Сяргей Навумчык: Міласэрнасьць — якасьць, Лукашэнку не ўласьцівая
Сяргей Навумчык падзяліўся рэалістычнымі высновамі наконт вызваленьня палітвязьняў і будучыні нашай краіны.
Сргей Навумчык: У мяне вялікія сумневы наконт аптымізму некаторых аглядальнікаў, якія прагназуюць вызваленьне пэўных «знакавых» палітвязьняў, прычым бачаць у гэтым «сігнал» Лукашэнкі Захаду.
Добра (сапраўды добра), калі вызваленых будзе хоць дзесяць чалавек; вядомых — адзін-два. Міласэрднасьць — якасьць, Лукашэнку не ўласьцівая.
Ня будзе і ніякага зьмякчэньня ў бок Захаду — бо калі ў тэме палітвязьняў Лукашэнка яшчэ мае пэўную аўтаномію, міжнародная лінія цалкам вызначаецца Масквой.
Пуцін рыхтуецца да нападу на Эўропу, гэта шматэтапны працэс, і тэрыторыі РБ у ім адведзеная асобная роля.
Роля палігону, з цалкам падкантрольным прарасейскім насельніцтвам. І — каб ніякага, нават самага мінімума нацыянальнай ды грамадзкай актыўнасьці.
І гэта — яшчэ адна (прычым галоўная) прычына, чаму рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца.
Прабачце, што не аптымістычна. Увосень 2020-га я казаў, што дыктатура надоўга, што трэба сыходзіць з гэтага, плянуючы сваё жыцьцё (асабліва ў эміграцыі), памятаю, якія папрокі гучалі («Вы ня верыце ў нашу перамогу!»).
Якраз я верыў у перамогу, веру і цяпер. Але — вельмі няхуткую».
Нагадаем, Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Дакумент ужо набыў моц, ён апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Амністыя не распаўсюджваецца на тых, хто ўключаны ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», а таксама на тых, каго прызналі «злоснымі парушальнікамі парадку» падчас адбывання пакарання.
Акрамя таго, амніставаць не будуць тых, хто здзейсніў злачынствы па шэрагу «палітычных» артыкулаў: аб масавых беспарадках (артыкул 293 КК), аб грубым парушэнні парадку (артыкул 342 КК), аб распальванні варожасці (артыкул 130 КК), аб дзяржздрадзе (артыкул 356 КК), аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК), аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-4 КК), аб абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК).