Шмат маніпуляцый і хлусні: Як цяпер «рэкамендуюць» вучыць гісторыю ў школах
У пераважнай большасці сярод рэкамендацый улады, як цяпер вывучаць гісторыю — маніпуляцыя фактамі ці нават адкрытая хлусня.
11 верасня ў сталічныя школы прыйшоў інфармацыйны ліст Мінадукацыі. Ён утрымлівае рэкамендацыі (фактычна ўказанні), якія акцэнты неабходна зрабіць у выкладанні гісторыі, беларускай літаратуры, геаграфіі і грамадазнаўства.
«Люстэрку» ўдалося азнаёміцца з гэтымі дакументамі — і асобна хочацца спыніцца менавіта на гісторыі.
Гэты раздзел аўтары дзеляць на восем пунктаў і наўпрост заяўляюць, што «ацэнка гістарычных падзей і гістарычных асоб мусіць адпавядаць прынцыпам гістарычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь».
«Люстэрка» прачытала іх усе і зрабіла несуцяшальную выснову: у пераважнай большасці аўтары маніпулююць фактамі ці нават адкрыта хлусяць. Расказваем падрабязней, якую скажоную версію рэчаіснасці будуць распаўсюджваць у школах.
Канстытуцыя 3 траўня і Тадэвуш Касцюшка
Пункт першы. «Уніяцкая царква на беларускіх землях адыграла вялікую ролю ў захаванні беларускай мовы, але ў XVIII ст. пачаўся працэс паланізацыі набажэнства ва ўніяцкай царкве, а ў 1696 годзе польская мова зацвердзілася ў якасці адзінай дзяржаўнай у ВКЛ», — адзначаюць аўтары дакумента.
Мабыць, гэта адзіны пункт, з якім цалкам можна пагадзіцца. Высокая ацэнка ўніяцкай царквы адпавядае рэчаіснасці. Што да 1696-га, то з таго часу дзяржаўныя дакументы ў ВКЛ пачалі пісацца на польскай і лацінскай мовах. Але другая мова была мёртвай, таму першую можна лічыць дзяржаўнай. У гісторыі Беларусі гэта падзея са знакам «мінус» і праява паланізацыі.
Другі пункт. «Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. канчаткова ліквідавала суверэнітэт ВКЛ і замацоўвала статус Рэчы Паспалітай (федэрацыі, якая складаецца з Польшчы і ВКЛ. — Заўв. рэд.) як унітарнай польскай дзяржавы», — пішуць аўтары. Але гэта не так.
Спробы ўніфікаваць дзве часткі федэрацыі сапраўды рабіліся. У канцы 1780-х былі створаныя агульнадзяржаўныя камісіі войскаў, паліцыі, замежных справаў, казны і іншых службаў. Палякі дакладна вялі працэс да ўсеагульнай уніфікацыі. У модзе быў падзел РП на «тры правінцыі»: Вялікапольшчу, Малапольшчу і ВКЛ. У такім выпадку нашая тэрыторыя ўяўляла сабой толькі трэцюю частку дзяржавы — адпаведна, магла быць прадстаўленая ў агульных органах у той жа прапорцыі. А значыць, палякі пры жаданні маглі вырашаць усе пытанні самастойна.
У Канстытуцыі адносіны Польшчы і ВКЛ ніяк не разглядаліся. Але 22 кастрычніка таго ж 1791 года былі прынятыя «ўзаемныя гарантыі абодвух народаў». У іх нашыя продкі змаглі дамагчыся таго, каб яны і палякі ўсё ж былі прадстаўленыя ў органах кіравання пароўну. Гарантыі «не проста захоўвалі унію [паміж дзвюма краінамі], але пераводзілі яе на якасна новы ўзровень: ад сістэмы дуалізму, г. зн. раздваення дзяржаўных інстытутаў, да сістэмы роўнага прадстаўніцтва ў агульных камісіях», — пісаў гісторык Цімафей Акудовіч.
Пункт трэці. «Тадэвуш Касцюшка — патрыёт Польшчы, яго мэта — адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года. Беларусам параза паўстання Касцюшкі і падзелы Рэчы Паспалітай дазволілі захавацца як народу», — сцвярджае Мінадукацыі.
Мэтай паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі сапраўды было аднаўленне Рэчы Паспалітай. А вось з астатнім усё нашмат больш неадназначна. Ці быў Касцюшка патрыётам Польшчы? Часткова так. Але Тадэвуш, як многія іншыя яго суайчыннікі (напрыклад, паэт Адам Міцкевіч), былі патрыётамі ўсёй дзяржавы, Рэчы Паспалітай. Але Польшча не роўная Рэчы Паспалітай. Касцюшка і яго аднадумцы належалі адначасова некалькім культурам — беларускай, польскай і літоўскай, на аснове якіх фармавалася іх свядомасць, але пры гэтым называлі сябе ліцвінамі і памяталі пра сваё паходжанне (назва «Беларусь» тады яшчэ не замацавалася за тэрыторыяй нашай краіны). «Нарадзіўся я ліцвінам… смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі…» — пісаў Касцюшка расійскаму імператару Аляксандру I.
Асабліва спрэчная тая гіпотэза, што падзелы РП дазволілі беларусам захавацца як народу. Сапраўды, беларусы пазбеглі паланізацыі, але сутыкнуліся з яшчэ больш магутнай русіфікацыяй (падрабязней пра гэта ніжэй). Так, фармаванне беларускай нацыі адбылося падчас яе знаходжання ў Расійскай імперыі. Але з той самай імавернасцю гэта магло адбыцца ў Рэчы Паспалітай. Бо, паводле рашэння 1791 года, эліта ВКЛ мусіла быць прадстаўленая ў органах улады пароўну з палякамі.
Вайна не Айчынная, а хутчэй Грамадзянская
Пункт чацвёрты. «Вайна 1812 года была Айчыннай для Беларусі; у складзе напалеонаўскай арміі ваявалі прадстаўнікі шляхты з тэрыторыі Беларусі, якія марылі пра аднаўленне Рэчы Паспалітай», — адзначаюць аўтары інфармацыйнага ліста. І зноў кажуць няпраўду.
Пра «Айчынную вайну 1812 года» пісалі ў савецкіх падручніках па гісторыі. Гэтая ж характарыстыка захавалася ў расійскіх выданнях. Але для Беларусі яна наогул мела характар грамадзянскай: грамадства аказалася расколатым.
Як пісала гісторык Юлія Літвіноўская (аўтарка кандыдацкай дысертацыі «Беларусь і вайна 1812 года: сацыяльна-эканамічны аспект»), ураджэнцаў Беларусі на службе ў Напалеона налічвалася не менш за 50 тысяч (сярод іх былі як вайскоўцы, так і цывільныя). Гэта абсалютна лагічна: усяго за 17 гадоў да гэтай вайны, у 1795 годзе, Расія ўзяла ўдзел у трэцім падзеле Рэчы Паспалітай, па выніках якога беларускія землі трапілі ў яе склад. Расійская імперыя ўспрымалася нашымі продкамі як захопнік. Значная частка мясцовай эліты марыла пра аднаўленне незалежнасці. Часткова гэтыя планы апраўдаліся. Напалеон стварыў Камісію часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага — здавалася, мары спраўджваюцца.
У той жа час у 2-й і 3-й расійскай арміях, паводле падлікаў Літвіноўскай, служыла да 32 тысяч ураджэнцаў беларускіх земляў.
У абодвух выпадках у шэрагах ваявалі былі тыя, хто пайшоў на службу ідэйна, бо лічылі, што абараняюць радзіму. Але таксама і тыя, хто стаў ахвярай мабілізацыі ці баяўся страціць сваю маёмасць. Беларусы, якія трапілі ў шэрагі дзвюх армій, змагаліся адно супраць аднаго на беларускай жа зямлі. Напрыклад, у бітвах за Полацк летам і восенню 1812-га (расійскія войскі тады прыкрывалі дарогу на Санкт-Пецярбург,) а таксама пры Барадзіно.
Дарэчы, фраза «ў складзе напалеонаўскай арміі ваявалі прадстаўнікі шляхты з тэрыторыі Беларусі, якія марылі пра аднаўленне Рэчы Паспалітай» адпавядае рэчаіснасці, але выдраная з кантэксту.
Да прыкладу, расійскага імператара Аляксандра I падтрымаў дзяржаўны дзеяч і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі (той самы аўтар паланэза «Развітанне з Радзімай») — за год да вайны ён прапанаваў «план Агінскага», які прадугледжваў адраджэнне ВКЛ (праўда, не як часткі Рэчы Паспалітай, а як часткі Расійскай імперыі). То-бок ён прапаноўваў часткова тое, на што разлічвалі жыхары Беларусі пад уладай Напалеона. Вось толькі гэты праект не быў рэалізаваны. Зрэшты, і і Часовая камісія не атрымала рэальнай улады: яе кантралявала французская адміністрацыя, а таму ведамства больш займалася зборам фуражу для войскаў Напалеона, чым справамі па ўладкаванні краіны.
Атрымліваецца, марыць пра адраджэнне ВКЛ у складзе РП — дрэнна. А вось у складзе Расійскай імперыі — іншая рэч. Так што падчас вайны беларусы трапілі паміж молатам і кавадлам. Ні пра якую Айчынную вайну казаць не даводзіцца.
Каліноўскі: барацьба за Беларусь, а не за Польшчу, і ніякага закліку да тэрору
Пяройдзем да наступных тэзісаў. Пункт пяты: «Паўстанні 1830−1831 і 1863−1864 гадоў былі скіраваныя на адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года». І пункт шосты: «Кастусь Каліноўскі змагаўся за адраджэнне Рэчы Паспалітай. „Мужыцкая праўда“ ўтрымлівала заклікі да тэрору супраць расійскіх уладаў і іх прыхільнікаў. Мэтай выдання было ўцягванне беларускіх сялян у барацьбу за польскія інтарэсы».
Паўстанні былі сапраўды скіраваныя на аднаўленне Рэчы Паспалітай. Фармальна тэзіс правільны. Але частка паўстанцаў (у тым ліку і Кастусь), выступала за будучую федэрацыю і прызнавала правы беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў на самавызначэнне. Так што тэзіс не ўлічвае гэтай акалічнасці. Пра гэта нічога не гаворыцца.
Каліноўскі настойваў, каб адносіны нашага народа з Варшавай будаваліся на раўнапраўі і суверэннасці. Акрамя таго, ён быў гатовы пераразмеркаваць паміж сялянамі землі шляхты. Незразумела, пра якія польскія інтарэсы ў гэтым выпадку пішуць складальнікі дакумента.
Сімвалічны пароль паўстанцаў: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!». Прапагандысцкія сайты называлі яго міфам. Тым не менш у 2013 годзе ў «Беларускім гістарычным часопісе» былі апублікаваныя арыгіналы паказанняў Вітольда Парфіяновіча, які здрадзіў Каліноўскаму. У іх згадваўся гэты пароль, які сведчыў, што паўстанцы змагаліся менавіта за Беларусь, а не за Польшчу.
Цяпер пра тэрор. Пад гэтым тэрмінам разумеюць «застрашванне сваіх палітычных праціўнікаў, якое выяўляецца ў фізічным гвалце, аж да знішчэння». Прычым, гаворка ідзе менавіта пра масавую з’яву (напрыклад, «чырвоны» і «белы тэрор» падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі). Ці ёсць заклікі да яго ў Каліноўскага? Усе нумары яго легендарнай «Мужыцкай праўды» даступныя ў інтэрнэце. Прааналізаваўшы іх, мы знайшлі некалькі заклікаў да актыўных дзеянняў.
У нумары 2: «Трэба ўсім ісці на вайну проціў маскаля. А то для таго, каб хутчэй прагнаць маскаля з яго сабачым рондам (урадам. — Заўв. рэд.), і каб ніколі, ніякай нікому мужыкі паншчыны не служылі і ніякага ў казну аброку не плацілі, і каб на век вякоў народ наш быў вольны і шчаслівы» (тут і далей цытуем з захаваннем арыгіналу).
У нумары 4: «Дзяры з нас, цар, дзярэце з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры, но памятайце, што і на нас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца!!!»
У нумары 5: «За мужыцкую крыўду стойце смела, усе разам, і калі хто захоча крыўдзіць вас, выцягаці рэкрута, то хто бы ён ні быў, чы то старшына, чы акружны, чы хоць сам губэрнатар, то вы яго таўчэце мужыцкаю рукою, а будзе вольнасць і рэкрута не будзе, і Бог нам дапаможа! Так, дзецюкі, па дабросці да ладу не дойдзем!»
І ў нумары 7: «А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі да з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды — а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагці будзем да ўведамляць, адкуль на ніх цягне нячыста маскоўска сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца».
Цытаты з другога і сёмага нумароў — заклікі да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. З чацвёртага — пагроза тым, што людзі могуць адпомсціць. Але і слова «таўчэце» ніяк не цягне на заклік да тэрору. Гэта хутчэй заклік да дзеянняў у адказ.
Расійская імперыя — «турма народаў»
«Перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі адыграў вялікую ролю ў афармленні нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Уключэнне беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі стала вырашальным фактарам, які дазволіў спыніць паланізацыю беларусаў, садзейнічаў адраджэнню і развіццю нацыянальна-духоўных традыцый», — гаворыцца ў дакуменце (пункт сёмы). Гэта цяпер агульнапрызнанае афіцыйнае меркаванне. Напрыклад, гісторык-прапагандыст Вячаслаў Даніловічдагаварыўся да таго, што «Расійская імперыя, у адрозненне ад каланіяльных імперый Захаду, пры ўсіх сваіх недахопах імкнулася не выпампоўваць сродкі з падуладных тэрыторый, а развіваць іх сацыяльна-эканамічны і духоўна-культурны патэнцыял».
У рэальнасці для беларусаў час у Расійскай імперыі стаў перыядам рэпрэсій і ціску. Так, была спыненая паланізацыя. Але пры гэтым Пецярбург гвалтоўна ліквідаваў уніяцтва (рэлігійны кірунак, у якім праваслаўныя, захаваўшы свае абрады, прызналі ўладу папы рымскага). У канцы XVІІІ стагоддзя да яго належала большасць насельніцтва сучаснай Беларусі.
Быў закрыты Віленскі ўніверсітэт (1832), а затым — Горы-Горацкі земляробчы інстытут (1864), пасля чаго ў Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Да пачатку XX стагоддзя не было ніводнай школы з выкладаннем на беларускай. Да таго ж часу забаранялася друкаванне кніг на роднай мове на лацінцы. А пераважная большасць кніг на кірыліцы не прапускала цэнзура. У афіцыйных дакументах Беларусь называлася «Паўночна-Заходнім краем», адмаўлялася існаванне беларусаў як асобнага народа.
Няма ніякіх падставаў казаць пра «адраджэнне і развіццё нацыянальна-духоўных традыцый». Наадварот, Расія выпампоўвала рэсурсы з нашай тэрыторыі, не даючы ёй развівацца. Так што вызначэнне Уладзіміра Леніна, які назваў Расію «турмой народаў», больш чым справядлівае.
Рэпрэсіі і Галадамор — «перспектыва» і «сэнс жыцця»
Фразу з інфармацыйнага ліста пра жыццё ў міжваеннай Беларусі варта працытаваць цалкам (пункт восьмы): «Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1930-я гады было надзвычай складаным і разнастайным. Будаўніцтва сацыялістычнай сістэмы адкрыла перспектыву і сэнс жыцця для шырокіх народных мас. У грамадскай свядомасці падтрымліваліся і ўмацоўваліся „пачуццё адзінай сям'і“, глыбокія патрыятычныя перакананні, жаданне пабудаваць сучаснае грамадства. Разам з тым мелі месца скажэнне прынцыпаў справядлівасці і законнасці ва ўмовах ажыццяўлення палітычных рэпрэсій».
Рэпрэсіі згаданыя, але паглядзіце на суадносіны тэзісаў у тэксце: у пазітыўным сэнсе прадстаўленая інфармацыя ў трох сказах, у негатыўным — у адным. Большую ступень цынізму ўявіць немагчыма. У 1930-я гады, названыя «разнастайным перыядам», здарыліся:
- калектывізацыя 1929−1933 гадоў — пераўтварэнне дробных аднаасобных сялянскіх гаспадарак у буйныя грамадскія. У выніку гэтага працэсу былі створаныя калгасы, куды сілком зганялі сялян, забіраючы ў іх маёмасць, а нязгодных высылалі. Усяго па Беларусі раскулачылі 350 тысяч чалавек, з іх 50 тысяч сялян загінулі.
- масавы голад пачатку 1930-х, вядомы як Галадамор. Ён стаў адным з наступстваў калектывізацыі. У 2013-м было прэзентаванае даследаванне ўкраінскага Інстытута дэмаграфіі і сацыяльных даследаванняў, якое абапіралася на статыстычныя дадзеныя і сучасныя метады дэмаграфічнага статыстычнага аналізу. У адпаведнасці з ім, у Беларусі ад голаду памерла 67,6 тысячы чалавек.
- масавыя рэпрэсіі. Вылучаць ахвяры выключна 1930-х складана, бо камуністычны тэрор пачаўся адразу пасля канчатковага ўсталявання ўлады бальшавікоў і не спыняўся ўвесь час. Яго пік прыпадае на 1937-ы, рэпрэсіі ж ішлі ў 1923−1953 гадах. Беларускі гісторык Уладзімір Адамушка ў сваёй кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20−50-х гадоў на Беларусі» сцвярджаў, што ў гэты перыяд рэпрэсавалі не менш за 600 тысяч беларусаў. Ацэнкі расійскага даследчыка Вадзіма Эрліхмана яшчэ вышэйшыя: 910 тысяч чалавек (230 тысяч загінулі).
Як гэтыя факты суадносяцца з «адкрыццём перспектывы і сэнсу жыцця для шырокіх народных мас», аўтары не тлумачаць.
Мэта: памятаць пра Усебеларускі сход
У 11 класе беларускія школьнікі на ўроках айчыннай гісторыі цяпер павінныя вывучаць тры дадатковыя пытанні: прэзідэнцкія выбары 2020 года, рэферэндум 27 лютага 2022, а таксама Усебеларускі народны сход.
У пералік датаў, абавязковых для запамінання, уключаныя 27 лютага і 15 сакавіка 2022 года. Першую мы патлумачылі вышэй. З другой давялося пакапацца. Аказалася, што менавіта ў гэты дзень змены і дапаўненні, зацверджаныя на рэферэндуме, уступілі ў сілу.
Вучні мусяць ведаць азначэнне паняцця «Усебеларускі народны сход». Настаўнікі павінныя звяртаць іх увагу на «абнаўленне асобных элементаў дзяржаўнай сімволікі, якое адбылося ў 2014 годзе». Магчыма, стваральнікі рэкамендацый прамахнуліся на два гады. У 2012-м у дызайн дзяржаўнага герба ўнеслі змены: каласкі сталі даўжэйшымі, змяніўся колер зямнога шара і шрыфт. Таксама памяняўся арнамент дзяржаўнага сцяга: узораў на гранях ромбаў стала менш, а злева з’явілася чырвоная паласа. Наколькі гэта важная інфармацыя — рытарычнае пытанне.
Удзел Беларусі ў агрэсіі ў дачыненні да Украіны прапануецца апраўдваць у чацвёртым класе, у курсе «Мая Радзіма — Беларусь». Як адзначаюць аўтары інфармацыйнага ліста, «пытанні знешняй палітыкі <…> неабходна трактаваць з улікам новай Канстытуцыі <…>: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаваў».
І ў заключэнні хочам звярнуць вашую ўвагу не некалькі рэкамендацый, звязаных з грамадазнаўствам.
«На думку беларускіх даследчыкаў, усходнеславянскія народы дзякуючы захаванню імкнення да духоўна-каштоўнаснага стаўлення да рэальнасці і натурфіласофскага арганіцызму як сувымернасці прыродзе могуць стаць ініцыятарамі новага цывілізацыйнага павароту», — пішуць аўтары.
Арганіцызм — гэта метадалагічны прынцып, у адпаведнасці з якім тыя ці іншыя сацыяльныя феномены разглядаюцца па аналогіі са з’явамі жывой прыроды. Атрымліваецца, што менавіта ўсходнеславянскія народы захавалі «натурфіласфскі арганіцызм»? Але як у іх гэта атрымалася, так і не зразумела. Як і тое, якім чынам, яны збіраюцца здзейсніць цывілізацыйны паварот. Тым больш што да гэтых народаў адносяцца беларусы, украінцы і рускія — апошнія вядуць агрэсіўную вайну ў дачыненні да другіх. Гэты канфлікт можна лічыць паваротам толькі ў якасці вяртання да XIX — першай паловы XX стагоддзя. Тады паняцце непарушнасці межаў адсутнічала.
«Знаходзячыся ў складзе ўсходнеславянскай цывілізацыі, беларуская культура мае сваю спецыфіку, — працягваюць аўтары рэкамендацый. — Асаблівасці беларускай культуры заключаюцца ў паважлівым стаўленні і прызнанні іншасці (адрознення, неаднолькавасці, непадобнасці. — Заўв. рэд.), верацярпімасці, калектыўнай працы на аснове ўзаемадапамогі (спецыфічнай формай выступае талака як сумесная праца або калектыўная дапамога ў гаспадарчай рабоце), важнасці асабістых асабістых адносін паміж людзьмі».
Але ніякай павагі да іншасці ў сучаснай Беларусі няма. Напрыклад, з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры якраз прымаюцца меры па распрацоўцы законапраекта аб адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных адносін. Верацярпімасць і калектыўная праца — далёка не ўнікальныя беларускія рысы. Калектыўную працу можна знайсці і ў іншых славянскіх народаў. Так што займаючыся пошукам унікальных беларускіх рысаў, распрацоўшчыкі рэкамендацый хутчэй выдаюць жаданае за сапраўднае.