Выпускны строгага рэжыму. «Плэйлісты» пад «татальным кантролем», песні трэба ўзгадняць

Пра тое, што лукашэнкаўская Беларусь наблізілася да таталітарызму, вядома даўно. Вось адна з праяў: улады палезлі кантраляваць музыку на выпускных вечарах у школах. Кажуць, можна тольккі рускамоўных і беларускамоўных, і тое не ўсіх.

imgl0337__1__logo_1_logo.jpg_logo_1_logo_1_logo_1.webp

У некаторых школах 11-класнікаў просяць не выкарыстоўваць песні на замежнай мове падчас выпускных вечароў. Для дыскатэк, якія пройдуць пасля афіцыйнай часткі, такой забароны няма, але ёсць папярэджанне: «Плэйліст будзе пад татальным кантролем». «Люстэрка» даведалася, з чым гэта звязана.

«Але потым кампазіцыю на англійскай браць забаранілі»

— У класе, дзе вучыцца мой сын, на выпускны дзеці рыхтуюць танец. Ён будзе на канцэрце — у афіцыйнай частцы мерапрыемства. Калі хлопцы сталі вызначацца з песняй для нумара, выбралі замежную. Адразу ім казалі, калі пераклад (чытай, сэнс) нармальны, хутчэй за ўсё, праблем не ўзнікне. Але потым кампазіцыю на англійскай браць забаранілі. Чаму? Сказалі: «Палітычныя рознагалоссі». І ўсё, — кажа Наталля, дзіця якой заканчвае адну са школ Гродна. — Пры гэтым выкарыстоўваць замежную музыку без слоў можна, але такі варыянт дзецям не спадабаўся, таму ўзялі рускамоўную. Тут іх зноў жа папярэдзілі: рускія песні таксама можна не ўсё. Як зразумела маё дзіця, забарона тычыцца выканаўцаў, якія асудзілі вайну.

Паводле слоў мамы, на дыскатэцы, якая пройдзе пасля афіцыйнай часткі, замежныя песні ўключаць можна. Аднак плэйліст будзе «пад татальным кантролем».

— Напрыклад, каб не было песень з мацюкамі і гэтак далей, — працягвае суразмоўца. — Кантраляваць гэта будзе завуч.

Сын Валянціны сёлета заканчвае 11-ы клас адной з мінскіх школ. Ім сказалі, што песню на англійскай для танца выкарыстоўваць можна, але яе тэкст трэба перавесці на рускую, раздрукаваць і ўзгадніць з завучам. Па якіх крытэрах педагог павінна сказаць кампазіцыі «так» ці «не», мама не ведае.

— Выпускны ў нас рыхтуе арганізацыя, якая займаецца гэтым афіцыйна. Для плэйліста на дыскатэку яны папрасілі кожнае дзіця прапанаваць па некалькі песень. Замежныя таксама можна, — распавядае суразмоўца. — Пры гэтым арганізатар папрасіла дзяцей моцна не цешыць сябе: плэйліст чакае строгі кантроль. Узгадняць яго будуць у гарвыканкаме.

Паводле слоў мамы, арганізатар папярэдзіла, што існуе нейкі чорны спіс артыстаў. У яго ўваходзяць замежныя выканаўцы, а таксама беларускія і расійскія. Іх творчасць не павінна гучаць на грамадскіх дыскатэках, у караоке, школах. Чые прозвішчы і назвы якіх груп уваходзяць у гэты спіс, яна не сказала.

— Што тычыцца песень на замежнай, у іх не павінна быць нічога пра гвалт, аднаполае каханне, наркотыкі. Не павінна гучаць ні такіх слоў, ні падтэксту ў перакладзе. Інакш кампазіцыю могуць забараніць. Рускамоўных трэкаў гэта таксама тычыцца, — перадае тую гутарку Валянціна. — Як я зразумела са зносін з арганізатарам, плэйлісты кантралююць ужо не першы год. З яе досведу, немалая частка таго, што хочуць дзеці, адсейваецца.

Паводле слоў суразмоўцы, да рэвізіі плэйліста дзеці паставіліся спакойна.

— Калі ім кажуць: «Гэта забаронянка, і не ад мяне залежыць», дзеці «даганяюць», чаму гэта так, і моцна не абураюцца, — дзеліцца назіраннем мама.


Глядзіце таксама

Мінкульт: «Перавага аддаецца рускамоўным і беларускамоўным кампазіцыям»

Журналістка як мама выпускніка звярнулася на гарачую лінію Міністэрства культуры. З пытаннем, ці ёсць агульнае правіла аб тым, якія песні можна выкарыстоўваць на выпускным, ёй падказалі патэлефанаваць ва ўпраўленне дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Мінкульта.

— Тэлефануйце тым, хто вам адмовіў [даведаўшыся, што вы выбралі замежную песню], таму што для нас гэта [нешта], пра што першы раз чую, — адказаў спецыяліст. — Звязвайцеся з упраўленнем або аддзелам культуры таго раёна, на тэрыторыі якога праводзіцца мерапрыемства.

Ён заявіў, што няма «ніякага чорнага спісу» для дыскатэк выпускнікоў пасля афіцыйных мерапрыемстваў, але «калі будуць нейкія нюансы, вас проста падкарэктуюць». Карэкціроўкі, паводле яго слоў, будуць уносіць у мясцовым упраўленні або аддзеле культуры.

Па парадзе спецыяліста Мінкульта журналістка як мама выпускніка патэлефанавала ва ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама. Яна спытала, чаму ў школе не дазволілі паставіць танец на выпускны пад замежную песню і ці ёсць нейкае правіла наконт выбару кампазіцыі.

— Гэта імпартазамяшчэнне. Аддаецца перавага нашым творам. Рускамоўным, беларускамоўным, кампазіцыям беларускіх, рускіх аўтараў, — адказаў спецыяліст аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў.

— Ці ёсць абмежаванні па выбары музыкі для дыскатэкі?

— Па дыскатэках усё не так сур'ёзна, але зноў жа слухайце нашу музыку.

— Ці ёсць нейкія забароны? Ці можна дзесьці гэта паглядзець, каб не было праблем?

— Я вам яшчэ раз скажу, ёсць праграма імпартазамяшчэння, там можна азнаёміцца, пачытаць, там усё выкладзена (у сакавіку 2023-га ў пасланні народу і парламенту Лукашэнка заклікаў да імпартазамяшчэння ў культуры).

— Там жа пра песні, як я разумею, не сказана.

— Там не пра песні, а пра музычныя творы. Вы ж бачыце, што ў свеце дзеецца, Глядзіце навіны. Выразна прапісаных твораў ніякіх няма. Перавага аддаецца рускамоўным і беларускамоўным кампазіцыям.

— З беларускіх і расійскіх выканаўцаў мы можам выбіраць каго заўгодна?

— Выбірайце, калі ласка.

Паводле слоў суразмоўцы, песні для дыскатэкі трэба паказаць завучу па выхаваўчай працы, які «будзе ведаць», якія крытэрыі ёсць да кампазіцый і выканаўцаў.