Пародыя на гітлерюгенд. Што рэжым робіць са школьнай адукацыяй
Беларуская адукацыя ўсё больш і больш мілітарызуецца. Ці атрымаецца ў рэжыму вырасціць сабе падобных?
Адначасова з Расіяй, дзе ў школьную праграму ўносяць змены з упорам на «абарону Радзімы», мілітарызацыю школ праводзяць і ў Беларусі. Пра гэта сведчаць як новаўвядзенні ў навучальнай праграме, так і прыватныя мерапрыемствы, арганізаваныя для дзяцей сілавікамі. «Media IQ» паглядзеў, як гэта падае дзяржаўная прэса на прыкладзе нядаўніх публікацый.
Падобныя матэрыялы перыядычна з'яўляюцца на тэлеканале СТБ. Напрыклад, 31 студзеня ў выпуску навін расказалі пра тое, што «курсанты Ваеннай акадэміі прыехалі ў школу Смалявічаў з шырокай праграмай».
«Вучыцца Радзіму абараняць», — так паднёс навіну вядучы выпуску.
А 23 студзеня тэлеканал паведаміў, што Ваенная акадэмія прымае хлопцаў з Гомельскай вобласці, а ідэя праекта належыць грамадскаму аб'яднанню «Патрыёты Беларусі».
«Самае важнае для нас — каб дзеці ўбачылі, што ахоўваць нашу Радзіму, наш родны край — вельмі складаная праца», — патлумачыла ў сюжэце прадстаўніца грамадскага аб'яднання.
Пра працу сілавікоў у школах часта расказваюць і раённыя выданні. Газета «Маяк» Гомельскага райвыканкама падрабязна напісала пра тое, як мясцовыя школьнікі наведвалі з экскурсіяй абласное ўпраўленне Следчага камітэта. У публікацыі прапагандуецца праца следчага, якая «шматгранная і шматвектарная, і гэтым яна цікавая».
А лельчыцкая газета «Светлае жыццё» паведаміла пра рэалізацыю праграмы «Юныя патрыёты» на базе мясцовай гімназіі. У матэрыяле сцвярджаецца, што «атрыманыя навыкі спатрэбяцца кожнаму ў далейшым жыцці, загартуюць характар, зробяць мацнейшымі». Гэтыя навыкі гімназісты павінны атрымаць ад засваення асноў вайсковай і медыцынскай падрыхтоўкі, вывучэння агульнавайсковых статутаў Узброеных сіл Беларусі, ідэалогіі беларускай дзяржавы — гаворыцца ў публікацыі.
Акрамя таго, дзяржмедыя шырока асвятлілі ўвядзенне ў беларускіх школах новага «патрыятычнага факультатыва», які называецца «Мая Айчына». Задачамі факультатыва названа «пашырэнне ведаў вучняў пра асаблівасці гістарычнага развіцця Рэспублікі Беларусь і жыцця беларускага народа, а таксама фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі».
«Па выніках факультатыва ў школьнікаў будзе сфармавана каштоўнаснае стаўленне да Радзімы, павага да нацыянальнай спадчыны, культуры і традыцый. Яны будуць мець уяўленні пра паняцці "Радзіма", "Айчына", "сімвалы дзяржаўнасці", "дзяржаўная ўлада" і іншыя, а таксама талерантна ставіцца да іншых нацыянальнасцей», — напісала мазырская газета «Жыццё Палесся».
Таксама ўдакладняецца, што ў рамках факультатыва запланаваны экскурсіі для школьнікаў, у тым ліку — на «Лінію Сталіна».
Акрамя таго, «Позірк» паведамляў, што ў школах Беларусі з'явіцца факультатыў па вайсковым перакладзе. У рамках гэтага факультатыва засяродзяцца на вывучэнні англійскай мовы, будуць вывучаць структуру Узброеных сіл Вялікабрытаніі і ЗША, рэгулярных войскаў і рэзервовых фарміраванняў, родаў войскаў і службы названых армій. Школьнікі азнаёмяцца з тэмай допыту ваеннапалонных, навучацца чытаць і расшыфроўваць ваенна-тапаграфічныя карты, складаць загады і іншыя баявыя дакументы (данясенні, зводкі).
Мілітарызацыю — як адну са значных праблем беларускай сістэмы адукацыі — адзначала ў каментары «Позірку» экспертка Святлана Мацкевіч. Яна мяркуе, што ў 2024 годзе «ўмоўная стабільнасць, пры якой уся сістэма адукацыі накрытая каўпаком ідэалагізацыі і мілітарызацыі, захаваецца».
Тэндэнцыю да мілітарызацыі адукацыі ў Беларусі, асабліва сярод моладзі і дзяцей, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі называе трывожнай. Са спасылкай на інфармацыю «Міжнароднага саюза міру» (IFOR) ён адзначыў, што дзясяткі тысяч беларускіх дзяцей праходзяць навучанне ў мілітарызаваных патрыятычных лагерах у летні перыяд, дзе іх з самага ранняга ўзросту (ад 6 гадоў!) знаёмяць з агнястрэльнай зброяй — такія мерапрыемствы праводзяцца пад патранажам міністэрстваў абароны, унутраных спраў і надзвычайных сітуацый.
«Гэтая мілітарызацыя адукацыі ў Беларусі ўяўляе сабой частку больш шырокай ідэалагічнай працы і прапаганды, накіраванай на выхаванне лаяльнасці да дзяржаўнай улады і падрыхтоўку моладзі да ваенных дзеянняў. Яна можа мець доўгатэрміновыя наступствы для грамадства, уключаючы магчымае ўзмацненне агрэсіўных і мілітарыстычных перакананняў сярод маладога пакалення. У іх выхоўваецца безумоўнае прыняцце аўтарытэту начальнікаў, дысцыпліны, абгрунтоўваецца ролевая мадэль, у якой герой аддае жыццё за сваю краіну, і адначасова — пагарда да дэмакратычных інстытутаў, мірнага вырашэння канфліктаў, часам — ксенафобія», — падкрэсліў эксперт.
Ён дадаў, што бацькі і грамадзянская супольнасць могуць супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі, забяспечваючы дзецям доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, развіваючы ў іх крытычнае мысленне і дапамагаючы ім бачыць розныя пункты гледжання на гісторыю і палітыку:
«Важна таксама мець зносіны з дзецьмі і падлеткамі, абмяркоўваць з імі іх погляды і амбіцыі, каб яны маглі самастойна фармаваць свой светапогляд, не падвяргаючыся ўплыву дзяржаўнай прапаганды і мілітарысцкай ідэалогіі».