.
Пры гэтым у школе № 16 Усолья-Сібірскага ў Іркуцкай вобласці на калені паставілі першакласнікаў. У школе вёскі Екацярынінскае ў Омскай вобласці пяць дзяўчынак паклалі на падлогу ў спартзале ў форме зоркі, а ў школе вёскі Белык у Краснаярскім краі дзяцей пашыхтавалі ў выглядзе літары Z — аднаго з сімвалаў поўнамаштабнага ўварвання войскаў Расіі ва Украіну.
Флэшмоб, а таксама адзіныя ўрокі, прысвечаныя тэме «Генацыд савецкага народа», як адзначае выданне, праводзяць у рамках праекта «Без тэрміну даўнасці», які арганізавалі праўладныя «Агенцтва сацыяльных тэхналогій і камунікацый» і «Ппошукавы рух Расіі». Паводле інфармацыі «Агенцтва», у 2023 годзе на ўроках, прымеркаваных да Дня адзіных дзеянняў, удзельнічалі больш за дзесяць мільёнаў навучэнцаў, але ў папярэднія гады школы не публікавалі справаздачы з такімі шыхтамі дзяцей.
Як адзначае «Медуза», улады РФ некалькі гадоў кажуць пра «генацыд савецкага народа» ў гады Другой сусветнай вайны. Упершыню Уладзімір Пуцін заявіў пра гэта ў ліпені 2020 года, сказаўшы, што «злачынствы нацыстаў і іх паслугачоў — генацыд у дачыненні да народаў Савецкага Саюза — не маюць тэрміну даўнасці». Менш чым праз паўгода пасля выступу Пуціна расійскі суд упершыню прызнаў генацыдам масавыя забойствы ў гады вайны. У кастрычніку 2022 года суд прызнаў блакаду Ленінграда генацыдам.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну па ўсёй Расіі пачалі праводзіць акцыі ў падтрымку расійскіх вайскоўцаў, сімвалам якіх зрабілі літару Z. Да кампаніі прыцягнулі ў тым ліку дзяцей, якіх змушалі выбудоўвацца ў выглядзе гэтай літары.
Ну а ў Беларусі, як мы памятаем, таксама прыдумалі «генацыд» — «генацыд
беларусага наарода». «Амбасадорам» амбітнага праекта з’яўляецца
генпракурор Андрэ Швед. Цікава было б толькі высветліць, ці з’яўялецца «генацыд
беларускага народа» часткай «генацыду савецкага», бо краіна была ж адна. Ці ўсё
ж гэта розныя «генацыды» са сваімі палітыка-прапагандысцкімі мэтамі?